Каманда з чатырох чалавек спрабуе змяніць імідж горада, які больш чым паўстагоддзя найперш асацыюецца з Брэсцкай крэпасцю. Ці рэальна гэта? У “бой” ідуць і звесткі з варшаўскіх архіваў, і кубачкі з кавай навынас…
Мадэрнісцкая архітэктура міжваеннага часу ў Брэсце яшчэ пару гадоў таму была малавядомым феноменам, пра які нешта ведалі адно спецыялісты. Энергія чатырох чалавек (стваральнік сайта, гісторык, менеджар і піяршчык) спрабуе змяніць сітуацыю і нагадаць берасцейцам ды гасцям горада, што акуратныя дамкі 1920-х гадоў з плоскімі дахамі — гэта важная турыстычная “фішка” і неад’емная частка спадчыны.
Дамо слова Алене Каховіч, менеджару праекта “Брэсцкі канструктывізм”
Алена Каховіч. Фота by 34mag.net
“Усё пачалося з брашуркі пра мадэрнізм у Гдыні”
— Як з’явілася ідэя заняцца такім праектам? Гэта любоў да архітэктуры, гісторыі, абстрактная цікавасць да роднага горада?
— З Ірынай Мароз, нашым гісторыкам, мы разам вучыліся на гістфаку. На другім курсе ў 2009 годзе неяк убачылі брашуру пра мадэрнізм у Гдыні. Яшчэ тады нам вельмі спадабалася, тэма зачапіла. У нас жа, у Брэсце, таксама ёсць такія дамы. Але на той момант мы яшчэ не ведалі, што з усім гэтым рабіць.
Наступным разам тэма ўсплыла ажно ў 2017-м. Тады наш праграміст Валянцін Тур дапамог зрабіць сайт, прысвечаны тэме. Ірына занялася пошукам краязнаўчай інфармацыі. Я занялася менеджментам праекта. Апошняй да нас далучылася Марына Заўражная, якая занялася піярам, перакладамі мапаў. Далей былі конкурсы праектаў, прызавыя месцы…
Два гады таму тэма яшчэ не была ў топах, мы мелі на руках усяго адну брашурку з Гдыні. Цяпер, наколькі нам вядома, у рэгіёне працуе як мінімум пяць ініцыятываў, якія займаюцца мадэрнізмам: у Львове, Кракаве і г.д. Яны маюць сайты, групы ў сацыяльных сетках, плакаты, налепкі і г.д.
— Якую мэту вы сабе ставілі, пачынаючы праект?
— Актуалізаваць мадэрнісцкую спадчыну Брэста, каб жыхары нашага горада былі ўважлівейшыя да архітэктурнай спадчыны, бераглі і захоўвалі. Найперш, безумоўна, самі жыхары тых дамоў, пра якія мы распавядаем. Таксама мы рупімся пра тое, каб гэтыя будынкі ўключаліся ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ахоўваліся на дзяржаўным узроўні. У мінулым месяцы мы акурат даслалі заяву на ўключэнне ў спіс спадчыны будынка, пра які шукалі інфармацыю і ў Брэсце, і ў Варшаве. Чакаем адказу цяпер.
“Мы не адмаўляемся ад крэпасці, а дадаём”
— Ці шмат саміх будынкаў, якія знаходзяцца ў фокусе вашай увагі?
— Мы налічылі каля 100 будынкаў. Толькі 30 з іх уваходзяць у гістарычны цэнтр і неяк ахоўваюцца. Гэта не так і шмат. Хацелася б, каб такія будынкі ўключалі комплексна: напрыклад, вуліцу Крупскай, якую складаюць пяць міжваенных дамкоў. Ёсць і аддаленыя будынкі, але гэта не значыць, што пра іх не трэба думаць і клапаціцца.
Скажам, на Будзённага, 3 ёсць мадэрнісцкі будынак. Зусім побач з ім — будоўля. На жаль, будынак не вытрымаў, пайшлі трэшчыны, людзі адтуль адселеныя… Ён у спісе каштоўнасцяў, але ходзяць чуткі, што “пад шумок” са спісу яго выключаць і знясуць. Мяркуем, што за яго яшчэ варта пазмагацца — зваротамі да чыноўнікаў, адукацыйнымі мерапрыемствамі.
— Існуе міф, што Брэст — гэта найперш пра вайну, 1941 год, крэпасць і г.д. Ці быў ваш праект спробай рэбрэндынгу горада?
