Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч у аўтарскім праекце «Нясціплая гісторыя Беларусі» працягвае распавядаць пра балта-славянскае ўзаемадзеянне — найважнейшую з’яву ў нашай гісторыі, якая ўласна і стварыла Беларусь. Сёння гаворка пойдзе пра працэс беларусізацыі на Панямонні.
Апошнім па часе буйным рэгіёнам Беларусі, дзе напоўніцу разгарнулася славізацыя/беларусізацыя балтаў, стала Панямонне. Тутэйшы працэс славяна-балцкіх кантактаў лепш «асветлены» пісьмовымі крыніцамі, бо ўвайшоў у актыўную фазу ў ІІ тыс. новай эры і працягваўся ажно да сярэдзіны — канца ХХ ст.
Вывучаць яго сучасным даследчыкам лягчэй, чым папярэдні перыяд, бо, па-першае, ва ўсходнеславянскай прасторы пачалі з’яўляцца пісьмовыя крыніцы — летапісы. Самая ранняя — «Аповесць мінулых часоў», створаная легендарным манахам Нестарам, хоць і была запісаная ў ХІІ ст., але абапіралася на вусную гісторыю, памяць тагачасных людзей пра даўнейшыя падзеі.
Фрагмент Аповесці мінулых часоў у Радзівілаўскім летапісе.
Па-другое, археолагі больш дакладна адрозніваюць этнічную прыналежнасць атрыбутаў матэрыяльнай культуры Х—ХІІІ стст. у параўнанні з ранейшымі часамі.
Якія гарады заснавалі славяне на Панямонні
Актывізацыя славянскага, дакладней ужо ўсходнеславянскага, каланізацыйнага руху на Панямонне зафіксавана прыблізна з канца Х — пачатку ХІ ст.
Менавіта ў гэты час усходнімі славянамі былі заснаваныя асноўныя гарады рэгіёна, захавалыя сваё значэнне да сённяшняга дня: Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, падобна Слонім і Вільня (апошнія два, магчыма, узніклі трохі пазней). Некаторыя паселішчы, вядомыя па летапісах ХІІІ—ХІV стст. як гарады, пазней такімі быць перасталі.
Славянізацыя Беларусі
Нешматлікія звесткі пісьмовых крыніц ХІІ—ХІІІ стст. датычаць пяці панямонскіх гарадоў: Гародні, Наваградка, Ваўкавыска, Слоніма, Турыйска. Да іх даследчыкі залічваюць яшчэ: Здзітаў (геаграфічна да Панямоння не належыць, бо знаходзіцца ў басейне Прыпяці), Нясвіж, Свіслач, Вевярэск, Астрэю. Дакладна не вызначана месцазнаходжанне сярэднявечных Нясвіжа і Свіслачы, пра Вевярэск і Астрэю невядома, ці яны ўвогуле знаходзіліся на Панямонні.
Археолагі метадамі сваёй навукі адкрылі і дадалі да гэтага спісу некалькі добра ўмацаваных славянскіх феадальных сядзіб-замкаў ХІІ—ХІІІ стст. — сёння гэта безназоўныя гарадзішчы: каля вёскі Мсцібава пад Ваўкавыскам; каля вёскі Кульбачы Шчучынскага раёна; каля вёскі Збочна Слонімскага раёна.
Якая падзея стала прычынай заснавання панямонскіх гарадоў
Не выпадкова панямонскія гарады былі заснаваныя амаль адначасова ў канцы Х ст., г. зн. у выніку нейкай каланізацыйнай хвалі. Верагодна, тады адбылася значная падзея, якая яе выклікала. У канцы 80-х гадоў ХХ ст., калі я праводзіў раскопкі ў панямонскіх гарадах, узнікла гіпотэза, што адыход новага славянскага насельніцтва ў аддаленую лясістую вобласць мог быць справакаваны гвалтоўнай хрысціянізацыяй усходніх славян якраз у канцы Х ст., пачаўшы ад 988 г., калі вялікі князь кіеўскі Уладзімір Краснае Сонейка ўводзіў новую монатэістычную рэлігію ў сваіх уладаннях не столькі мірна, як «агнём і мечам». Шмат хто з язычнікаў не жадаў адракацца ад веры продкаў, нехта паўставаў, іншыя ўцякалі як мага далей, дзе не магло дастаць княскае войска.
