Майстар-клас па геральдыцы «Герб маёй сям’і» правядуць у музеі традыцыйнай культуры ў Браславе 22 лютага. Наведаць сямейны вечар можна бясплатна.
Ілюстрацыйнае фота з сайта fb.ru
Некаторыя браслаўчане ўжо адгукнуліся на прапанову музея. Так, на мерапрыемства плануюць прыйсці цэлыя сем’і, настаўнікі і самі музейныя супрацоўнікі.
Пра гэта Край.бай паведаміла дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак.
– Занятак правядзе галоўны захавальнік фондаў нашага аб’яднання Ганна Базарэвіч. Дарэчы, ініцыятыва правесці падобны сямейны вечар таксама належыць ёй, – падкрэсліла дырэктар. – Ганна раскажа, што такое сямейны герб, для чаго ён ствараўся, а затым пяройдзе да тэхналогіі яго стварэння. Складаць такі герб можна на падставе не толькі інтарэсаў, каштоўнасцяў і гісторыі сям’і, але і з улікам яе членаў. Напрыклад, котку або сабаку – некаторыя таксама лічаць членамі сваёй сям’і. Між іншым, – дадала суразмоўца, – калі прыйсці ўсёй сям’ёй не атрымаецца, дастаткова і аднаго чалавека.
Па словах Надзеі Дударонак, усе неабходныя матэрыялы будуць нарыхтаваны для ўдзельнікаў сустрэчы загадзя. Алоўкі, маркеры і крэйду арганізатары таксама дадуць бясплатна.
Як распавяла нашаму парталу Ганна Базарэвіч, вечар будзе складацца з тэарэтычнай і практычнай часткі. Асноўная ідэя заняткаў, адзначыла яна, у тым, каб абудзіць цікавасць у браслаўчан да гісторыі сваёй сям’і і самаідэнтыфікацыі.
– Майстар-клас па геральдыцы я прыдумала не сама, – падзялілася галоўны захавальнік фондаў. – Падобны занятак са мной праводзіла лепшы выкладчык іўрыту ў Беларусі Ілана Акапян. Яна і паказала, як пісьменна скласці тэарэтычную частку, каб зроблены герб адпавядаў усім канонам: гэта і форма шчыта, і геральдычныя фігуры, колер і сімвалы. У практычнай частцы я прапаную стварыць герб кожнаму ўдзельніку сустрэчы. Можна сказаць, што гэта больш творчасць, чым прэтэнзія на радавы герб, – патлумачыла яна. – Калі камусьці будзе цяжка вызначыцца са зместам, я прапаную гатовыя сімвалы, якія абазначаюць якасці, прафесію і нават знакі задыяку. Яшчэ адзін важны момант, – дадала Ганна Базарэвіч, – гэта дэвізная стужка герба, дзе звычайна ўтрымліваюцца жыццёвая пазіцыя ці крэда. Менавіта ён прымушае задумацца кожнага «Хто я такі? і «Для чаго я існую?».
З музея, па словах Ганны Базарэвіч, усе ўдзельнікі майстар-класа выйдуць з гербамі, якія яны змогуць забраць дадому.
Кацярына Сушко, kraj.by
Тэгі: Браслаў