— Так, у тым ліку і гэта. Нашы мапы чатырохмоўныя: беларуская, руская, польская і ангельская. Яны разлічаныя і на берасцейцаў, і на турыстаў. Мы хочам, каб апошнія заўважалі не толькі крэпасць і Савецкую вуліцу, а і нешта яшчэ. Сваю прадукцыю мы распаўсюджваем праз кавярні, гатэлі, офісы партнёрскіх арганізацыяў. Наклад не такі вялікі — збольшага ўсё разышлося!
Вяртаючыся да крэпасці: было б дзіўна наогул адмаўляцца ад яе. Гэта сімвал, і людзі да яго цягнуцца. Мы проста дадаём, што акрамя яго ёсць яшчэ шмат цікавага, каб турысты не думалі, што можна зірнуць на крэпасць, а ў сам горад і заязджаць не варта. Мы працуем на тое, каб турысту было цікава застацца ў горадзе хаця б на некалькі дзён, ацаніць Брэст з розных ракурсаў.
“Шыльды на дамах — у перспектыве, нам бы самі дамы захаваць…”
— У чым асаблівасць менавіта берасцейскай трактоўкі канструктывізму? Аднапавярховасць, дрэва як будаўнічы матэрыял, нешта яшчэ?..
— Агулам, каб не паблытацца, мы кажам пра мадэрнізм. Ужываем форму “брэсцкі канструктывізм” — фактычна, гэта распаўсюджаная назва для нашага мадэрнізму. Гэта больш кампактныя формы, функцыяналізм, канцэпцыя прыватных дамкоў з садамі. Усё гэта местачковы мадэрнізм.
Шмат асабнякоў з 2-3 паверхамі. Драўляных дамкоў у падобным стылі мы пакуль знайшлі толькі два. Зазвычай гэта дамы сядзібнага тыпу на адну сям’ю, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці гэтай сям’і ці здаваліся ў арэнду. Лаканічныя формы, круглыя вокны, плоскі дах… Зрэшты, з дахам ёсць такая асаблівасць: глядзіш на фасад — здаецца, што дах плоскі. Насамрэч ён збудаваны пад вуглом, але тое бачна толькі з двара.
— Ці вядома нешта пра лёсы архітэктараў і жыхароў гэтых дамоў у 1920—1930-я?
— Большасць архітэктараў — прыезджыя палякі, якія будавалі адпаведна агульнаеўрапейскай і польскай модзе. Найбольш вядомы з іх — Юзаф Бараньскі, галоўны архітэктар горада. Ён і сам жыў у адным з такіх дамоў разам з сям’ёй да 1939-га года. Пасля з’ехаў і працягваў працу ўжо ў Польшчы, пакуль не памёр у 1960-х. Магчыма з часам мы парупімся і пра шыльду на ягоным доме, але наўрад ці гэта пытанне найбліжэйшай перспектывы. Пакуль важна сам дом захаваць.
“Глядзіш з акна, а там — мадэрнізм!”
— Вы самі пагадзіліся б жыць у падобным доме-помніку?
— Так, вядома! Жыву ў сучасным доме, але вокны акурат выходзяць на мадэрнісцкую спадчыну — гэта суцяшае. Мы бачылі нешта падобнае ў Маскве: краязнавец выкупіў мадэрнісцкі будынак, зрабіў там рамонт пад стыль пачатку стагоддзя, завёз мэблю 1920-х гадоў і… здае гэтую кватэру! Гэта вельмі крута!
— Праект ужо скончаны ці ёсць нейкае бачанне яго развіцця, пашырэння?
— Планаў багата. Мы хочам унесці вайсковы інтэрнат у спіс каштоўнасцяў. Зрабіць ужо трэцюю версію сайта, дзе будзе больш будынкаў і інфармацыі. Натуральна, трэці год запар плануем паўдзельнічаць у фэсце экскурсаводаў. Калі пацяплее — працягнем свае экскурсіі. Сёлета 1000-годдзе Брэста, думаем пра гістарычны івэнт з гэтай нагоды.
З’яўляюцца і цікавыя партнёрскія прапановы. Скажам, кавярня прапаноўвае зрабіць налепкі з выявамі мадэрнісцкіх будынкаў горада для кубачкаў з кавай навынас. Чаму не? Хай і турысты, і берасцейцы, шпацыруючы з кавай па горадзе, часцей прыглядаюцца да старых прыгожых будынкаў побач!
Гутарыў Алесь Кіркевіч