«…У бабулі з дзядулем было лецішча пад Астрашыцкім Гарадком. Бабуля памерла, калі я была ў малодшай школе, а калі вучылася ў 8 ці 9 класе, мы паехалі туды. Я пазнаходзіла шмат цікавостак, старыя выкрайкі, дакументы… І гэты сшытак з песнямі. Тады я не разумела, наколькі ён каштоўны. Чытала, перамалёўвала адтуль кветкі. Аказалася, што сшытак бабулі падарыла сяброўка — у сакавіку 1944 года ў Берліне!» — Кацярына Ваданосава распавядае выданню Palatno гісторыю сваёй сям'і.
Фальклор «остарбайтэраў» — абсалютна недаследаваная тэма. Мы ведаем статыстыку пазганяных у Германію, бачым фота, дакументы. Але пра што думалі, марылі ці — па чым плакалі гэтыя людзі? Адказ дае ўнікальны дакумент эпохі.
«Мы шляхта, а вы — плебеі». Бабуля, якая ніколі не смяялася
Бабуля Кацярыны, Марыя Таісія Адамаўна Чэкатоўская, нарадзілася ў 1924 годзе ў шляхецкай сям’і Чэкатоўскіх, якія, магчыма, валодалі маёнткам у Трасцянцы. Як склаўся лёс бацькоў — невядома. «Інфармацыя пра мінулае нашых дзядоў была засакрэчана ад нашчадкаў — імі ж самімі», — паціскае плячыма Кацярына.
Марыя Таісія Чэкатоўская ў пасляваенны час. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Марыя Таісія пасля вайны жыла ў Мінску, на Чырвонаармейскай. Выйшла замуж за штурмана бамбардзіроўшчыка (у далейшым — інжынера-будаўніка) Іпаліта Ваданосава. Пра ваенны час згадвала неахвотна: нібыта была ў лагеры Равенсбрук. Калі вайна скончылася, разам з сяброўкай пайшла пешкі з Германіі дадому, маючы адну пару ботаў на дваіх.
«Невядома, чаму яна наогул пайшла на ўсход, бо ўсё жыццё бабуля ненавідзела савецкую ўладу, — кажа Кацярына. — Выдатна размаўляла на літаратурнай польскай і расійскай. Не памятаю, каб бабуля ўсміхалася ці «сюсюкала» з малымі. Інтэлігентная, моцная, шляхетная... Крэмень! Казала часам: «Мы шляхта, а вы — плебеі» — нават на адрас маёй мамы. З Германіі, дарэчы, бабуля прыхапіла сукенку. Не паверыце, але я дагэтуль яе нашу!».
Кацярына Ваданосава ў сукенцы сваёй бабулі, якую тая прывезла з Германіі. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
А яшчэ ў Марыі Таісіі Чэкатоўскай была сястра Ядзя (Ядвіга) і браты: Рэма, Гера, Ольця. Унучка, Кацярына, толькі ў дарослым узросце даведалася, што гэта за імёны: Рамуальд, Геральд, Альгерд! Сапраўды — шляхта. Але вернемся да сшытка.
«И зарезал я свою красоточку...»
На выгляд — звычайны сшытак са злёгку пажоўклымі старонкамі. На іх — напісаныя сінім атрамантам вершы-песні, а таксама малюнкі: кветкі, птушкі, дзявочыя профілі, нават маленькі самалёт. У пачатку — прысвячэнне: «Дарю на память в гест дружбы в Берлине Тасе Ч. от Клавдии Бугаевой 9.3.44». У канцы сшытка: «Жизнь в Берлине. Писала 6-7-8 марта 1944 года».
Прысвячэнне ад Клаўдзіі Бугаевай у сшытку. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Сапраўды, быў такі звычай: дзяўчаты дарылі адна адной не толькі маляваныя ўручную паштоўкі, але і цэлыя сшыткі. Напрыклад, спеўнікі — як тут. Кім была аўтарка, Клаўдзія Бугаева, — невядома. У тэорыі, магла быць той самай сяброўкай, з якой Марыя Таісія вярталася назад у БССР у 45-м. Але самае цікавае — змест.
