Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведаем самы вядомы сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны азёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі, дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем наведаць вёску Слабодка і некалькі цікавых аб’ектаў у ваколіцах: Слабодскую озавую граду, што знаходзіцца паміж азёрамі Поцех і Недрава, «чортаву яму», гарадзішча Маскавічы, возера Чортава вока і шмат іншых цікавостак.
Фота: planetabelarus.by
Слабодка
Спачатку рушым у вёску Слабодка, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1618 годзе як паселішча Друйскага двара, а ў 1649 годзе ўжо пазначана як мястэчка Слабада. Недзе з XVIII стагоддзя мястэчка Слабодка стала ўласнасцю старажытнага шляхецкага роду Мірскіх. Падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі падкаморым Браслаўскім быў Багуслаў Мірскі. Ён падтрымаў паўстанне і заклікаў месцічаў зрабіць тое самае.
Станіслаў Войцех Мірскі
Брат Багуслава, Станіслаў Мірскі, таксама ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, быў паплечнікам аднаго з кіраўнікоў Якуба Ясінскага. Тадэвуш Касцюшка прызначыў яго падчас паўстання ўзначальваць аддзел справядлівасці ў цэнтральным дэпутацтве ВКЛ. Пасля паразы інсургентаў Станіслаў Мірскі быў вымушаны эміграваць, але пасля амністыі Паўла І вярнуўся на радзіму.
У 1800 годзе Станіслаў Мірскі фундуе пабудову мураванага касцёла ў Слабодцы. Храм прастаяў каля ста гадоў, але парафія пашыралася і той касцёл ужо не змяшчаў такую вялікую колькасць вернікаў. Таму ў 1901 годзе па ініцыятыве ксяндза Юзафа Шымовіча распачалася пабудова новага касцёла, які ў 1903 годзе быў асвечаны ў гонар Божага Провіду. Са старога касцёла ў новы былі перанесеныя дзве памятныя шыльды ў гонар фундатараў першага касцёла — Станіслава Мірскага і ягонай жонкі Станіславы.
Касцёл Божага провіду — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Храм пабудаваны ў неараманскім стылі. Аўтэнтычная аздоба інтэр’еру касцёла не захавалася, ён распісаны ў другой палове ХХ стагоддзя віцебскімі майстрамі раслінным арнаментам і біблейскімі сюжэтамі. Вельмі адметны роспіс, які варта пабачыць, бо, пэўна, у Беларусі ён такі адзіны. Мастацкую каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі ўсіх вонкавых дзвярэй касцёла, выкананыя мясцовым кавалём, іх асаблівасць у тым, што ніводная з аздобаў не паўтараецца.
Фота: wikimedia.com
Фота: planetabelarus.by
Фота: fotobel.by
З 1903 года касцёл дзейнічаў увесь час. У лістападзе 1949 года савецкая ўлада зрабіла там зернясховішча, але неўзабаве касцёл зноў пачаў дзейнічаць. Месцічы кажуць, што не без умяшальніцтва мясцовай здані ксяндза Акрэйца, якой спужаўся міліцыянт, які прыйшоў на дапамогу вартаўнікам зерня. Пра здарэнне было дакладзена вышэй, і касцёл у 1953 годзе вярнуўся да каталікоў.
Слабодка, 1933
Слабодка, 1930-я
Храм у Слабодцы часта называюць яшчэ касцёлам Сэрца Езуса. Ён узведзены на высокім узгорку і бачны з разнастайных куточкаў Браслаўшчыны. Касцёл размешчаны на колішняй гандлёвай плошчы, з забудовы якой захаваўся толькі адзін жылы дом. Таксама з пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы захаваўся будынак драўлянага млына.
Пётра Іванавіч Зяляўскі
У Слабодцы жыў майстра па дрэве Пётра Іванавіч Зяляўскі, дом якога ў Слабодцы можна пабачыць і сёння. Раней ягоны падворак упрыгожвалі драўляныя скульптуры, якія пасля смерці майстры былі змешчаны ў фондах Браслаўскага музея традыцыйнай культуры. Адна з самых вядомых скульптураў Пятра Зяляўскага «Святы Юры на кані» — частка сталай экспазіцыі музея.
