Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка пятая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведваем самы вядомы сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны азёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем наведаць колішняе мястэчка, сёння пасёлак гарадскога тыпу Друя, дзе варта затрымацца надаўжэй, бо тут захавалася вялікая колькасць гістарычных архітэктурных помнікаў, сведкаў далёкай мінуўшчыны.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Друя

Друя — старажытнае магдэбурскае мястэчка на мяжы гістарычных Браслаўшчыны і Полаччыны. Да нашых дзён тут захаваўся Барысаў камень, рэшткі замка Сапегаў, схаваныя шчыльнай гарадской забудовай, комплекс кляштара бернардынаў з касцёлам Найсвяцейшай Тройцы, цэрквы Звеставання Багародзіцы, Святых апосталаў Пятра і Паўла, Святога Юр’я. Вялікая колькасць помнікаў зусім трошкі не дачакалася, каб мы пабачылі іх на свае вочы: так былі зруйнаваныя расійскімі і савецкімі ўладамі кляштар дамініканаў з касцёлам Святога Антонія XVIII стагоддзя і Вялікая сінагога XVII стагоддзя.

2.jpg

 3.jpg
Выгляд на Вялікую Сінагогу, Друя, першая палова ХХ ст.

3-1.jpg
Дамініканскі касцёл, 1909

Друя размяшчаецца на самым ускрайку Беларусі — на левым беразе Дзвіны, дзе ў яе ўпадае рака Друйка. На правым беразе ўжо можна пабачыць Латвію. Вёска Піедруя, ці Прыдруйск, на супрацьлеглым беразе некалі была часткай паселішча, мяжа па рацэ з’явілася пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Сёння Друя — ціхае мястэчка з насельніцтвам у некалькі тысячаў жыхароў, але калісьці яна была даволі буйным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам.

4.jpg
Фота: vedaj.by

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

Упершыню Друя ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1386 годзе як частка ўладанняў князя Андрэя Альгердавіча. Але, вядома, паселішча ўзнікла значна раней, у часы Полацкага княства. Пра гэта сведчыць знойдзены ў рэчышчы ракі Друйка Барысаў камень з надпісам XII стагоддзя і шасціканцовым крыжом. Друя размяшчалася на значным гандлёвым шляху, таму жыццё тут заўжды віравала. Напрыканцы ХV стагоддзя Друя ўжо належала князям Масальскім, якія разам з мястэчкам атрымалі і права вольнага гандлю на Дзвіне.

6.jpg
Напалеон Орда, Друя, 1875–1877

7.jpg
Дзмітрый Струкаў, Друя, 1864

Напачатку XVII стагоддзя паселішчам зацікавіўся Леў Сапега. Ён прыдбаў мясцовы маёнтак, а з ім і некалькі бліжэйшых вёсак. Сапегам тут спадабалася, і яны вырашылі заснаваць непадалёк новы горад, названы у гонар свайго роду — Сапежын, сёння гэта раён Друі. У 1618 годзе Сапежын атрымаў права на самакіраванне і прыгожы герб — ладдзю з узнятым ветразем на блакітным барочным шчыце. Сёння гэта герб Друі. У часы Сапегаў тут жылі каля двух тысячаў чалавек, дзейнічалі каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія храмы і сінагога.

7-2.jpg
Фота: planetabelarus.by

8.jpg

9.jpg
 Дзмітрый Струкаў, Друя, 1864

Эканамічны дабрабыт уплываў на культурніцкае развіццё Друі. У XVI стагоддзі тут было напісана Друйскае Евангелле, якое называюць адным з узорных прыкладаў беларускай рукапіснай традыцыі. Цяпер кніга з каляровымі малюнкамі і мініяцюрамі прыватызаваная фондамі расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Пецярбургу, з Беларусі кніга была вывезеная яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

10.jpg

11.jpg

11-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

У 1772 годзе задзвінская частка Друі, якая на той час звалася Прыдруйскам, апынулася ў складзе Расійскай імперыі, а ўжо ў 1793-м, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, уся Друя адыйшла да Расіі. Падчас вайны з Напалеонам у ваколіцах Друі адбылося некалькі важных бітваў, а ў часы Першай сусветнай вайны Друя стала прыфрантавым горадам. У той час тут была пракладзена вузкакалейка для вайсковых патрэбаў, яна спалучала Друю з Браславам, Опсай. За савецкім часам па Дзвіне праходзіла мяжа Беларускай і Латышскай ССР.

12.jpg
Фота: planetabelarus.by

12-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Барысаў камень

Што тычыцца помнікаў, якія варта пабачыць у Друі, то раім пачаць з ужо згаданага вышэй Барысавага каменя, які сёння месціцца на цэнтральнай плошчы мястэчка. Гэта адзін з пяці валуноў, знойдзены ў рэчышчы Дзвіны з выбітым крыжам і надпісамі, якія датуюцца XII стагоддзем. Знайшлі Друйскі валун у ХІХ стагоддзі, а далі рады дастаць на паверхню ў 2002 годзе, калі ўзровень вады ў Дзвіне апусціўся да рэкорднага ўзроўню.

