Замест «Морбіуса» і «Таямніцаў Дамблдора» беларусам у кіно паказваюць «Брат» ды «Брат-2». Пішуць, што так запаўняюцца пусткі ў кінапракаце. Але не ўсё так проста. Паспрабуем зрабіць рэцэнзію на гэтыя «кінанавінкі».
Выхад у пракат «Брата» (1997) і «Брата-2» (2000) стаў культурным шокам для постсавецкай прасторы. Хлопцы рабілі сабе «абрэзы» з трубаў, размаўлялі фразамі з фільма, перадавалі адзін аднаму касеты і дыскі «Науцілуса». Нарэшце, сярод шэрасці 1990-х яны знайшлі куміра.
Далёка не кожны задумваўся, што абодва фільмы за фасадам экшна і драматызму маюць глыбокі ідэалагічны пасыл і набор культурных кодаў. Калі разабрацца, то Даніла Багроў не менш ідэалагізаваны персанаж за Васіля Цёркіна, які стаў героем для некалькіх пакаленняў савецкіх юнакоў.
«Русские на войне своих не бросают»
Пачнем з таго, што львіная доля рускай культуры ў прынцыпе — паэзіі, прозы, кінематографа — заточана на вайну. Галоўны герой — былы або дзейсны вайсковец. Без гэтага вобраз героя не складаецца, яму не павераць. Магія пагонаў працуе ў Расіі ад шоў-бізнесу да выбараў у Думу.
У "Браце"/"Браце-2″ вайны нібы няма. Няма кадраў баявых дзеянняў, франтоў і акопаў. Але Даніла Багроў — ветэран Чачэнскай. На пачатку «Брата» ён яшчэ ходзіць у камуфляжным бушлаце. Даніла вярнуўся з вайны, але... прынёс яе з сабой. У заплечніку, на падэшвах берцаў.
Сваю вайну ён працягвае ў цывільных умовах. Першая частка — «Брат» — гэта вайна ў Піцеры, на радзіме. Далей — «Брат-2» — гэта тая ж вайна ў Маскве і нарэшце ў Штатах. Мы бачым той самы вобраз «вызваліцеля», які адваёўвае спачатку сваю тэрыторыю, пасля — граміць логава ворага.
Спектр ворагаў максімальна шырокі: ад мясцовых бандзюкоў і чачэнцаў да амерыканскіх порнадылераў. Гэта спрадвечная ідэя: «вокруг враги». Герой нібы адзіночка, яму здраджвае нават родны брат, але па выніку Багроў даведваецца, што ў яго ёсць «огромная семья». Ён ваюе ўжо не за сябе асабіста, а — за Расію.
«Не брат ты мне...»
Абодва фільмы — наўпрост двухтомная энцыклапедыя ў плане стаўлення рускіх да розных нацыянальнасцяў. Знакамітая сцэна ў трамваі, дзе Багроў пагражае пісталетам каўказцам і кажа культавае: «Не брат ты мне...» і далей па тэксце, коратка акрэслівае «каўказскае пытанне». Фільм быў зняты паміж двума Чачэнскімі — усё зразумела. Цікава, што пазней, па з’яўленні Кадырава, нічога падобнага ў расійскім кіно не назіралася.
Наступны тыпаж — немец Гофман, які дапамагае і ратуе Багрова. Гэта нібы дух старога Піцера, яго парадных і падваротняў. Вядома, што да стварэння Пецярбурга і рускай культуры ў еўрапейскім фармаце шмат у чым прыклаліся немцы. Але Гофман — стары валацуга. Яго час мінуў. І на ягонае месца павінен прыйсці нехта іншы, маладзейшы і мацнейшы.
У другой частцы Багроў сустракае ў Штатах габрэя, які прадае яму машыну: «Мы гуские, дгуг дгуга не обманываем». Канечне, падманваюць. Аўто ламаецца. Ці магло быць па-іншаму? Яшчэ характэрна, што габрэй выдае сябе за «рускага», то-бок — хлусіць двойчы.
