Традыцыйна напярэдадні анлайн-канцэрта, які адбудзецца заўтра, «Будзьма!» задае пытанні гасцям — выканаўцам рэгі з Botanic Project Андрэю Багамолаву і Кліму Малажаваму.
Запрашаем на рэгі з Botanic Project – 17 чэрвеня
Выявілася, што Клім Малажавы вызначае сябе як растаман, хаця ў дзяцінстве марыў стаць баскетбалістам. А вось Андрэй Багамолаў хацеў быць Sub-Zero, героем гульні Mortal Kombat. Не варта казаць, што мары герояў не збыліся, але і Клім, і Андрэй гэтым цалкам задаволеныя і нічога не мянялі б у сваім жыцці. Свой ранак музыкі пачынаюць як і ўсе беларусы сёння – з чытання навінаў. А вось хобі ў іх розныя: Клім аддае перавагу чытанню і футболу, а Андрэй – сыну і веласіпеду. Калі казаць пра адпачынак, то ён такі ж, якому ў летні перыяд аддае перавагу шмат беларусаў: лазня, дача, рэчка, смачная ежа і добрая кампанія.
Botanic Project. Фота — Зарына Кандрацьева
І, вядома, нашыя госці, каб ствараць музыку, маюць свае крыніцы для натхнення: для Кліма гэта таленавітыя музыкі, а для Андрэя – жыццё.
Невядомае: легендарны рэгі-гурт Botanic Project у PartyZone
Паколькі Клім захапляецца чытаннем, то арсенал яго літаратурных густаў даволі шырокі, гэта «Даа дэ цзін», «Бхагавадгіта», Джэд Макена, Ашо, Герман Гесэ і далей у тым жа духу. Фільмы не саступаюць кнігам: «Попел і снег», «Палёт над гняздом зязюлі», «Мярцвяк», «Байцоўскі клуб», «Вялікі куш» і іншыя. Музыка: Боб Марлі, Стынг, Рэй Чарльз, Майкл Джэксан і гэтак далей.
Андрэй у прынцыпе падтрымаў спіс Кліма, але дадаў яшчэ «Дзяніскавы апавяданні» і «Карані травы», у музыку — Міхея, джаз 20-30-х гадоў, хіп-хоп 90-х, Queen. Фільмы Андрэй не памятае, перагледзеў іх шмат, але імкнецца забываць, каб пасля было цікава пераглядаць нанова.
Botanic Project. Фота — Зарына Кандрацьева
Ну і, вядома, мы не маглі абысці пытанні пра стаўленне да падзей 2020 года, якія Клім успрыняў балюча, а Андрэй – натхняльна. І напрыканцы нашы героі, як і ўсе мы, бачаць Беларусь будучыні вольнай і свабоднай краінай.
Канцэрт Botanic Project адбудзецца заўтра, 17 чэрвеня, на нашым ютуб-канале.
Запрашаем далучацца і задаваць свае пытанні ў каментарах!