«Ніякага беларускага кіно няма!» – вывеў герой фільма Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі» амаль 10 гадоў таму, не ведаючы, у якой ступені неўміручым апынецца ягоны вердыкт. Акурат гэтае выказванне было надрукаванае на фірмовых майках другога фестывалю незалежнага беларускага кіно Bulbamovie, што адбыўся ў Варшаве напрыканцы кастрычніка.
Назва фестывалю, а таксама яго прэзентацыйны ролік некаторых беларусаў раззлавалі: маўляў, ну чаму, калі беларускае, дык адразу бульба? Але, падаецца, абрыдлы вобраз, а таксама правакацыйнае «Беларускага кіно няма!» павінны былі якраз выклікаць выбух тых раз’юшаных беларускіх талентаў, што лічаць сябе, па-першае, кіно, а па-другое, еўрапейскім. Тым больш, на хвалі моды на фільмы, знятыя на айфоны, айпэды і кэнаны, беларусы сёння, як здаецца, могуць лёгка апынуцца ў еўрапейскім трэндзе.
У выніку польскія сябры, што выходзілі пасля фестывальнага прагляду, здзіўлена паціскалі плячыма: «А што, беларусы сучаснага кіно не глядзяць?» Адказаць на такое пытанне складана, бо, вядома, глядзяць. Толькі з якой нагоды?
Натуральна, з кінаадукацыяй пакуль у Беларусі складана: не хапае школ, зноў жа няма патрэбнай тэхналагічнай базы. Але можна глядзець кіно іншых, спрабуючы інтуітыўна шукаць свой шлях да сучаснага кіно. Што, дарэчы, пацвердзіў досвед «Здымаць на паражэнне» Кірыла Нонга, які, нягледзячы на папрокі з боку «заўзятараў» беларускага кіно, усё ж стаўся падзеяй для мясцовых кінааматараў: ну вось, і мы можам!
Але гэта хутчэй выключэнне. І нават не таму, што сюжэты большасці кінадэбютаў занадта канцэптуальныя ці, наадварот, больш падобныя да сацыяльных ролікаў, якія з задавальненнем купіў бы БТ, зрабіўшы напрыканцы прыпіску «За здаровы лад жыцця». У першую чаргу здзіўляе тое, што, гледзячы стужкі, аўтарам якіх 25–30 гадоў (а гэта той узрост, калі дазволена ўсё і пра ўсё), пачынаеш сумнявацца ў іх маладосці. Бо выдаюць яны «прадукт» для тых, каму за 50.
Гэтак, напрыклад, дакументальнае кіно «Вандроўнік не вернецца» Алеся Лапо, у якім расказваецца пра маладога чалавека, што пасля гадавога падарожжа па свеце вяртаецца на радзіму, «каб даць новае жыццё вымерлай вёсцы, перайсці на беларускую мову і прымаць гасцей». Ужо чытаючы такую анатацыю, пачынаеш сумнявацца, але назва – не вернецца – дае надзею, што гісторыя пра патрыятычныя пачуцці маладога чалавека павернецца нечаканым бокам. На жаль, гэтага не адбываецца: прыгожы юнак, які і дровы пасячэ, і кацяня вадою напоіць, сапраўды прамяняў усё замежжа на родную старонку. Але ў вобраз сучаснага рамантыка слаба верыцца, а такая суцэльная пазітыўнасць хутчэй раздражняе.
Ці, напрыклад, мастацкая стужка «Жыццё ў клятчастай сумцы» Андрэя Палупанава, «гісторыя пра жанчыну, якая жыве ў гармоніі са светам, хаця і здаецца дзіўнай». Дарэчы, фільм гэты быў адзначаны другой прэміяй Bulbamovie (першай не далі нікому). Выбар тэмы – жыццё іншых, што жывуць побач, – варты павагі. Але калі мэта была ў тым, каб пераканаць гледачоў не баяцца гэтыхіншых, напэўна, выбраць трэба было не такі салодка-прытарны шлях. Успомнілася частка трылогіі Свабоднага тэатра «Зона маўчання», у якой іншыя паказваліся з розных бакоў, у тым ліку не вельмі прывабных. І менавіта такая не прывабнасць рабіла з іх чалавекаў, з якімі можна па-чалавечаму су-існаваць, а не фармальна гладзіць па галоўцы і перажываць за іх «хваробу» і сваё «здароўе». Што, у прынцыпе, і адбывалася на працягу 13 хвілінаў мастацкай гармоніі Палупанава.
У прынцыпе, амаль кожная анатацыя да фільмаў Bulbamovie гаварыла пра гармонію, сацыяльныя праблемы і гуманізм. Я не супраць кіно пра каханне або наркаманію. «Дыскасвінні» Кірстэна Шэрыдана, напрыклад, таксама пра гэта. Рэч у ракурсе, аўтарскай смеласці і дзёрзкасці, чаго, як аказалася, бракуе маладым беларусам.
Вядома, не ўсё так безвыходна, і стужкі з зернем «сучаснасці» на фестывалі былі. Паўставала і тэма падвоеных з прычыны хвалі геймерства рэальнасцяў (Renovation Сяргея Шаўцова ды Івана Гарбацюка), і тэма сучаснага моладзевага разумення сексу і кахання («Каханне гэта» Лены Сілюцінай). Дый здзівіць пару разоў здолелі. Напрыклад, мастацкі фільм Арцёма Лобача «Простыя рэчы» (таксама другая прэмія). І хаця апісанне фільма зноў бянтэжыла – «калі зразумець і пачуць героя фільма, можна наблізіцца да разумення душы простага беларуса» (дарэчы, хто пісаў усе гэтыя тэксты?), ход аўтарскай думкі ды іранічны погляд, з якім паказаная сучасная беларуская вёска, сапраўды сталіся нечаканасцю. А галоўнае, што падкупіла, – гэта аўтарская шчырасць: вырашэнне балючага для маладога пакалення пытання – быць тут ці не быць. І, мінуючы штучны пафас, рэжысёр даў свой адказ.
Акурат такой спасылкі на асабісты досвед, а таксама смеласці і не хапае ў стужках маладых беларусаў. Замест гэтага глядач бачыць нейкі ўяўлены канструкт, больш падобны на прыстойнае маралітэ савецкіх часоў. Таму і падумалася раптам, што пэўным крытэрам якасці якраз і магло стаць – возьме БТ ці не. Маю на ўвазе не палітычную ангажаванасць стужкі, а дзёрзкі выклік стэрэатыпам, навязаным ідэалогіяй і грамадствам.
І гэта не заклік да чарнухі і татальнага песімізму, а хутчэй прапанова рэжысёрам выйсці за межы тых вузкіх уяўленняў пра гуманізм і прыгажосць, якія былі актуальныя і дзейныя гадоў 30 таму, але сёння, хутчэй, ёсць смерцю аўтара, а не ягонай зброяй.
Таццяна Арцімовіч, 34mag