Права дзяцей на самавызначэнне і родную мову

27.02.2020 Маё права

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра права дэманстрацыі сваёй нацыянальнай прыналежнасці непаўнагадовымі. 


Права на самавызначэнне дзяцей абмяркоўваецца не толькі ў беларускім грамадстве (пра рэлігійнае можна прачытаць у матэрыяле на нашым сайце). Розныя палітычныя і светапоглядныя полюсы спрабуюць вызначыць кірунак узаемадзеяння маладога чалавека з супольнасцямі і грамадствам у цэлым.

У Еўрасаюзе пытанне свабоды на нацыянальнае самавызначэнне чарговым разам паўстала пасля шматлікіх зваротаў грамадзян і дэпутатаў Еўрапарламента наконт выпадкаў парушэння такіх правоў. У прыватнасці, пасля дзеянняў структур, якія ў межах супрацьстаяння хатняму гвалту альбо падобным дзеянням бацькоў, нездавальняючаму матэрыяльнаму стану сем’яў, недастатковаму ўзроўню ўвагі да дзяцей, ішлі на меры па перадачы дзяцей у сем’і без уліку іх этнічнага паходжання і культурных асаблівасцяў.

Іншым разам складаліся сітуацыі, калі дзеці скардзіліся на парушэнне іх права на нацыянальнае і рэлігійнае самавызначэнне. У «часовых сем’ях» яны былі вымушаныя жыць па традыцыях, якія не адпавядаюць іх нацыянальным ці рэлігійным.

Потым выявілася яшчэ адна праблема — парушэнне правоў дзяцей пасля разводу бацькоў, якія знаходзіліся ў міжнацыянальным шлюбе, калі судовыя органы пакідалі дзяцей у сем’ях з моўным і культурным асяродкам без уліку жаданняў непаўналетніх.

Чытайце таксама: «Развод, і кухня папалам»

Актывісты ў ЕС задаліся пытаннем: ці не парушаюцца ў такіх выпадках правы дзяцей і — шырэй — дзе межы, за якімі стаіць парушэнне права на самавызначэнне, выкарыстанне мовы і пражыванне ў пэўным этнічна-культурным асяродку?

Факты, калі дзяржаўныя органы ў Беларусі на розных падставах адмаўляюць юным грамадзянам у адукацыйных паслугах, напрыклад, на адной з дзяржаўных моваў, таксама можна лічыць парушэннем права на нацыянальнае самавызначэнне. Як гэта было ў мінскім дзіцячым садку, дзе бацькі спрабавалі дамагчыся стварэння рознаўзроставай беларускамоўнай групы.

На думку еўрапейскіх экспертаў, пытанне адукацыі, моўнага «камфорту» ёсць складнікам больш агульнага. Галоўным з’яўляецца права на самавызначэнне, у тым ліку нацыянальнае. Яно зацверджанае ў Канвенцыі аб правах дзяцей, яго можна разглядаць у падобнай трактоўцы:

«Дзяржавы — удзельніцы Канвенцыі павінны ўвесці такія прававыя нормы, якія дадуць магчымасць кожнаму дзіцяці даведацца сваю генетычную, біялагічную, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць».

Вядома, самавызначэнне разумеецца як права вольна і без перашкодаў «вызнаваць» сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Што можна разглядаць з рэлігійнага пункту гледжання як «распаўсюджваць» і пашыраць.

Гэта нашмат шырэй, чым дэклараванае ў міжнароднай канвенцыі права дэманстраваць нацыянальную прыналежнасць — карыстацца мовай, мець права навучацца на ёй, спажываць і ствараць культурныя каштоўнасці, прытрымлівацца традыцыйнага ладу жыцця. І самае галоўнае — без пачуцця нават псіхалагічнага дыскамфорту з боку іншых грамадзян ці дзяржавы.

У прэамбуле да Канвенцыі падкрэсліваецца значэнне выхавання дзяцей у традыцыях культуры кожнага народа, іх значэнне для абароны і гарманічнага развіцця дзяцей.

