Больш за 5 000 малодшых школьнікаў Брэста і Брэсцкай вобласці прынялі ўдзел ва ўроках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»
Напачатку новага навучальнага года незвычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры «Чытаем па-беларуску з velcom» сабралі больш за 5 000 вучняў малодшых классаў ў 25 школах Брэста і Брэсцкай вобласці. Усяго ў адукацыйнай ініцыятыве, якая стартавала ў 2015 годзе, узялі ўдзел ужо больш за 11 000 школьнікаў з трох рэгіёнаў Беларусі.
Год назад кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ініцыявала сацыяльны адукацыйны праект па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры – «Чытаем па-беларуску з velcom». За гэты перыяд незвычайныя інтэрактыўныя ўрокі прайшлі ў 80 школах Мінска, Гомельшчыны і Берасцейшчыны.
«Першапачаткова планавалася, што дадатковыя веды па беларускай мове і літаратуры атрымаюць 15 000 школьнікаў па ўсёй Беларусі, – распавёў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. – Але яшчэ са старту праекта арганізатары атрымліваюць дадатковыя заяўкі ад гарадскіх і сельскіх школ з розных куткоў краіны, таму мы разлічваем, што фінальная колькасць удзельнікаў дасягне 20 000».
Настаўнікамі на такіх уроках для вучняў 2-3 класаў выступаюць вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты і акцёры: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Алёна Масла і Таццяна Сівец. На новым этапе «Чытаем па-беларуску з velcom» у Брэсцкай вобласці да пастаянных выкладчыкаў далучылася і дзіцячая пісьменніца Наталля Бучынская. А паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова правяла незвычайныя ўрокі роднай мовы ў горадзе, дзе яна нарадзілася і пачала пісаць свае творы – Бярозе.
Таксама ў ролі настаўнікаў праекта часта выступаюць і беларускія спартоўцы, акцёры і тэлевядучыя. У Брэсце імі сталі беларускі акцёр Сяргей Пяткевіч і прадстаўнік БГК ім. Мяшкова Іван Караічаў.
Завяршыўся брэсцкі этап ініцыятывы заняткамі ў Пінску і Лунінцы. Удзел ва ўроках беларускай мовы і літаратуры для пінскіх вучняў прыняла лёгкаатлетка, прызёр чэмпіянатаў Свету і Еўропы Аліна Талай. Падчас урокаў Аліна распавяла пра тое, чаму важна размаўляць на роднай мове і правяла інтэрактыўную гульню са школьнікамі на веданне спартыўных беларускамоўных тэрмінаў.
«Я з радасцю далучылася да такога цікавага праекта, як «Чытаем па-беларуску з velcom». На самой справе вельмі займальна праводзіць ўрокі ў школах, назіраць за эмоцыямi дзяцей і настаўнікаў, бачыць іх жывую рэакцыю на праект і тое, што ён сапраўды ім цікавы. І немалаважна, што ініцыятыва паступова ахоплівае ўсю Беларусь», – падзялілася ўражаннямі Аліна Талай.
Працяг сацыяльнага адукацыйнага праекта плануецца ў лістападзе ва ўстановах адукацыі Гродна і Гродзенскай вобласці.