Песні ў сшытку суправаджаюцца малюнкамі людзей і кветак. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Большасць песень — рамантычныя, пра няшчаснае каханне. Напрыклад, пераробленая з іспанскай мовы «Кукарача» або «Утомлённое солнце» Уцёсава. Некаторыя перажылі эпоху 30-40-х і паспяхова дайшлі да 90-х, як «Танго цветов» («В притоне много вина...»).
Часам вершы арыгінальныя, і цяжка нават здагадацца, на якую мелодыю іх накладалі. Вось урывак з песні «Молодость» (тут і далей арфаграфія і пунктуацыя захаваныя — PALATNO):
«Быстро хмель покинул головушку
И с кармана вынял финский нож
И зарезал я свою красоточку
Сам не знаю, как домой дошёл».
Папулярная савецкая песня «Синий платочек» на старонках зборніка. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Асобная катэгорыя — песні-адказы. Напрыклад, адказ памежніка Кацюшы. Той самай Кацюшы — гераіні песні «Расцветали яблони и груши...». Лішне казаць, што ніякай цэнзуры Рэйха песня б не вытрымала, бо па змесце — савецкая. То бок, захоўваючы падобныя вершы, аўтар і ўласнік рызыкавалі.
«Не цветут здесь яблони и груши
А лесы чудесные растут
И бойцу послушный каждый кустик
И враги границу не пройдут
Не забыл тебя я дорогая
Слышу, помню песенку твою
На границе солнечного края
Я родную землю отстою...».
Апроч вайскоўца-памежніка, сярод герояў песень: шафёр, пажарнік, пілот. З пілотам таксама атрымалася цікава, бо наратыў максімальна савецкі: «С звездой на крыльях в машине быстрой...» (сімвалічна, што будучы муж Марыі Таісіі Чэкатоўскай — акурат савецкі лётчык). Атрымліваецца, усе мужчыны, пра якіх «марылі» дзяўчаты на працах у Германіі, засталіся там, у СССР. Бо нават шафёр у песні ездзіць недзе ў гарах Алтая.
Фрагмент са сшытка з песняй пра пілота, побач намаляваны маленькі самалёт. Марыя Таісія Чэкатоўская яшчэ не ведала, што выйдзе замуж за савецкага лётчыка. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Усе песні напісаны па-расійску. Толькі адна па-ўкраінску, а дакладней — на трасянцы: «О, волошкы, волошкы...». Цікава было б пашукаць адпаведнікі ў адкрытых крыніцах, але гэта асобная даследчыцкая работа. Не выключана, што вялікая колькасць песень акажацца ўнікальнымі, бо прыдумлялі іх ужо ў Германіі.
«...А теперь мы в далеком Берлине»
Пра ўнікальнасць прынамсі аднаго верша можна казаць ужо зараз. Ён вылучаецца хаця б тым, што не мае назвы — наўпрост «Песня». Гэта верш, складзены дзяўчатамі-«остарбайтаркамі» акурат у Германіі.
Верш, названы ў зборніку сціпла «Песня» — найбольш цікавы з гістарычнага пункту гледжання. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Прывядзем яго цалкам:
«Из далекого германского края
Шлю тебе дорогая привет
Напиши, как живешь ты в Донбассе
Поскорей напиши жду ответ.
Молодые года не ценили
И не слушали слов матерей
А теперь мы в далеком Берлине
Подмываем полы госпожей.
Верю, верю моя дорогая,
Что безумно ты любишь меня
Но пришлось нам с тобою расстаться
И многое время не видеть тебя
Где высокие сосны шумели
Птицы там пролетали порой
И пробраться с Берлина в Россию
Можно было лишь ночью глухой
Далеко верст за тысячу слишним
Где построился город Берлин
Серед сосен высоких и редких
Его строил один «господин».
О ждать мать тебя будет
Что же дочери нет моей
Но не знает что дочь молодую
В больницу везут до врачей.