Правы дзяцей як інструмент

Еўрадэпутаты падчас абмеркавання новай рэдакцыі акта Brussels IIa абапіраліся на сучасныя даследаванні, у якіх адзначаецца:

«...правілы, якія змяшчаюцца ў Канвенцыі, не з’яўляюцца дастатковай гарантыяй рэалізацыі і абароны правоў дзяцей. Гэта таксама звязана з тым, што сама Канвенцыя не мае дастатковых інструментаў прымусу.

Перыядычныя даклады і меркаванні, выдадзеныя Камітэтам па правах дзіцяці, неэфектыўныя. У рэчаіснасці выкананне дзяржавамі Канвенцыі залежыць толькі ад добрай волі чыноўнікаў. Для таго, каб дзеці сапраўды абаранялі свае правы, неабходныя больш эфектыўныя інструменты».

На сайце Еўрапарламента апублікаваныя новыя тлумачэнні акта з каментарамі. У першую чаргу адзначаецца неабходнасць улічваць самавызначэнне дзяцей і іх памкненні падчас спрэчных сітуацый, звязаных з разводам бацькоў ці ўзаемадзеяннем з органамі сацыяльнай апекі:

«Фармуляванне больш выразных правілаў, якія тычацца магчымасці дзіцяці выказаць свае погляды, увядзенне абавязацельстваў даць дзіцяці сапраўдную і эфектыўную магчымасць выказаць сваё меркаванне».

Галоўнымі ініцыятарамі разгляду пытання былі дэпутаты з краін Усходняй Еўропы, якія праз масавую эміграцыю сваіх грамадзян на Захад сутыкнуліся з вялікай колькасцю парушэнняў правоў дзяцей на глебе нацыянальнага самавызначэння.

Каментуючы разгляд новай рэдакцыі акта, міністр юстыцыі Польшчы Міхал Войцік падкрэсліў:

«Гаворка ідзе пра тое, каб улічваліся нацыянальная і рэлігійная самасвядомасць дзяцей, мова і культура».

У Беларусі, на жаль, усё часцей здараюцца сітуацыі, калі заява на беларускамоўнае навучанне ў школе ці садку падаецца ад бацькоў аднаго навучэнца ці выхаванца або ад некалькіх, але адміністрацыі адмаўляюць у магчымасці арганізаваць навучанне па-беларуску.

Чытайце таксама: Не трэба размахваць мовай, як сцягам!

Як правіла, у такіх выпадках немагчымасць арганізацыі беларускамоўнага навучання абгрунтоўваецца фінансавай немэтазгоднасцю.

На сайце «Салідарнасці» адзначаецца:

«У заканадаўстве ў дачыненні да агульнай сярэдняй адукацыі няма такіх прычынаў: «малалікасць групы» ці фінансавая мэтазгоднасць, на падставе якіх можна адмовіць у арганізацыі беларускамоўнага навучання. Больш за тое, пункт 13 артыкула 158 Кодэкса аб адукацыі, які прысвечаны агульным патрабаванням да арганізацыі адукацыйнага працэсу, уводзіць толькі МАКСІМАЛЬНУЮ колькасць навучэнцаў. А пункт 15 арт. 158 Кодэкса аб адукацыі гаворыць, што «адкрыццё класа ва ўстанове адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, можа здзяйсняцца пры наяўнасці аднаго вучня».

Нядаўняе рашэнне Еўрапейскага парламента, якое ініцыявалі і праціснулі дэпутаты з усходняй часткі кантынента, дэманструе, што палітычная воля пры рэалізацыі запыту выбарцаў можа абапірацца на самае шырокае разуменне правоў.

Намаганне дабіцца вяртання дзяцей пасля разводу бацькоў з Захаду ў краіны паходжання аднаго з іх ці пад апеку сацарганізацый можа быць рэалізаванае праз права на нацыянальнае і рэлігійнае самавызначэнне, права размаўляць і вывучаць мову ды іншыя аспекты.

Здаецца, гэта станоўчы прэцэдэнт і прыклад для праваабаронцаў у Беларусі.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org

Прэв'ю – bykhov.by



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!