Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч у аўтарскім праекце «Нясціплая гісторыя Беларусі» працягвае распавядаць пра балта-славянскае ўзаемадзеянне — найважнейшую з’яву ў нашай гісторыі, якая ўласна і стварыла Беларусь.
Славяне ўвайшлі ў будучую Беларусь у VI ст. і да Х ст. ужо стварылі ў басейнах Дняпра і Заходняй Дзвіны новыя этнічныя супольнасці: крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Назвы гэтых племянных саюзаў сталі вядомыя праз найстарэйшы летапісны твор усходніх славян «Аповесць мінулых гадоў», а археолагі на месцах іх пражывання выдзелілі г. зв. этнавызначальныя артэфакты.
Найбольш характэрныя сярод іх — асаблівыя спецыфічныя для кожнай супольнасці формы жаночага ўпрыгожання — скроневых кольцаў.
Крывічанка
Сярэднявечныя модніцы падвешвалі гэтыя бронзавыя, жалезныя, срэбныя, залатыя аздобы ля скроняў, за што ім сёння асаблівая ўдзячнасць ад археолагаў. Аказваецца, і мода можа дапамагчы навуцы гісторыі!
Дзяўчына з племя дрыгавічоў
Праявы «некантраляванай ланцуговай рэакцыі», ці працэсу балта-славянскіх кантактаў, пашыраліся на ўсё большую прастору. Славяне рухаліся ўздоўж руслаў рэк, паступова асвойвалі будучыя беларускія землі, а ў лясістых міжрэччах заставаліся астравы балцкамоўнага насельніцтва. Некаторыя з іх датрывалі да найноўшага часу (канца ХІХ — пачатку ХХ ст.), але ўрэшце ўсё роўна былі затопленыя плынню беларушчыны.
Вось маем наглядную ілюстрацыю пры сучаснай беларуска-летувіскай дзяржаўнай мяжы.
Летувіская паўвыспа пры мяжы
Калі пасля Другой сусветнай вайны праводзілася адміністрацыйная мяжа паміж беларускай і летувіскай савецкімі рэспублікамі, то бралася пад увагу мова мясцовых людзей. Таму і тырчыць сёння ў беларускай тэрыторыі летувіскі клін-паўвыспа паміж Воранавам і Ашмянамі з галоўным мястэчкам Дзявянішкі (тыповая балцкая назва з канчаткам -шкі). І знаходзіцца яна якраз у міжрэччы паміж Нёманам і Віліяй — магістральнымі шляхамі славянскай каланізацыі. Таму і летувіская мова тут пратрывала даўжэй, і двухмоўных тутэйшых таксама шмат (агулам у пачатку ХХ ст. на Віленшчыне больш за 60% вяскоўцаў было беларускамоўнымі).
У раннім Сярэднявеччы «разліў славянскай ракі» праходзіў па-рознаму ў розных месцах. Дарогу ад Прыпяці на поўнач доўгі час перакрывалі палескія балоты, таму славяне іх найперш абышлі па Падняпроўі на ўсходзе і па Бугу на захадзе. Тры хвалі славянскай каланізацыі: валынская з Украіны, дрыгавіцкая ды крывіцкая сустрэліся на Панямонні, таксама паступова ахапілі і Палессе. Тут месца сустрэчы дрыгавічоў з валынянамі можам убачыць і сёння ў выглядзе мяжы паміж усходнепалескімі і заходнепалескімі гаворкамі.
Палескія-гаворкі
Археолагі праз скрупулёзную шматгадовую працу, падобна таму, як фатографы «схопліваюць» моманты спартовага забегу, зафіксавалі стан балта-славянскай мяжы на розных этапах славянскай каланізацыі будучай Беларусі. Першы здымак-фіксацыя на пачатак VI ст. — славяна-балцкая мяжа прыблізна па лініі Прыпяці. Наступны важны міжэтнічны рубеж на пачатку ІІ тыс. — водападзел між Дняпром і Нёманам. Лічыцца, што на час утварэння Кіеўскай дзяржавы балта-славянская мяжа праходзіла прыблізна па лініі: воз. Асвейскае — Дзісна — Пліса — Будслаў — Заслаўе — Рубяжэвічы — Дзераўная — Беліца — Слонім — Ваўкавыск.
Славянізацыя Беларусі (аўтар Дз.Кізін)
Відавочна, нёманска-дняпроўскі водападзел на нейкі час стаў натуральным бар’ерам, свайго роду стартавай лініяй перад пачаткам новага этапа славянскага руху, распачатага ў канцы Х ст. Пры гэтым даследчыкі пастаянна падкрэсліваюць, што дакладнай г. зв. лінейнай мяжы паміж двума этнічнымі масівамі ніколі не існавала. Была даволі шырокая ў дзясяткі кіламетраў кантактная зона, якая праяўляла сталую тэндэнцыю да перамяшчэння ў паўночна-заходнім кірунку. Насельніцтва ў ёй беларусізавалася, г. зн. беларускі этнічны абшар павялічваўся за кошт балцкага/летувіскага.
На Панямонні сустрэліся некалькі каланізацыйных плыняў: крывіцкая — з усходу, дрыгавіцкая і валынская — з паўднёвага ўсходу і поўдня. З паўднёвага захаду да Панямоння даходзілі і мазавецкія каланісты. Зона сутыкнення між крывіцкай і дрыгавіцкай плынямі акрэсленая этнографамі на паўночны ўсход ад Гародні па лініі Радунь — Воранава — Ашмяны — Астравец і ўяўляе сабой паласу змешаных дыялектаў, пераходную ад паўднёва-заходняй да паўночна-ўсходняй групы беларускіх гаворак.
Беларускія дыялекты
На Панямонні славяне сустрэліся з яцвягамі (у вобласці левых прытокаў Нёмана) і аўкштайтамі (культура ўсходнелітоўскіх курганоў у басейне Віліі).
Пад канец Х ст. ужо былі сфармаваныя першыя беларускія дзяржавы — Полацкае, Смаленскае, Тураўскае княствы. Яны таксама ўключыліся ў працэс балта-славянскага кантакту і істотна спрычыніліся да яго развіцця, хоць іх кіруючыя эліты такой мэты перад сабой не ставілі.
Працяг будзе
Аляксандр Краўцэвіч, budzma.org
Чытайце па тэме:
Перамога скрозь паўтара тысячагоддзя. Пачатак «некантраляванай ланцуговай рэакцыі»