«Мы хочам, каб і тут сталыя беларусы таксама жылі напоўніцу». Вітаўт і Лана Руднік пра Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы

У гэтыя дні ў Польшчы запускаецца адукацыйна-інтэграцыйная праграма для беларусаў сталага ўзросту. Пра асаблівасці працы са старэйшымі людзьмі, планы на будучыню і гісторыю паўстання Універсітэта Залатога Веку даведаліся ў яго заснавальнікаў Вітаўта і Ланы Руднік.

Akademija lideraŭ Univiersitetu Załatoha Vieku
Акадэмія лідэраў Універсітэту Залатога Веку (Варшава, жнівень)

— Раскажыце, калі ласка, што такое Універсітэт Залатога Веку і якая яго асноўная місія?

Вітаўт: Давайце пачнём з гісторыі. Першы такі ўніверсітэт быў створаны ў 1972 г. у Францыі, у горадзе Тулузе. Пасля гэтая канцэпцыя пачала пашырацца па ўсім свеце, перш за ўсё па Еўропе. У 1975 годзе першы такі ўніверсітэт з’явіўся ў Польшчы. Сёння тут працуюць каля 700 такіх універсітэтаў.

Калі казаць пра місію ўніверсітэта, то яна звычайна фармулюецца як інтэлектуальная, фізічная, сацыяльная актывізацыя сталых людзей. Гэта пляцоўкі, дзе людзі старэйшага ўзросту маюць магчымасць атрымліваць карысныя для сябе веды і ўменні, маюць магчымасць падтрымліваць і паляпшаць сваё здароўе. Таксама ўніверсітэт дапамагае быць сацыяльна актыўнымі, удзельнічаць у жыцці грамадства, ствараць і рэалізоўваць уласныя праекты.

Лана: Асабіста я, доўгі час працуючы дырэктаркай Універсітэта Залатога Веку ў Гародні, усё больш усведамляла, што наш універсітэт — гэта права чалавека на атрыманне адукацыі ў любым узросце, права на сацыялізацыю ў любым узросце. Таму што ў нас у грамадстве пенсіянераў часта ўспрымаюць як «адпрацаваны матэрыял», вельмі ўтылітарна. Людзі, якія папрацавалі на дзяржаву, выйшлі на пенсію, і, па сутнасці, яны нікому не патрэбныя.

Łana Rudnik

Нашая місія тут, у Польшчы, дзякуючы стварэнню Беларускага ўніверсітэта Залатога Веку — сфакусіравацца на сацыяльным аспекце, бо шмат разарваных сувязяў, і нашыя людзі, якія вымушаныя былі ў сталым узросце стаць імігрантамі, вельмі цяжка перажываюць гэту рэчаіснасць. Таму мы палічылі важным дадаць да нашай місіі, што мы ў гэтай супольнасці, цёплай, беларускай, нашай — ствараем сэнсы. Мы ствараем тую мэту, дзеля якой чалавеку хочацца жыць, развівацца, рухацца далей, пераадольваць цяжкасці талакой.

У нашым гарадзенскім Універсітэце Залатога Веку быў такі мэсэдж — «Жывіце напоўніцу!». Мы хочам, каб і тут сталыя беларусы таксама жылі напоўніцу, знаходзілі для гэтага новыя сэнсы.

— Як узнікла ідэя стварэння Універсітэта Залатога Веку ў Беларусі?

Вітаўт: Гэтую ідэю я прывёз з Польшчы ў 2009 годзе, калі вярнуўся з аднаго з праектаў для моладзі. У час той паездкі нам паказвалі, як у Польшчы працуюць не толькі з маладымі людзьмі, але і са сталымі таксама. Я быў пад вялікім уражаннем, бо ўбачыў актыўных людзей старэйшага ўзросту: яны хацелі навучацца самым розным рэчам — не толькі вязаць і вышываць, але і засвойваць камп’ютар, вучыць іншыя мовы і г.д.