Не вербуйся моя дорогая
Ведь в Германии город большой
Там погубят тебя молодую
И никто не узнает о том».
Гэта адзіная песня ў сшытку, дзе наўпрост згадваецца Берлін і рэаліі працы ў няволі. «Подмываем полы госпожей» — акурат пра працу дзяўчат-«остарбайтарак», якія маглі працаваць як на заводзе, так і ў прыватным доме, абслугоўваючы нямецкія сем’і. Згадваецца і Данбас: адтуль сапраўды немцы бралі шмат працоўнай сілы. Не выключана, што аўтарка сшытка, Клаўдзія Бугаева, адтуль.
На апошняй старонцы пазначаны дата і месца стварэння сшытка: 6-8 сакавіка, Берлін.
Берлін, гэты «город большой», уражваў маладых дзяўчат (асабліва з правінцыі), якія ўпершыню былі ў Еўропе. Зразумела, пісаць можна было не пра ўсё, адсюль — мова сімвалаў. Напрыклад, згадка пра «господина», які нібыта будаваў Берлін. Верагодна, гэта намёк на Гітлера як архітэктара ўсяго сусвету, у які дзяўчаты трапілі.
Карыстаючыся фальклорнымі катэгорыямі, гэта песня-папярэджанне. Не для тых, хто ўжо ў Германіі, але для тых, хто яшчэ там, на усходзе. Маўляў, не варта сюды ехаць. Але найбольш загадкавы момант — гэта кароткі радок «В больницу везут до врачей».
«В больницу везут до врачей»
У пачатку мы пісалі, што, паводле сямейнай легенды, Марыя Таісія Чэкатоўская была ў жаночым лагеры Равенсбрук, які называюць «жаночым пеклам». Сярод іншага, там праводзілі сумна вядомыя эксперыменты над жанчынамі (агулам пацярпела каля 80 чалавек). Дактары выпрабоўвалі розныя атрутныя рэчывы, каб спраўдзіць, як павядзе сябе арганізм. Выпадак пасля вайны разбіраўся на Нюрнбергскім трыбунале.
Суворая бабуля Кацярыны Ваданосавай у паваенны час. Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Памерла ўсяго некалькі жанчын, але астатнія скардзіліся, што тыя рэчывы адбіліся на іх здароўі. Паводле той самай сямейнай легенды, Марыі Таісіі Чэкатоўскай «нешта калолі», таму ўжо ў паваенныя часы яна мела псарыяз, які перадаўся яе сыну і дачцэ — у адным пакаленні. Ці можа цытата «В больницу везут до врачей» тычыцца гэтага аспекту?.. Загадка.
Больш простае тлумачэнне — гэта боязь зацяжарыць на чужыне ва ўмовах няволі. Такое таксама бывала. На пачатку вайны немцы адпраўлялі цяжарных жанчын дадому, на усход. Але пасля таго, як некаторыя пачалі адмыслова ўступаць у кантакты і зацяжарваць, здараліся выпадкі прымусовых абортаў. У кожным разе, гэта мусіў быць адзін са страхаў «остарбайтарак».
У гэтай гісторыі незразумелай таксама застаецца храналогія. Калі спеўнік быў напісаны і падораны Марыі Таісіі Чэкатоўскай на пачатку сакавіка 1944-га ў Берліне, то калі менавіта яна перабывала ў Равенсбруку? Перад гэтым? Ці пасля (умоўна свабодны «остарбайтар» мог трапіць у лагер праз парушэнні)?.. Некаторыя таямніцы, відаць, так і застануцца таямніцамі.
* * *
Кацярына Ваданосава: «Інфармацыя пра мінулае нашых дзядоў была засакрэчана ад нашчадкаў — імі ж самімі». Фота: Алесь Кіркевіч / PALATNO
Спеўнік зараз захоўваецца ў сям’і Кацярыны Ваданосавай на эміграцыі. Гэта ўнікальная крыніца па штодзённасці жанчын-«остарбайтарак» у гітлераўскай Германіі, вартая больш падрабязнага навуковага вывучэння.
Алесь Кіркевіч