Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведаем самы вядомы сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны азёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі, дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем наведаць вёскі Опса, Далёкія і Плюсы.
Фота: planetabelarus.by
Опса
Першым нашым прыпынкам сёння будзе вёска Опса Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, якая размяшчаецца на беразе аднайменнага возера. Опса ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1500 годзе, калі вялікі князь Аляксандр перадаў паселішча ў карыстанне смаленскаму князю Глазыню, уладанні якога ў той час былі акупаваныя маскоўскім войскам. У розныя часы ў Опсе гаспадаралі Дусяцкія-Рудаміны, Зяновічы, Цехнавецкія. У 1823 годзе Опса перайшла да Плятэраў. У гэты ж час адбыўся вялізны пажар, які знішчыў палову мястэчка.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У 1904 годзе Плятэры ўзвялі ў Опсе новы сядзібна-паркавы комплекс, які мы можам пабачыць і сёння. Комплекс складаўся з палаца, гаспадарчых пабудоваў, саду і парку, у якім да нядаўняга часу рос уласны дуб-волат.
Фота: @faccetta
Сядзібна-паркавы комплекс Плятэраў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Сядзіба Плятэраў, Опса, 1930
Сядзіба Плятэраў была пабудавана на сродкі Фелікса Плятэра ў стылі неакласіцызм. Леваруч ад палаца захаваўся аднапавярховы флігель на высокім падмурку, складзены з бутавага каменю. Сам будынак драўляны, аднак галоўны фасад мае мураваную сцяну, да якой далучаецца мураваны ганак з цэнтральным уваходам.
Фота: @faccetta
Фота: @faccetta
Побач можна пабачыць склеп з чырвонай цэглы, які калісьці выконваў ролю лядоўні, і некалькі іншых гаспадарчых пабудоваў: стайню, вазоўню, хлеў, свіран. Побач з палацам захавалася невялічкая частка пейзажнага парку, з якога да возера можна прайсціся каскадам маляўнічых масткоў. Побач месціцца сад, дзе за польскім часам размяшчалася парніковая гаспадарка.
Фота: fotobel.by
Фота: @faccetta
Фота: planetabelarus.by
Падчас Першай сусветнай вайны ў Опсе размяшчаліся шматлікія тылавыя ўстановы, штабы расійскага войска, на тэрыторыі маёнтка Плятэраў размяшчаўся вайсковы шпіталь. У 1922 годзе сядзібу ў Плятэраў выкупілі польскія ўлады і пасля рамонту ў 1927 годзе размясцілі ў ёй сельскагаспадарчую школу, якая дзейнічала да самага прыйсця савецкай улады ў 1939-м. Па Другой сусветнай вайне ў будынку размясціўся дзіцячы прытулак. З таго часу над уваходам у сядзібу застаўся напаўсцёрты надпіс «За наше счастливое детство спасибо, родная страна!».
Фота: planetabelarus.by
Фота: @faccetta
Вядома, што ў 1916 годзе праз Опсу была пракладзена вузкакалейка Друя — Дукшты, яна праходзіла практычна праз увесь раён па вельмі маляўнічай мясцовасці. За міжваеннай Польшчай гэтая вузкакалейка выкарыстоўвалася не толькі ў якасці сродку перасоўвання, але і як самастойны турыстычны маршрут. У 1960-я вузкакалейку разабралі, але па ініцыятыве месцічаў у адным месцаў, дзе пралягала чыгунка, ўсталяваны вялікі пяцітонны помнік цягніку, зроблены супрацоўнікамі Відзіўскага каледжа.