Украінцы паказаныя бандытамі. У аэрапорце брат героя перапытвае: «Бандеровец?!». Сакраментальнае слова, якое з 2013-га пачне гучаць у Расіі з кожнай разеткі. У кіно ўкраінцы жывуць у Штатах — у логаве ворага. То-бок, «прадаліся». Ну і фінальнае: «Вы мне еще за Севастополь ответите!» не патрабуе каментароў. Гэта прамоўленая мара, прароцтва, ідэя-фікс.
«Скоро всей вашей Америке — кирдык. Мы вам устроим...»
Першы заходнік з’яўляецца яшчэ ў першай частцы «Брата» — гэта француз, які паліць траву на вечарынцы. Багроў тлумачыць яму: «Музыка ваша американская г*но. Да и сами вы... . Мы вам устроим...» Пасля выяўляецца, што гэта ўсё ж француз, на што Даніла кажа: «Какая разница?».
Гэтае «какая разница?» мы яшчэ пачуем у размове пра Кіркорава — балгарын ён ці румын. То-бок, па вялікім рахунку, для рускага няма розніцы, якой ты нацыянальнасці. Калі ты заходнік ці наўпрост прыняў заходні лад жыцця і каштоўнасці — ты чужы. Значыць, вораг.
Няма сэнсу падрабязна апісваць вобраз Штатаў, выбудаваны ў фільме. Гэта імперыя плутакратыі ды падману, якая засмоктвае і выкарыстоўвае даверлівых расійцаў — такіх як Даша, якая стала тут прастытуткай у цемнаскурых суценёраў. Даша і ёсць вобразам Расіі — згвалтаваная, паголеная налыса, прададзеная і перапрададзеная. Даніла яе вызваляе — вязе на Радзіму.
«Гудбай, Америка!»
Ну і галоўны адмоўны герой, канечне, амерыканец Мэніс. Той, што трымае порнаіндустрыю — здымае рускіх дзяўчат, каб прадаваць амерыканцам. Тут рэжысёр кранае вельмі старажытныя племянные інстынкты: гляньце, маўляў, што яны робяць з нашымі жанчынамі?! Гэта моцны вобраз, які мае абавязкова запісацца на падкорку мозга.
Забіваць амерыканца Багроў ідзе як у бой. Паралельна прагаворвае малітву: «И травинка, и лесок, в поле каждый колосок...» На паверку амерыканец аказваецца палахлівым слабаком: на ламанай расійскай просіць не забіваць, плача. Гэта вішанька на торце — зборны вобраз заходніх лідараў, якія павінны плаціць і баяцца, баяцца і плаціць...
На радзіму Багроў вяртаецца пераможцам. З грашыма і «вызваленай з палону» Дашай. Зараз можна і «мальчик, водочки нам принеси». Гучыць «Гудбай, Амерыка», — глядач павінен зразумець, што Даніла перамог не толькі фізічных ворагаў, але і саму «амерыканскую мару», надзьмутую пустышку, на якую не павінны купляцца нармальныя рускія людзі.
Калі нехта кажа, што хоча вас забіць...
Такім чынам, «Брат» і «Брат-2» без перабольшання геніяльны прапагандысцкі прадукт. Геніяльны ў люцыферыянскім сэнсе.
Ніякія падручнікі гісторыі ці «Юнармія» не стварылі б таго, што здолеў стварыць Балабанаў. Фактычна — праграмны маніфест пуцінскага рэжыму, дэкларацыю вайны з усім светам.
Не ведаю, ці глядзелі гэтае кіно амерыканскія палітыкі. Ці ведаюць пра яго папулярнасць на постсавецкай прасторы. Зараз гэта ўжо не мае значэння. Але раней, калі з Пуціным гандлявалі ды абдымаліся на вышэйшым узроўні, напэўна, варта было б знайсці на тое час.
Карысць ад прагляду была б большай, чым шматгадовыя шпіёнскія злівы з кулуараў Крамля. Бо калі нехта прамым тэкстам кажа, што хоча вас забіць, то — вельмі верагодна — паспрабуе гэта рэалізаваць.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org