Іх гістарычны след. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч

29.10.2021 Гісторыя

«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.


Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (3 верасня 1731 г. — 1 снежня 1826 г.)

0000.jpg

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч — палітычны і царкоўны дзеяч, вучоны-славіст, пісьменнік, мецэнат.

С.Богуш-Сестранцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Занкі Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці). Паходзіў са шляхецкай сям’і, бацька быў пратэстанцкага, а маці — каталіцкага веравызнання. Прыходзіўся дзядзькам беларускаму пісьменніку-драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Вучыўся ў кальвінісцкай школе ў Кейданах (Літва), пасля чаго непрацяглы час служыў у прускім войску, у гусарскім палку князя Леапольда Анхальт-Дэсау. У 1746 годзе стаў студэнтам берлінскай гімназіі, потым штудзіраваў філасофію ў Франкфурцкім універсітэце. Шэсць гадоў жыцця ў Германіі значна пашырылі яго інтэлектуальны кругагляд. Ён авалодаў некалькімі замежнымі мовамі. У 1751 годзе, паводле адных звестак, вярнуўся ў родавы маёнтак, паводле другіх — працягваў навучанне ва ўніверсітэтах Амстэрдама і Лондана.

00-1.png

У другой палове 1750-х гадоў сватаўся да заможнай панны каталіцкага веравызнання і нават прыняў яе веру, але шлюб так і не адбыўся. Тады вырашыў зрабіць вайсковую кар’еру і даслужыўся да звання харунжага, а потым і капітана Літоўскай гвардыі. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1761 годзе працаваў хатнім настаўнікам у князёў Радзівілаў. Адначасова рабіў першыя літаратурна-навуковыя спробы.

Добрае выхаванне, валоданне замежнымі мовамі, абаяльнасць Станіслава прыцягнулі ўвагу віленскага біскупа Ігнація Масальскага, па рэкамендацыі якога ён паступіў ў Галоўную школу піяраў у Варшаве. Пасля яе заканчэння ў 1763 годзе быў пасвечаны ў духоўны сан і працаваў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам у Вільні. Разумовыя і маральныя якасці забяспечылі яму хуткую духоўную кар’еру.

Падарожнічаў па Францыі. У 1772 годзе сустрэўся ў Вільні з расійскім паслом Сальдэрнам, які пасвяціў яго ў свае планы стварэння каталіцкага біскупства на землях, набытых Расіяй пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1773 годзе па настойлівых рэкамендацыях караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Ігнація Масальскага і Сальдэрна С.Богуш-Сестранцэвіч быў прызначаны віленскім біскупам-суфраганам.

000.jpg
Мармуровы бюст С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пецярбургу.

Новы этап кар’еры і грамадскай дзейнасці С.Богуша пачаўся з яго візіту ў Пецярбург. Расійская імператрыца Кацярына II прыхільна паставілася да праблем беларускіх католікаў і прызначыла С.Богуша-Сестранцэвіча біскупам беларускім з рэзідэнцыяй у Магілёве, у 1782 годзе — архібіскупам, кіраўніком Магілёўскай каталіцкай епархіі. Умяшанне венцаноснай асобы ў духоўныя справы выклікала канфлікт з папствам, якое прызнала паўнамоцтвы Богуша-Сестранцэвіча толькі праз тры гады. Кацярына II дамагалася для яго ад Папы Рымскага нават правоў на знак кардынала. Абапіраючыся на яе падтрымку, магілёўскі архібіскуп процідзейнічаў уплыву Ватыкана на славянскім усходзе і імкнуўся да максімальнай незалежнасці ад Папы.