Фота: planetabelarus.by
Асноўнай архітэктурнай перлінай Опсы з’яўляецца касцёл Св. Яна Хрысціцеля — помнік другой паловы ХІХ стагоддзя, які можна пабачыць у самым цэнтры колішняга мястэчка.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Першы драўляны касцёл у Опсе быў пабудаваны, паводле розных звестак, у XVI–XVII стагоддзі. Наступны быў узведзены ў 1768 годзе, але таксама пацярпеў ад пажару і быў цалкам знішчаны ў 1886 годзе. Праз год з чырвонай цэглы па фундацыі Ядвігі Цеханоўскай быў збудаваны новы касцёл у неагатычным стылі, які захаваўся да нашых дзён. У 1949 годзе савецкія ўлады зачынілі храм і перарабілі яго пад сховішча. У 1990 годзе касцёл быў вернуты вернікам і дзейнічае па сённяшні дзень.
Фота: planetabelarus.by
Фота: vedaj.by
Опса, 1928
Варта звярнуць увагу на агароджу вакол касцёла, складзеную з цэглы і бутавага каменю, і на плябанію, узведзеныя адначасова з храмам. Да таго ж на цэнтральнай плошчы ў Опсе захавалася двухпавярховая жылая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якая добра перадае атмасферу мінулага гэтага даўняга мястэчка.
Фота: vedaj.by
Опса, 1919–1930
Далёкія
Далей рушым у вёску Далёкія, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1582 годзе. Месцічы кажуць, што назва вёскі паходзіць ад першых жыхароў паселішча, якія, відаць, пераехалі сюды з далёкіх краёў. Іх пачалі клікаць далячанамі, а вёску Далёкія. Ёсць версіі пра гаспадара мясцовых земляў Далецкага, пра тое, што паселішча першапачаткова размяшчалася ў аддаленасці ад іншых. Так яно ці інакш, відаць, ніколі не даведаемся.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Але ўпэўнена можна сцвярджаць, што ў вёсцы Далёкія на маляўнічым узвышшы, парослым соснамі, варта звярнуць увагу на мясцовы касцёл Святога Станіслава — прыклад драўлянага дойлідства, узведзены ў 1930-я гады мінулага стагоддзя ў стылі мадэрн. Касцёл быў асвечаны 1 чэрвеня 1939 года віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Адметна, што касцёл не зачыняўся і падчас Другой сусветнай вайны, і за савецкай уладай.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Плюсы
Далей прапануем завітаць у вёску Плюсы, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у XVI стагоддзі пад назвай Перасвеціца. Паселішча знаходзілася ва ўласнасці вялікіх князёў. Ужо ў 1784 годзе Плюсы маюць статус мястэчка з аднайменным маёнткам роду Сальмановічаў побач. Напрыканцы XVIII стагоддзя гаспадары маёнтка Плюсы фундавалі будаўніцтва тут першага драўлянага касцёла Святой Тройцы.
Фота: glubinka.by
Фота: glubinka.by
Тагачасны касцёл неаднаразова цярпеў ад пажараў і да нашых дзён не захаваўся. Сёння ў Плюсах мы можам пабачыць велічны мураваны храм, пабудаванны напачатку ХХ стагоддзя ў неараманскім стылі, што з’яўляецца не зусім тыповым для таго перыяду, бо большасць храмаў на той час на тэрыторыі Беларусі ўзводзілася ў неагатычным стылі.
Фота: holiday.by
Фота: holiday.by
Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касцёл, будынак якога перарабілі спачатку пад школу, пасля пад краму. У 1989 годзе храм быў вернуты вернікам, якія яго аднавілі. Касцёл дзейнічае па сёння і з’яўляецца архітэктурным помнікам, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Вёска Плюсы размешчана на паўднёва-заходнім беразе аднайменнага возера. Асаблівасцю возера з’яўляецца наяўнасць дзевяці выспаў агульнай плошчай дзевяць гектараў. Самыя буйныя з іх, Вялікая і Малая, размяшчаюцца акурат насупраць вёскі Плюсы. Аматараў рыбалкі на возеры Плюсы чакаюць шчупакі, акуні, ляшчы, платва і іншыя віды рыбаў. Тут арганізавана платная рыбалка.
Фота: fotobel.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