13.jpgФота: planetabelarus.by

Касцёл Святой Тройцы

Самым старажытным з захаваных архітэктурных помнікаў у Друі з’яўляецца касцёл Святой Тройцы. Будаўніцтва храма фундавалі Сапегі ў 1643–1646 гадах, пасля таго як у мястэчка былі запрошаныя манахі-бернардынцы і заснаваны кляштар. Храм дастаткова аскетычны звонку, што характэрна для стылю ранняга барока, у якім збудаваны касцёл, але ўнутры будынак разнастайна дэкараваны.

13-1.jpgФота: planetabelarus.by

13-2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Нягледзячы на тое, што касцёл моцна пацярпеў падчас войнаў, а за савецкім часам належаў да меліяратыўнага таварыства, а па сутнасці ніяк не выкарыстоўваўся ды паступова разбураўся, у храме па сёння добра захаваўся галоўны алтар.

14.jpg
Фота: planetabelarus.by

15.jpg
Фота: planetabelarus.by

Унутранае аздабленне храма фармавалася ў XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока і ракако. Галоўны алтар, сцены і скляпенні ўпрыгожаны скульптурамі, па-мастацку распісаныя. З усходняга боку да храма прылягае двухпавярховы жылы будынак кляштара, утвараючы замкнёны падворак. У 1923 годзе кляштар быў перададзены айцам-марыянам.

16.jpg

17.jpg

Зараз касцёл адноўлены і адчынены для вернікаў. Тэрыторыя навокал храма дагледжаная і ўтульная — выглядае на маленькі парк з разнастайнымі клумбамі і невялікай сажалкай.

18.jpg
Фота: vedaj.by

Яўрэйскія могілкі

Вядома, што з XVII стагоддзя Друйскі кагал быў самым вялікім на Браслаўшчыне. Яўрэйскай супольнасцю пры дапамозе Сапегаў у Друі была ўзведзена Вялікая сінагога, унутранае ўбранства якой было надзвычай прыгожым ды разнастайным. Архітэктурны помнік, на жаль, быў знішчаны за Саветамі і захаваўся толькі на здымках.

19.jpg

19-1.jpg

Падчас Другой сусветнай вайны ў Друі было створана яўрэйскае гета, у якім было забіта больш за дзве тысячы чалавек. На старажытных яўрэйскіх могілаках, што размяшчаюцца на выездзе з Друі ў бок Браслава, пахаваныя ахвяры гета і іншыя месцічы яўрэйскага паходжання, якія жылі тут некалькі стагоддзяў таму.

20.jpg
 Фота: planetabelarus.by

21.jpg
Фота: 34travel.me

21-1.jpg
Фота: 34travel.me

Царква Дабравешчання Святой Багародзіцы

Царква Дабравешчання Святой Багародзіцы была галоўнай праваслаўнай святыняй Друі, яна была ўзведзена на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў. Да будынка прыналежаў мураваны кляштар, ад якога пасля Другой сусветнай вайны засталіся толькі крушні. За савецкім часам будынак царквы выкарыстоўваўся як сховішча, а пасля зачынены. На дадзены момант помнік  рэстаўруецца сіламі валанцёраў праекта «Таямніцы пры граніцы», якія прыязджаюць у Друю з усёй краіны.

22.jpg
Фота: planetabelarus.by

23.jpg
Фота: planetabelarus.by

23-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Уніяцкая царква Святых Пятра і Паўла

Ад грэка-каталіцкай царквы таксама можна пабачыць толькі крушні. Яна была ўзведзена напрыканцы XVIII стагоддзя ў стылі позняга барока. Пасля ліквідацыі уніі храм быў перададзены праваслаўным. Будынак моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны і больш не аднаўляўся.

24.jpg
Друя, Петрапаўлаўская царква, Дзмітрый Струкаў, 1864

25.jpg
Друя, Петрапаўлаўская царква, 1930

25-1.jpg
Фота: vedaj.by

Царква Святога Георгія

Драўляная царква Святога Георгія ўзведзена ў ХІХ стагоддзі на праваслаўных могілках. Храм упрыгожаны вежай-званіцай з шатровым дахам. Гэтую царкву можна пабачыць і сёння ў добра захаваным стане.

26.jpg
Фота: planetabelarus.by

27.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сядзібна-паркавы комплекс Сапегаў

Першапачаткова сядзібна-паркавы комплекс Сапегаў быў узведзены ў ХІХ стагоддзі ў стылі класіцызм. Але за савецкім часам будынак сядзібы быў моцна перабудаваны. Сёння ў колішнім палацы месціцца лякарня. Побач з ёй варта звярнуць увагу на некалькі гаспадарчых пабудоваў, узведзеных адначасова з сядзібай.

28.jpg
Фота: planetabelarus.by

29.jpg
Фота: planetabelarus.by

29-1.jpg
 Фота: vedaj.by

Варта звярнуць увагу і на шараговую местачковую забудову канца ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя, якая ў вялікай колькасці захавалася ў Друі. Тут добра можна ўявіць, як выглядала мястэчка яшчэ сто год таму.

30.jpg
Фота: vedaj.by

Турыстычнай прывабнасці Друі дадаюць і прыродныя асаблівасці, у прыватнасці дзвюх рэк, у сутоках якіх узведзены горад. Мост праз раку Друйка быў узведзены ў 1933 годзе і функцыянуе па сённяшні дзень. А з набярэжнай Дзвіны можна пабачыць маляўнічыя краявіды суседняй Латвіі.

31.jpg

32.jpg
Фота: vedaj.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