У Брэсце 20 красавіка прэзентавалі турыстычны брэнд горада, паведаміла начальнік аддзела спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама Алеся Акруг, піша БелТА.
Фота Брэсцкага гарвыканкама
Свой выбар спецыялісты спынілі на лаканічным лагатыпе. Ён намаляваны ў выглядзе стракатай стралы з лукам, які сімвалізуе герб горада. Кожны колер адлюстроўвае пэўныя аспекты, звязаныя з жыццём Брэста, — яго знакамітыя ліхтары, памежныя слупы, рэкі, масты, лясы. Слоганам турыстычнага брэнду выбрана беларускае слова «натхняе». Дарэчы, яго прапануюць не перакладаць для версій на іншых мовах. На рускай мове яно застаецца напісаным кірыліцай, на англійскай — транслітарацыяй.
«Стварэнне турыстычных брэндаў — сусветная тэндэнцыя. Ён павінен быць вядомы турыстам. Пры позірку на яго ў людзей павінна ўзнікаць асацыяцыя з Брэстам. Гэта не проста слова, а ў нейкай ступені твор мастацтва, з якім людзі захочуць сфатаграфавацца, набыць прадукцыю з яго выявай», — адзначыла Алеся Акруг.
Прапанаваны дызайнерамі турыстычны брэнд плануюць размяшчаць на банерах, футболках, паліграфічнай і сувенірнай прадукцыі.
«Спектр шырокі. Прадукцыю з выявай нашага турыстычнага брэнду будзем прадстаўляць на выставах у Беларусі і за мяжой, размяшчаць на білбордах. Паступіла прапанова ад турыстычнай фірмы забрэндзіраваць турыстычны аўтобус», — дадала начальнік аддзела. Яна таксама звярнула ўвагу, што гэта не брэнд горада, а менавіта турыстычны брэнд Брэста.