За Слабодкай ёсць «чортава яма» ( 55°40’40"N 27°10’36"E ) — ледавіковае ўтварэнне, якое мае ідэальна акруглую форму, калісьці, меркавана, там было возера, але струмень ледніковых водаў вымыў з-пад яго глебу, і ўтварылася прорва з пляскатым дном і крутымі схіламі. Яма мае форму кубка, глыбіня яе каля дваццаці метраў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Паводле легенды, месцічы пакутавалі ад вялікай колькасці гадзюкаў у наваколлі. Аднойчы ў вёску прыйшоў жабрак, які шукаў, дзе прытуліцца на ноч. Яго прынялі мясцовыя жыхары на ўскрайку вёскі. Удзячны падарожны прапанаваў здзейсніць любое жаданне гаспадароў. Тыя папрасілі пазбавіць іх ад гадзюкаў, жабрак сабраў усіх гадаў наваколля і знішчыў у гэтай яме. З тых часоў атрутныя змеі тут не вяліся.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ вандроўнікам і турыстам абавязкова варта наведаць возера Чортава вока, якое сёння чамусці перайменавае ў Божае вока. Возера знаходзіцца ў нізіне, бо ўтворанае праз таянне ледавіка, і мае ідэальна круглую форму. Чортава вока схаванае ад дарогі высокім узгоркам, але яно пазначанае на ўсіх мапах, таму прамахнуцца будзе складана.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ каля Слабодкі месцяцца два вялікія возеры Поцех і Недрава. Возеры адно ад аднога адмяжоўвае Слабодская озавая града, якая ўзнікла 16 000 гадоў таму, калі тут раставаў ледавік. Озы — формы рэльефа, якія ўяўляюць сабой доўгія, вузкія, вышынёй да некалькіх дзясяткаў метраў грады водна-ледавіковага паходжання. Слабодскую озавую граду, парослую ядлоўцам, месцічы часта называюць Рогам. Зараз па градзе зроблена экалагічная сцежка працягласцю чатыры з паловай кіламетры, з якой можна пабачыць шмат прыгожых краявідаў.
Фота: planetabelarus.by
У 30-я гады мінулага стагоддзя на градзе месціўся гарнізон польскага памежнага войска. На адным з самых высокіх месцаў озавай грады, сярод маляўнічых краявідаў навокал, сустракаліся вайскоўцы з мясцовымі дзяўчатамі, з тых часоў месца называюць Гарой мілосці.
Фота: planetabelarus.by
Возеры Неспіш і Недрава звязаныя між сабой шырокай пратокай, што робіць іх прывабнымі для аматараў разнастайных сплаваў. Уздоўж заходняга берага Недрава можна назіраць з вады озавую граду. Ля берага возера Поцех узвышаецца Лейбава гара — яшчэ адна ўдалая аглядальная кропка, якая засталася нам у спадчыну таксама ад ледавіка. У ваколіцах Слабодкі шмат разнастайных аграсядзібаў, у якіх можна арандаваць чоўны ці байдаркі.
Фота: viedaj.by
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адным цікавым помнікам у ваколіцах Слабодкі з’яўляецца гарадзішча Маскаўцы, што знаходзіцца каля вёскі Маскавічы. Гарадзішча датуецца перыядам XI–XIII ст. У тыя часы яно з’яўлялася памежнай крэпасцю Полацкага княства. У 1960-я — 1980-я гг. тут праводзіліся археалагічныя раскопкі, падчас якіх былі знойдзены рунападобныя надпісы і малюнкі на костках жывёлаў, якім больш за 900 год, і рэдкая для Усходняй Еўропы фібула.
Фота: planetabelarus.by
Пра сталыя кантакты жыхароў гарадзішча са скандынавамі сведчаць знойдзеныя археолагамі ўпрыгожанні з бронзы, косткі і шкла, нажы, замкі і зброя. Гарадзішча мае спляжаную паверхню і крутыя схілы, у яго ўваходзіць суседняя паўвыспа, з якой адкрываюцца маляўнічыя краявіды азёраў Неспіш і Недрава, озавай грады ды вежаў Слабодскага касцёла.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, Budzma.org