У Беларусі скарачаецца колькасць школ з беларускай мовай навучання. Ці вінаватая ў гэтым «абыякавасць» бацькоў вучняў, як лічаць у Міністэрстве адукацыі?
Днямі тэлеграм-канал «Злой Минобр» агучыў факты, якія сведчаць пра скарачэнне школ з беларускай мовай навучання, а таксама пра змяншэнне колькасці вучняў, якія вучацца па-беларуску. Лічбы ўражваюць: з 2012 па 2018 год колькасць вучняў, якія вучыліся на беларускай мове, скарацілася са 150 600 да 111 000 чалавек (-26%). Закрыліся 482 школы з беларускай мовай навучання. Аўтары допісу лічаць гэта заканамернасцю і праявай русіфікацыі з боку дзяржавы.
Чаму закрываюцца школы з беларускай мовай навучання?
Большасць закрытых за апошнія гады школ — вясковыя. Натуральна, што сярод іх было шмат школ з беларускай мовай навучання. Галоўная прычына закрыцця школ — кепская дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы. Штогод колькасць першакласнікаў у вясковых школах змяншаецца. Утрымліваць капітальныя будынкі дзеля пары дзясяткаў вучняў занадта дорага — прасцей арганізаваць падвоз вучняў у найбліжэйшую суседнюю школу. Тут мы бачым хутчэй эканоміку, чым палітыку.
Чаму змяншаецца колькасць беларускамоўных школьнікаў?
Прычын тут некалькі. Па-першае, ізноў-такі тая самая дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы, а большасць беларускамоўных вучняў — вяскоўцы. Сярэдняя колькасць вучняў у вясковых школах — каля ста чалавек. І пакуль няма асаблівай надзеі, што сітуацыя выправіцца. Па-другое, з 2014 года не дзейнічаюць ільготы пры паступленні ў ВНУ для выпускнікоў вясковых школ. Не сакрэт, што некаторыя гарадскія школьнікі карысталіся гэтай ільготай, давучваючыся апошнія пару чвэрцяў выпускнога класа ў найбліжэйшых вясковых школах. І па-трэцяе, назіраецца зваротны працэс, калі жыхары прыгарадных вёсак возяць сваіх дзяцей вучыцца ў гарадскія школы. Прычына банальная — у гарадскіх школах лепшая якасць навучання, меншая цякучка кадраў і г. д.
Так выглядае сітуацыя ў вёсцы. У гарадах, дзе школ з беларускай мовай навучання ўсяго 75, колькасць беларускамоўных вучняў таксама зніжаецца. Асабліва гэта заўважна ва ўсходняй частцы краіны. Новыя беларускамоўныя класы адкрываюцца вельмі рэдка, і, як лічаць профільныя чыноўнікі, немалая «заслуга» ў гэтым... бацькоў вучняў.
Каментуючы сітуацыю са скарачэннем колькасці беларускамоўных школьнікаў, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая найперш адзначыла «адсутнасць ахвочых вучыцца па-беларуску». Маўляў, няма заяваў ад бацькоў на адкрыццё беларускамоўных класаў і школ. Вынесем за дужкі пытанне, навошта наогул патрэбныя такія заявы пры фармальна роўным статусе дзвюх дзяржаўных моваў. Паспрабуем разабрацца, што ці хто адбівае ахвоту ў бацькоў увязвацца ў працэс стварэння беларускамоўных класаў ці школ.
Па-першае, гэта сама па сабе неабходнасць падачы заяваў і збору подпісаў — то бок лішнія намаганні з заведама няясным вынікам. Вядома, ідэйных прыхільнікаў адукацыі па-беларуску гэта не спыняе. Але большасць звычайных беларусаў не будзе шукаць сабе лішняга клопату.
Чытайце таксама: Права дзяцей на самавызначэнне і родную мову
Па-другое, некаторыя гарадскія бацькі лічыць немэтазгодным навучанне дзяцей у школе па-беларуску таму, што ў большасці ВНУ і ССНУ адсутнічаюць беларускамоўныя плыні. Маўляў, навошта дзецям лішнія складанасці з засваеннем матэрыялу па-руску, асабліва ў дакладных навуках. Часам следам за гарадскімі жыхарамі спрабуюць спрасціць жыццё сваім дзецям і вяскоўцы.
Абыякавасць ці русіфікацыя?
Безумоўна, у чымсьці можна пагадзіцца з прэс-сакратаркай Міністэрства адукацыі. Сапраўды, беларусы — вядомыя канфармісты ў некаторых пытаннях, асабліва што да ўласнага камфорту. Але ў гэтага канфармізму ёсць свае прычыны. Не бацькі вучняў выдумалі штучныя бар’еры і неабходнасць «выпрошваць» сабе школы з беларускай мовай навучання. Пагатоў не яны планамерна выціскалі беларускую мову з усіх сфер ужывання (напрыклад, са сферы вышэйшай адукацыі), зрабіўшы яе незапатрабаванай у тым ліку як мову школьнага навучання.
Прычыны няўхільнага скарачэння колькасці школ з беларускай мовай навучання — на паверхні. Яны ў нежаданні ўладаў «дражніць гусей» з усходу (і ў гэтым іх падтрымліваюць некаторыя бацькі). Гэта і асабістыя комплексы часткі чынавенства, якое ў свой час дзеля кар’ернага росту жалезам выпальвала ў сабе беларускасць (вясковасць).
Сітуацыя з навучаннем па-беларуску складаная, але пакуль не фатальная. Як некаторыя штучна створаныя сітуацыі, яна можа быць выпраўленая. Вядома, пры пэўных умовах. І славуты беларускі канфармізм насамрэч можа саслужыць тут добрую службу. Дастаткова пачаць выконваць закон аб мовах і спрыяць адкрыццю новых школ з беларускай мовай навучання і павелічэнню колькасці гадзін беларускай мовы ў рускамоўных школах, стварыць беларускамоўныя плыні на большасці факультэтаў у ВНУ і г. д. Галоўнае рабіць гэта без празмернага гвалту, паступова. І не забывацца пра дадатковыя стымулы — напрыклад, увесці абавязковы экзамен па беларускай мове для займання любой чыноўніцкай пасады. І нікуды нашыя грамадзяне не дзенуцца, змяніўшы старую плытку «а оно мне надо?» на класічную «а можа, так і трэба». Дарэчы, той факт, што ў некаторыя беларускамоўныя школы і гімназіі паспрабуй яшчэ ўбіцца, сведчыць пра тое, што працэс рэальнай беларусізацыі неабавязкова будзе сустрэты ў штыкі часткай рускамоўных гараджанаў.
Паўлюк Печанько, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!