BosaeSonca і Паліна Рэспубліка спяюць дуэтам

25.04.2014 Музыка

27 красавіка на сольным канцэрце ў Мінску гурт BosaeSonca прэзентуе дуэт з Палінай Рэспублікай. Песня атрымала назву “Не згарыш”.

Дуэт наспяваў ужо даўно. Лідэр гурту BosaeSonca пазнаёміўся з Палінай на самым пачатку яе творчага шляху. “Ня тое, каб мы сябры, ды і па-за музычнымі справамі амаль не перасякаемся, але бывае такое, што адчуваеш сябе на агульнай хвалі з чалавекам, і тут, відаць той самы выпадак”, – кажа Алесь Кот-Зайцаў.

Штуршком да стварэння дуэту стаў канцэрт Паліны Рэспублікі з нагоды ўласнага 20-годздзя, на які спявачка запрасіла з сэтам гурт BosaeSonca. “Мне падабаецца тое, што робіць Алесь з музыкамі. Для мяне дуэт стаў прыемным экспэрымэнтам, надта цікава самой пачуць што з гэтага атрымаецца”, – зазначае Паліна.

Нягледзячы на агульную сімпатыю да музыкі адно аднаго, Алесь і Паліна задумалі зрабіць нешта адрознае ад свайго стылю. Паводле інфармацыі Tuzin.fm гэта будзе прыгожая замежная песня, якая яшчэ ніколі не гучала на беларускай. Акрамя канцэрта, кампазыцыю таксама мяркуецца запісаць у студыі.

27 красавіка BosaeSonca пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” адыграюць вялікі сольны канцэрт у клубе Tarantino (зваротны бок КЗ “Мінск”), як святкаванне ўзнагароды “Лепшы беларускамоўны альбом” на прэміі Experty.by. Учора ў гурта з’явілася яшчэ адна нагода для святкавання – BosaeSonca атрымалі прыз “Дэбют года” на прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi, пераможцы якой вызначаюцца па меркаванні музыкаў. У галасаванні ўзялі ўдзел 46 беларускіз гуртоў і выканаўцаў

 

Квіткі: танцпол – 80 тыс. (папярэдне ў касах Kvitki.by – https://www.kvitki.by/ru/cashiers/23), 100 тыс. у дзень канцэрта; столікі – 120 тыс. (у клубе). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (адваротны бок КЗ “Мінск”). Даведка: 377 80 00 (Velcom, MТС). Пачатак у 19.00.