Вясной 1783 года С.Богуш-Сестранцэвіч падарожнічаў у свіце Грыгорыя Пацёмкіна ў Крым. З уражанняў ад паездкі нарадзілася вершаваная трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» і двухтомная навуковая праца «Гісторыя Таўрыды». У1793 годзе ён выдаў у Магілёве, у заснаванай ім друкарні, сваю гісторыка-краязнаўчую працу «Аб Заходняй Расіі», у якой разглядаў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) біскуп Станіслаў распаўсюдзіў сваю юрысдыкцыю на новадалучаныя да Расіі землі. І хоць ён спачуваў паўстанню пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Кацярына II аддавала яму ўсё большую перавагу перад езуітамі. Гэтак жа літасціва паставіўся да С.Богуша-Сестранцэвіча на пачатку царавання і Павел I: у 1798 годзе прызначыў мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх цэркваў Расійскай імперыі, узвёў у званне камандора Вялікага Крыжа Св.Іаана Іерусалімскага. Папа Рымскі прызнаў за мітрапалітам права на знак кардынальскай годнасці (права насіць пурпуровае кардынальскае адзенне, акрамя шапкі), чаго дамагалася для С.Богуша-Сестранцэвіча яшчэ Кацярына II.

Мітрапаліт быў праціўнікам езуітаў. Пад іх уплывам неўраўнаважаны Павел I у 1980 годзе выслаў яго з Санкт-Пецярбурга. Але ўжо праз год, пры Аляксандры I, ён вярнуўся, быў прызначаны старшынёй Духоўнай рымска-каталіцкай калегіі і папскім прымасам і з 1801 года да канца сваіх дзён жыў у Пецярбургу.

001.jpg
Касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

Высокія рангі і саны ў царкоўнай іерархіі не перашкаджалі мітрапаліту быць прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, выступаць супраць разумовага прыгнёту і схаластыкі ў навуцы. Свой аўтарытэт, высокія пасады і сродкі часта выкарыстоўваў на пашырэнне асветы. Спрыяў адкрыццю школ у Беларусі, развіццю кнігавыдавецкай справы. Заснаваў друкарню ў Магілёве. За час дзеяння (1774–1797) у ёй было выдадзена больш за 50 назваў кніг.

С.Богуш-Сестранцэвіч быў шырока адукаваным чалавекам: працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і іншых. Займаўся даследаваннем многіх гуманітарных праблем. Аўтар навуковых прац «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793), «Гісторыя Таўрыды» (Брауншвейг, 1800, рускі пераклад: СПб., 1806), чатырохтомнай «Гісторыі сарматаў і славян» (СПб., 1812), «Даследаванне аб паходжанні рускага народа» (СПб., 1818), «Літоўская граматыка» (мелася на ўвазе граматыка беларускай мовы; не выдадзена) і іншыя. Мітрапаліт-творца пакінуў таксама дзённік.

Чытайце таксама: Іх гістарычны след. Ілля Капіевіч

С.Богуш-Сестранцэвіч абіраўся членам Расійскай акадэміі навук, Маскоўскага ўніверсітэта, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, таварыства сяброў навук у Рызе, Лонданскага сельскагаспадарчага таварыства, Кракаўскага навуковага таварыства. З 1813 года — прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства. Быў членам яшчэ многіх навуковых і літаратурных таварыстваў. Працы мітрапаліта публікаваліся таксама ў расійскай і польскай прэсе. Акрамя таго, ён пісаў вершы, драматычныя творы, казанні і іншыя дыдактычныя працы. Пераклаў з еўрапейскіх моў і выдаў значную колькасць твораў. Захапляўся вывучэннем помнікаў старажытнасці, збіраў манускрыпты. Спадчыну С.Богуша-Сестранцэвіча часткова выдаў у 1872 годзе А.Вярыга-Дарэўскі.

С.Богуш-Сестранцэвіч быў мецэнатам: заснаваў стыпендыі для бедных юнакоў і дзяўчат, завяшчаў для гімназіі ўласны дом у Пецярбургу, аказваў фінансавую падтрымку Таварыству дабрачыннасці ў Вільні, членам якога з’яўляўся. За свой кошт пабудаваў у Пецярбургу касцёл Святога Станіслава, у якім і быў пахаваны.