Кароткі змест папярэдніх пастоў. Усяслаў Чарадзей са сваім сябрам зайцам знайшлі, хто стаіць за канцом свету ў 2012 годзе. Гэта беларускія жанчыны на чале з прабабкай Чарадзея, князёўнай Рагнедай. Яна расказвае сваю версію айчыннай гісторыі.
…Аднак потым, пасля бунтаркі Еўфрасінні, пацягнулася суцэльная беспрасвеціца – беларускім жанчынам канчаткова ўказалі нашае месца дома і наш занятак – варку баршчу. І кожнае новае стагоддзе зрабілася падобным да папярэдняга.
Пакуль мужчыны выхваляліся сабе, што пасля слаўнага Грунвальда нага ўзброенага немца пяцьсот гадоў не ступала на нашыя землі, мы казалі на кухні, што немца, можа, і не ступала, аднак тутэйшы дол спраўна пляжылі і маскоўскія, і шведскія, і французскія чобаты – усе, каму не лянота!
“Статуты ВКЛ – і ажно тры штукі!” – крычалі яны, а мы, абкладзеныя з усіх бакоў патэльнямі з пасіраваным бураком і морквай, пасміхаліся праз слёзы. Бо ведаеце, як гэтыя тры Статуты называюцца на мове паліграфістаў? “Перавыданне, з дапаўненнямі”. Выдалі адну талковую кнігу і чатырыста гадоў, перадрукоўваючы, мужчыны баёдалі ганарар, у сэнсе маральны капітал.
“Мы – мужыкі-беларусы!” – закрычалі яны ў канцы ХІХ стагоддзя, абвяшчаючы сваё адраджэнне. А мы, плачучы ці то ад цыбулі, ці то ад паўстанцкіх паразаў мінулых гадоў, шэптам перапыталі адна адну: “Якое тут, даражэнькая, адраджэнне, калі хутка цывілізацыі гамон?!” Бо як на іх ні глянь, дык замест нармальнай жыткі яны толькі і робяць, што адраджаюцца.
І ў першае Адраджэнне яны што зрабілі? Пры дапамозе розных мастацкіх жанраў і трапных метафар – не без таленту, вядома, – апісалі сваю крыўду родным словам ды замаўчалі яшчэ на паўстагоддзя. У апошняе ж Адраджэнне былі надта занятыя тым, каб паўсюль стаўляць мяккія знакі, пакуль наўкола нашая цудоўная Полаччына ператваралася ў нейкі цвёрды і мулкі… АўсВайс Русланд.
І, Госпадзе, чаму заўсёды ў мужчын быў нехта вінаваты: рука Масквы, Варшавы, Мінска, немцы, мамы, Шушкевіч, драпежныя вавёркі, празмерная мудрасць іх саміх, іхная цяга да справядлівасці, машына часу і агульнаславянскія карані?!.
¨¨¨
Пакуль цягнуліся гэтыя шэрыя мужчынскія стагоддзі, жанчыны сядзелі дома і варылі боршч. Гэтаму рамяству бабка вучыла матку, матка – дачку, дачка – сваю ляльку. У хаце, у панскай сядзібе, у замку. Хто на сале, а хто – проста нішчымнае бацвінне.
Гатуючы, мы добра зведалі дарогу ад кухні да склепа ці лядоўні. І вось, бываючы там па справе, мы адкрылі і даследавалі хады ў падзем’і, мы пакрысе абнікалі ўсе шахты і пячоры пад зямлёю.
І гэтак урэшце мы, жанчыны, дабраліся да Герадотавага мора. А дакладней, да яго дна. Высветлілі, што калі гэтае мора высахла, дык пад усім нашым краем засталіся ад яго парожніны, такія сабе рэзервуары.
Доўга не думаючы (ну, можа, якое стагоддзе), мы пастанавілі, што калі ўжо варыць боршч, дык цэлае мора. Пунсовы, як кроў, наварысты, як лава…
Пінту за пінтай, літр за літрам, чоп за чопам, рондаль за рондалем вылівалі мы боршч у гэтыя падземныя бездані і парожніны, аж пакуль Герадотава мора не напоўнілася да краёў. Вось так усе жанчыны, тысячу гадоў таму сышоўшы ў кухоннае падполле, пачалі весці двайную баршчовую бухгалтэрыю.