«Блізкае далёкае»

29.09.2015 Мастацтва

Даволі часта, назіраючы за людзьмі на гарадзкіх вуліцах, уяўляю іх у этнаграфічным адзенні. Цікава, як зменіцца выгляд чалавека, калі прыбраць сучасную жанчыну ці мужчыну ў даўні аўтэнтычны строй. Без касметыкі, абцасаў, з натуральным колерам твару, вачэй, вуснаў, валасоў, пазногцяў. У адзенні, якое не заціскае пластыку цела, абутку, які не змянае паставу. А яшчэ колеры, матэрыялы і фактуры – каб без штучнага, паліэстэру і стразаў. Часам углядаюся і ўяўляю. Змываю ў сваім уяўленні ненатуральныя фарбы з твару і валасоў, каб убачыць саміх людзей.

А бывае, проста іду па вуліцы, бачу, напрыклад, дзяўчыну і думаю, як бы ёй пасаваў кобрынскі строй ці магілёўскі саянчык! Любы фотаальбом упрыгожыла б! Або наадварот, гляджу на дзяўчат ці маладых жанчын са старых чорна-белых фотаздымкаў і спрабую ўявіць іх у сучасным вобліку.

Яшчэ часам думаецца, што людзі навокал з іх, здавалася б, непаўторным абліччам – вачыма, вуснамі, далонямі – атрымалі свае рысы ад дзядоў-продкаў. Асабліва гэта заўважна, калі бачыш унукаў побач з дзядулямі-бабулямі. Тыя ж усмешкі, рысы твару, толькі ў новай індывідуальнай камбінацыі. Калі памятаць пра гэта, то прыходзіць разуменне, што вось цяпер у гэты момант на цябе паглядаюць чыесьці «праправочы». Тое ж з інтанацыяй голасу, манерай гаварыць, рухамі. Усё гэта жыве ў людзях. Скрозь тысячы гадоў. Тады і дзяды становяцца бліжэй, іх спадчына больш блізкай і зразумелай, а свая зямля па-сапраўднаму роднай.

Гэты фотапраект і нарадзіўся вось з такіх назіранняў-разважанняў. Мы хацелі паказаць, як мяняецца маладая сучасная жанчына, калі яе апрануць у традыцыйнае адзенне, што ў ёй мяняецца. Трэба адзначыць, што амаль на ўсіх гераінях фотаздымкаў апранутыя строі, зробленыя ўласнымі рукамі для сябе. Яны абралі тканіны, колеры, арнаменты, крой для сваіх традыцыйных строяў, карыстаючыся ўласным густам, бачаннем сябе, разуменнем тэмы.

Нам таксама хацелася звярнуць увагу гледачоў на спалучэнне сучаснага і традыцыйнага ў вобліку цяперашніх людзей, паказаць гэтую жывую еднасць. І разам з тым паспрабаваць адчуць, наколькі людзі, што жылі раней, блізкія да нас, жыхароў ХХІ стагоддзя. Даўні строй на нашых гераінях не самамэта, але шлях да сябе і да традыцыі продкаў, на якім знаходзяцца гэтыя жанчыны.

 

 

 

 

 

 

 

Ганна Сілівончык, куратар праекта, намеснік старшыні РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”.

Фота: Piligrim studio.