З гэтай ідэяй я прыехаў у Гародню ў канцы 2009 года, а ў пачатку 2010-га мы ўжо стварылі ініцыятыўную групу і пачалі абмяркоўваць ідэю стварэння такога ўніверсітэта ў Беларусі. І ўжо 29 красавіка 2010 года мы распачалі першы навучальны сезон у Гародні. Пачыналі з 6 курсаў і 35 студэнтаў, а ўжо перад пандэміяй у нас было 50 розных курсаў і 200 студэнтаў. Таксама мы дапамаглі стварыць падобныя ўніверсітэты ў Мінску, у Кобрыне і Бабруйску.

— Якія ёсць чаканні па колькасці ўдзельнікаў у Польшчы?

Вітаўт: У нас ёсць ужо канкрэтныя лічбы. Калі вясной мінулага года мы пачалі рэалізоўваць гэту ідэю і думалі пра тое, а ці прыйдуць да нас увогуле людзі.

У нас былі вялікія сумневы, што гэта патрэбна. Таму мы летам 2025 года правялі даследаванне адукацыйных патрэбаў сталых людзей і зрабілі чатыры сустрэчы ва Уроцлаве, Беластоку, Гданьску і Варшаве. 

Ужо на гэтых сустрэчах мы зразумелі, што патрэба ў такім універсітэце ў Польшчы ёсць. Пасля гэтага распачалася актыўная праца. І на сённяшні дзень, пасля набору, які мы толькі-толькі скончылі, у нас ужо запісана 150 сталых беларусаў у чатырох гарадах Польшчы. Дапускаем, што гэтая лічба яшчэ будзе павялічвацца.

— Ці можаце вы вылучыць самыя папулярныя або найбольш значныя праграмы УЗВ у першым сезоне?

Лана: Зараз відавочна, што самым папулярным курсам з’яўляецца польская мова. Менавіта гэты курс хутчэй за ўсё запоўніўся ў Варшаве і ў Беластоку. 

Мы бачым, што вялікім попытам карыстаюцца курсы, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі. Напрыклад, ёсць цікавая спецыялізацыя па вывучэнні беларускіх традыцый — прадзенне паясоў, гісторыя роду. 

Гэта наш першы набор у Польшчы, і мы цешымся, што можам прапаноўваць вялікую колькасць цікавых і карысных спецыялізацый для нашай студэнцкай супольнасці.

— Як вы шукалі валанцёраў, і ці проста іх было знайсці? 

Лана: Уся каманда — я і Вітаўт, у кожным горадзе мы маем каардынатара, таксама ў нашай камадзе ёсць інфаменеджар, дызайнер і ўсе выкладчыкі — мы ўсе валанцёры. Выкладчыкаў, на здзіўленне, аказалася знайсці не так цяжка: у самым пачатку да нас падалі заяўкі 67 чалавек, якія выказалі жаданне навучаць у нашым універсітэце. Мы правялі прэзентацыю і сустрэліся з усімі кандыдатамі, расказалі пра тое, як мы плануем развівацца, пра тое, якія дакументы трэба будзе запаўняць, і на старце ў нас выйшла 33 спецыялізацыі — гэта дастаткова шмат.

Шчыра кажучы, я не думала, што столькі людзей будзе гатова прысвячаць свой час, свае сілы на тое, каб праводзіць заняткі, але мы, беларусы, такія — калі нам ідэя адпавядае па каштоўнасцях, то мы за яе бяромся і не глядзім, колькі часу або рэсурсаў на гэта спатрэбіцца. Валанцёрства — гэта наша традыцыя.

— Хто вашы асноўныя партнёры, і якія арганізацыі дапамагаюць у рэалізацыі праекта?

