Як навучыцца сучаснаму мастацтву. Арт-група «1+1=1» стварыла курс для беларусаў

Беларускія мастакі Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава запрашаюць іншых мастакоў, куратараў і ўсіх, хто цікавіцца сучасным мастацтвам, на бесплатны адукацыйны курс «Майстэрня 1+1=1. Сучасныя мастацкія практыкі: ад каляжу да акцыянізму», піша «Радыё Свабода».

Michaił Hulin i Antanina Słabodčykava

«Мы перш за ўсё для беларусаў»

Курс доўжыцца 3 месяцы і ўключае 12 онлайн-заняткаў (раз на тыдзень па 60 хвілін), 4 інтэрвію з запрошанымі экспэртамі ў сфэры культуры, кансультацыі, фінальную онлайн-выставу працаў.

«Праграма пабудаваная вакол мастацкіх мэдыюмаў і ахоплівае кірункі, рэдка прадстаўленыя ў клясычнай адукацыі: рэды-мэйд, каляж, інсталяцыя, пэрформанс, канцэптуальнае мастацтва, куратарскія практыкі ды іншае. Асаблівую ўвагу будзем надаваць пошуку індывідуальнай мастацкай мовы і разуменьню актуальнага арт-кантэксту», — тлумачыць Міхаіл Гулін. І дадае, што заняткі будуць цалкам бясплатнымі.

«Мы перш за ўсё шукалі сродкі, каб зрабіць гэты курс бясплатным для беларусаў у краіне. Трэба толькі запоўніць Google-форму да 20 сьнежня», — кажа мастак.

Цягам навучаньня ўдзельнікі будуць працаваць над уласнымі праектамі пад кіраўніцтвам мастакоў зь міжнародным досьведам, фармуючы прафэсійныя сувязі ўнутры Беларусі і на міжнародным узроўні.

Хто такія арганізатары праекту

Арт-групу «1+1=1» заснавалі мастакі Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава ў Менску ў 2005 годзе. Творцы працуюць з інсталяцыямі, пэрформансам, публічнымі акцыямі.

Vis-a-Vis. Skulptury «Suviaź». 2009
Vis-a-Vis. Скульптуры «Сувязь». 2009. Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Менск


Сярод ключавых праектаў можна адзначыць наступныя:

«1+1=1», Музэй сучаснага мастацтва, Менск (2005)

Акцыя «Перайменаваньне вуліцы», Менск (2005)

«Vis-à-Vis», Галерэя «Ў», Менск (2010)

Інтэрвэнцыя «Inside-Outside», завод «Гарызонт», Менск (2012)

Фэстывалі і лэнд-арт-праекты ў Літве (2016–2017)

«Кожны дзень падобны да папярэдняга», Міжнародны цэнтар пэрформансу HAU, Бэрлін (2022)

«Кавярня Беларусь 2. Комплекс Касандры», Японскі палац, Дрэздэн (2023)

Цяпер беларускія мастакі жывуць і працуюць у Бэрліне.

Міхаіл Гулін — мастак, першапраходзец у новым беларускім акцыянізьме, куратар выстаўных праектаў, пэрформэр. Нарадзіўся ў Гомлі. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (БДАМ). Удзельнік Вэнэцыянскага біенале (2005 год), Маскоўскага біенале сучаснага мастацтва (2015 год). У 2015 годзе італьянскі рэжысэр Люіджы Мілярдзі зьняў пра Міхаіла Гуліна дакумэнтальны фільм «Made in BY»

Антаніна Слабодчыкава — мастачка. Нарадзілася ў Менску, выпускніца БДАМ. Працуе ў жывапісе, графіцы, інсталяцыі. Удзельніца групы «1+1=1» у мастацкім дуэце разам зь Мiхаiлам Гулiным. Аўтарка знакамітага сымбалю трыюмвірату (Марыі Калесьнікавай, Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы («сэрцайка», «сьціснуты кулак» і «вікторыя-перамога»).