Выраз «не сядзець у тэлефоне» падчас урока зайграў новымі фарбамі: у школах Ваўкавыска збіраюцца правяраць тэлефоны навучэнцаў. Тое самае раней было ў Рагачове. Гучыць жудасна, але... ці раней у нашай школе ўсё было добра?
Кантроль і праверкі ўсяго, што толькі можна ўявіць, у сённяшніх беларускіх школах — звыклая рэч. Малюнак Андруся Такінданга
Шмат гадоў таму ў Горадні настаўніца белліту папрасіла прыдумаць на наступны занятак «што-небудзь», бо будзе праверка. Мы з сябрамі прыдумалі сцэнку пра Максіма Гарэцкага. Таго дапытваюць, а ён адмаўляецца падпісваць «пакаянны» ліст. На дошку я павесіў партрэт Сталіна... І пачалося.
«Гарэцкага» мы загрыміравалі, каб былі сляды пабояў (калі фальгу пацерці аб пабелку са сценаў — можна рабіць імітацыю фінгалаў). Я апрануў нейкую выцертую партупею і — шапку беларускага міліцыянта з 90-х — нічога іншага не было. «Допыт» быў з крыкамі, маханнем рукамі, а пасля ўдару «Гарэцкі» зляцеў з крэсла. Скончылася ўсё авацыямі: аднакласнікам зайшло.
Не зайшло настаўніцы белліту. Яна падышла пасля ўрока ледзьве не ў слязах. Бо тая самая «праверка» — хмурая жанчына, захутаная ў шаль на задняй парце — была не задаволеная. Таксама не зайшло. Прычым нават не ідэалагічная падложка, а тое, што падчас допыту прагучала «тваю маць». Больш ніякіх сцэнак ажно да выпускнога званка мы не ставілі.
У кожнага ёсць дзверы, у якія страшна пагрукаць...
Гісторыя сёння гучыць пацешна. Насамрэч — страшна. Хто такі школьнік? Заціснуты ў дысцыплінарныя рамкі несамастойны дарастаючы арганізм. Але выпадак паказаў, што і наша настаўніца — такі самы заціснуты арганізм. Бо перад цётачкай-правяраючай яна сама аказалася — школьніцай, якая не вывучыла «дамашку». І таксама вінавата глядзела ў падлогу.
Ідзем далей? Тая правяраючая, якая адчувала сябе гаспадыняй сітуацыі ў нейкай там чарговай школе (сёння адна, заўтра іншая) вяртаецца ў кабінет. Чай — цукеркі — плюшкі. Але і ў іх там бываюць сходы, планёркі, паездкі ў Мінск. І там ужо яна пераўтвараецца ў школьніцу.
Яе начальнік і начальнік яе начальніка жывуць у той самай парадыгме. Ажно да міністра адукацыі. Усе яны хмура глядзяць уніз, на падначаленых. Але заўжды ёсць дзверы, куды і ім страшна нават пагрукаць.
Сэрца замірае. Бо адчуванне, што «спазніўся» ці «забыўся дзённік». І так да прэзідэнта. Але і ў таго будуць дзверы, у якія страшна грукацца, і тэлефоны, на якія страшна адказваць. А яшчэ страшней не адказваць...
Сэрца замірае. Малюнак Андруся Такінданга
«Дастаём двайныя лісточкі, убіраем фсё са стала...»
Дрыжыкі па скуры, праўда? А гэта той стрэс, які ўсё жыццё мы носім з сабой. Бо з падвойным лісточкам ты сядзіш нібы голы і нічога не ведаеш. Якога беса прыбіраць усё з парты? Гэта мае рэчы. Мае асадкі, алоўкі... «Вот вырасцеш, тагда і будзеш права качаць!» — але колькі з нас вырасла?
Мой калега, які займаецца мантажом і не ўкладаецца ў час, заўжды тлумачыць: захварэў, нехта прыехаў, нехта з’ехаў, сервер завіс... Каму якая розніца да гэтых тлумачэнняў? Ніякай. Ты працу зрабі ці вазьмі яшчэ час. Адкуль гэта? Адтуль: бо табе трэба патлумачыцца, «уважыцельная прычына». І толькі тады цябе (магчыма) прабачаць: «Садзісь».
Ніколі не думалі, што тую самую «уважыцельную прычыну» ці «бумажку от радзіцелей» мы шукаем усё жыццё? Ад сямейных адносінаў да вялікіх палітычных кампаніяў. Бо прасцей шукаць прычыны, чым магчымасці.
Ці шукаць у класе таго, хто падробіць запаветную паперку дарослым почыркам. Раптам пройдзе?
Дрэсура і патрэба ўвесь час адпавядаць стандарту фармуе набор масак. Вучаць хлусіць. Чаму не зрабіў, не паспеў, спазніўся... Тая самая вывучаная бязраднасць як дыягназ для цэлай нацыі. Настаўнікі ж таксама хлусяць — нездарма менавіта гэтай катэгорыі даручаюць арганізацыю выбараў. Бо — профі.
Школа аказалася не фабрыкай ведаў, а фабрыкай па вырабе зручных людзей, якія выконваюць волю іншых людзей. Умоўных «дарослых». Ну і, зразумела, не могуць сказаць «не», бо ...хто ты такі, каб казаць «не»? «Выйдзі із класа і зайдзі ішчо раз!» — куды ты падзенешся?
Пра што гэтая гісторыя?
Зусім не пра Гарэцкага і белліт. А пра тое, што школа — гэты першы вальер, дзе адбываецца дрэсура перад запускам маладога дарастаючага арганізма ў дарослае жыццё. І так было задоўга да праверак тэлефонаў. Але нават дарослае жыццё аказваецца зусім не дарослым.
У школе з поспехам ідзе дрэсура перад запускам маладога дарастаючага арганізму ў дарослае жыццё. Малюнак Андруся Такінданга
Мяняюцца інтэр’еры: клас, казарма, офіс, кабінет... а сэнсы застаюцца. І ты застаешся тым самым школьнікам з пачуццём віны, нават калі зрабіў «дамашку» ды ўзяў зменку. Бо тваё «Я» засунута настолькі далёка, што ты ўжо даўно забыўся пра яго існаванне.
«А голаву ты не забыл?..» Выходзіць — забыўся. Не дома, але акурат у школе. Шмат гадоў таму.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Пакрысе», «Трызуб і Пагоня», «Каля культуры». Топ-10 адукацыйных беларускіх праектаў