Vitaŭt Rudnik

Вітаўт: Мы з самага пачатку стварэння ўніверсітэта рабілі стаўку на тое, што ў кожным горадзе знойдуцца партнёры, якія дапамогуць нам з памяшканнем, распаўсюдам інфармацыі і падтрымкай рознага іншага кшталту. Партнёраў шукалі ў асноўным праз асабістыя кантакты, праз людзей, якіх мы ведаем і з якімі супрацоўнічаем. У кожным горадзе былі створаны невялікія ініцыятыўныя групы, якія дапамагалі нам у пошуку арганізацый, здольных нас падтрымаць.

Зараз мы маем партнёраў у Варшаве, Беластоку, у Гданьску і ва Уроцлаве. Гэта і Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, і фундацыя «Акно на Усход», кавярня «Какао», і фундацыя «Купалінка», і публічная бібліятэка імя Тадэвуша Мікульскага, і іншыя.

— Як вы бачыце будучыню праекта праз два-тры гады?

Вітаўт: Канешне, мы глядзім не толькі ў сённяшні, заўтрашні дзень — мы маем пэўнае бачанне, як ініцыятыва можа развівацца. Калі мы былі ў Беларусі, то акрамя самога ўніверсітэта, мы рабілі штогадовыя акадэміі лідараў для актыўных сталых людзей з розных гарадоў, каб яны маглі быць ініцыятарамі праектаў у сваіх мясцовасцях.

Мы рабілі школу для адукатараў, якія працуюць са сталымі людзьмі ў розных гарадах, і ўсё гэта мы плануем аднавіць у Польшчы. Мы будзем імкнуцца пашырыць колькасць і ўмацоўваць тыя пляцоўкі, якія зараз распачынаюць працу. Таксама будзем імкнуцца працаваць над павышэннем кваліфікацыі нашых выкладчыкаў, шукаць актыўных сталых лідараў і супрацоўнічаць з польскімі ўніверсітэтамі трэцяга веку — гэта ўсё ў нашых планах на будучыню.

Vitaŭt i Łana Rudnik

— Што вы лічыце самым важным у працы з людзьмі старэйшага ўзросту?

Лана: Мне здаецца, што самае важнае ў працы з людзьмі, не толькі з людзьмі сталага ўзросту — гэта любоў, эмпатыя да людзей. Навучыцца іх слухаць і любіць тое, што ты робіш. 

Ні ў якім выпадку я б не раіла ставіцца да сталых людзей як да маленькіх дзяцей. Трэба імкнуцца заўважаць іх патрэбы і слухаць, умець слухаць — гэта вельмі важна.

Вітаўт: На маю думку, у працы са сталымі людзьмі важна памятаць, што гэта найперш людзі — людзі, якія патрабуюць увагі, павагі, і людзі, якія самі шмат чаго могуць зрабіць. Таму мы заўсёды казалі, што адзін з прынцыпаў нашай працы — гэта актыўнасць і самадапамога.

Калі людзі прыходзілі і казалі: «А што вы нам прапануеце?», — а мы пыталіся: «А што вы самі гатовыя зрабіць?». Вельмі часта ад гэтага пытання ў чалавека змяняўся светапогляд. Ён пачынаў сябе адчуваць не проста нейкім спажыўцом, а як чалавек, які сам можа нешта канкрэтнае прыдумаць, рэалізаваць. Мне здаецца, гэта павышае самаацэнку чалавека, адкрывае для яго новыя далягляды. Таму ставімся да людзей сталага ўзросту як да дарослых людзей, якія самі ўмеюць выказвацца, артыкуляваць свае інтарэсы, самі могуць браць на сябе ініцыятыву. Гэта ўсё мы будзем старацца развіваць і папулярызаваць у межах нашага ўніверсітэта.

Сустрэчы-прэзентацыі для ахвочых студэнтаў ужо адбыліся ў Беластоку і Гданьску, а 17 студзеня такія сустрэчы адбудуцца ў Варшаве і Уроцлаве.

Запісацца на курсы можна да канца студзеня. Падрабязная інфармацыя на сайце uzv.ifae.live.

Наста Пабягунская, Budzma.org