Гэтая гіпотэза падмацоўваецца высновамі археолагаў пра заснаванне панямонскіх гарадоў славянамі-язычнікамі. Бо ў іхных раскопках рэчы хрысціянскага культу (каменныя, касцяныя, металёвыя крыжыкі, абразкі і інш.) у культурным слоі пачынаюць трапляцца ад другой паловы — канца ХІ ст. Хрысціянства ўсё ж «дагнала» паганцаў у Панямонні, і даволі хутка, усяго праз некалькі дзесяцігоддзяў.
На другім канцы краіны крывіцкая каланізацыя, падтрыманая моцнай дзяржавай — Полацкім княствам, выйшла за межы басейна Заходняй Дзвіны, пераадолела дзвінска-нёманскі водападзел і пайшла ўніз па цячэнні Віліі — найбуйнейшага нёманскага прытоку. На гэтай дарозе крывічы, між іншымі паселішчамі, заснавалі Вільню, знакаміты горад, будучую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага і галоўны цэнтр беларускага нацыянальнага руху ў ХІХ — пачатку ХХ ст.
Вільня. XVI ст.
Што стала імпульсам для беларусізацыі Панямоння
Для развіцця любога працэсу патрабуецца імпульс, штуршок. У прыспешванні беларусізацыі апошняга занятага балтамі рэгіёна сённяшняй Беларусі — Верхняга і Сярэдняга Панямоння, такім імпульсам стаў агульнаеўрапейскі дэмаграфічны рост, які распачаўся ад канца Х ст. пасля заканчэння Вандроўкі народаў. Велізарныя людскія масы прыпынілі свой рух, аселі на новых месцах жыхарства, асвоіліся і сталі размнажацца.
Неўзабаве, ад ХІ ст. пачалася новая, праўда не такая маштабная еўрапейская міграцыя, а менавіта адток лішку насельніцтва ў суседнія радзей заселеныя рэгіёны: з французскай тэрыторыі на іспанскую, з Паўночнай Італіі ў Паўднёвую, з нямецкіх земляў на ўсход на тэрыторыю Чэшскага, Венгерскага і Польскага каралеўстваў. У канцы ХІІ ст. немцы дабраліся і да Усходняй Балтыі, заснавалі тут першую калонію пад назвай Livland — Лівонія, са сталічным горадам Рыгай, а праз тры дзесяцігоддзі Тэўтонскі ордэн распачаў нямецкую каланізацыю Прусіі. У Эстоніі высадзіліся і пачалі закладваць паселішчы датчане.
Лівонія ў сярэднявеччы
Першы беларуска-нямецкі канфлікт
На латышскіх землях нямецкія каланісты сутыкнуліся з крывіцкімі (палачанамі) і распачалі першы ў гісторыі беларуска-нямецкі канфлікт. Аднак жорсткая канфрантацыя з пераходам у вайну даволі хутка змянілася пошукам кампрамісу і эканамічнай супрацай, бо абодва бакі былі зацікаўленыя ў вялікім міжнародным гандлі па Заходняй Дзвіне і Балтыйскім моры.
Дамова Смаленскага, Полацкага, Віцебскага княст-ў з Рыгай і інш.1229 г.
У сярэдзіне ХІІІ ст. у сувязі з пагрозлівымі зменамі міжнароднай сітуацыі менавіта беларускія панямонскія гарады адыгралі вырашальную ролю ў арганізацыі абароны, а менавіта стварэнні новай дзяржавы, вядомай як Вялікае Княства Літоўскае.
Алесь Краўцэвіч, budzma.org
Глядзіце яшчэ: