Роўна сто гадоў таму, 1 студзеня 1919 года, у Смаленску была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Падзея гэта мае такое ж вялікае гістарычнае значэнне, як і абвяшчэнне незалежнасці БНР, паколькі БССР была для яе канкуруючым дзяржаўным праектам.
І адны і другія былі выдатна знаёмыя між сабою. І не толькі таму, што прымалі ўдзел у працы Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года, дзе фактычна і было ўзнятае канкрэтнае пытанне – якой будзе будучая беларуская дзяржава. Карані трэба шукаць глыбей – у “нашаніўскім” перыядзе.
Старшыня першага часовага ўраду БССР Зміцер Жылуновіч, больш вядомы пад адным са сваіх літаратурных псеўданімаў – Цішка Гартны, захапіўся беларушчынай менавіта дзякуючы “Нашай Ніве”. У сваіх успамінах ён пісаў пра тое, якім чынам гэта адбылося:
“Прачытаўшы “Нашу ніву” ад назвы да подпісу рэдактара я быў у захапленні. Мяне дзівіў не яе змест, не цікавасць раскладзенага ў ёй матэрыялу, а, галоўным чынам, даступнасць яе, яе блізкасць “духу” вакольнага беларускага жыцця, нарэшце, самы факт друкавання яе на беларускай мове. Апошняе было для мяне адкрыццём. Да гэтага часу я не могу сабе ўявіць, каб тая мова, на якой гутарылі мае бацькі, сяляне, але якой не відаць было ў кніжках, у школе, у абыходзе крыху бывалых людзей, каб на гэтай мове можна было друкаваць газету…”
Газету выпісвалі і чыталі самыя розныя прадстаўнікі беларуска народу. Той жа Жылуновіч згадваў:
“Толькі ў 1908 годзе, летам, мне давялося пазнаёміцца з першай штотыднёвай беларускай газетай “Наша ніва”. Ужо пасля гэтая я выявіў, што яе выпісваў памешчык Іёдка-Наркевіч, прымаўшы ў маладыя гады ўдзел у рэвалюцыйным руху і пазней спачуваўшы яму, бабавенская пані Траскуляцкая і нават памешчык Аколаў-Падгорскі. Выпісваў “Нашу ніву” і капыльскі доктар Каролька”.

Зміцер Жылуновіч з сям’ёй
У хуткім часе Жылуновіч не проста стаў сталым падпісчыкам газеты, але і ейным аўтарам. Ужо праз год на яе старонках з’явяцца ягоныя вершы. За даволі хуткі час Цішка Гартны стане прызнаным літаратарам. Але не адзін ён пісаў у “першую газэту з рысункамі”. У 1912 годзе на яе старонках з вершамі і прозай дэбютаваў Язэп Дыла, будучы наркам працы ў першым часовым урадзе БССР.
Разыходжанне ў падыходах да таго, якім павінна быць будучая рэспубліка, былі абумоўлены многімі момантамі, у тым ліку і асабістымі. Гартны з расчараваннем згадваў ва ўспамінах, як звярнуўся з просьбай аб дапамозе ў пошуку працы да Вацлава Іваноўскага, які ў “нашаніўскія” часы быў ужо досыць вядомай асобай. Але той нічога вартага яму не прапанаваў, хаця, натуральна, мог гэта зрабіць.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дарожкі беларускіх “адражэнцаў” і беларускіх “нацыянал-бальшавікоў” пачынаюць разыходзіцца. Прычынаў таму было шмат, але асноўныя моманты трапна апісаў Аляксандр Чарвякоў у сваіх успамінах яшчэ ў 1928 годзе:
“Як вядома, супольнасць нацыянальнага фронту ў дарэвалюцыйныя часы ў значнай меры можа тлумачыцца нянавісцю да царскага самаўладства, якая злучала супраць царызму самыя разнастайныя элементы. Рэвалюцыя, знішчыўшы агульнае пудзіла – царызм, няўхільна павінна была дапамагаць класавай дыферэнцыяцыі наогул а ў тым ліку і дыферэнцыяцыі беларускага нацыянальнага руху.

Аляксандр Чарвякоў з сялянамі
І тым не менш і Аляксандр Чарвякоў, і Язэп Дыла, і Зміцер Жылуновіч прымаюць актыўны ўдзел у працы Першага усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года, які быў разагнаны бальшавікамі. Там жа яны, дарэчы, і былі арыштаваныя – чырвоныя затрымлівалі чырвоных. Паводле Чарвякова, Жылуновіч “прымае ўдзел у якасці прадстаўніка левай часткі Беларускай сацыялістычнай грамады і разам з прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі бальшавікоў кіруе на кангрэсе фракцыяй левых. Нягледзячы на тое, што абставіны работы кангрэсу, і асабліва спыненне гэтай работы, выклікалі вялікае абурэнне нават сярод шчырых прыхільнікаў Саветаў, у тым ліку і ў Гартнага, – Гартны ў гэты час быў ужо досыць загартаваны, каб вытрымаць палітычны экзамен і застацца разам з Саветамі супраць контррэвалюцыйных намераў правадыроў кангрэсу. Для Гартнага зрабілася зусім ясным, што патрэбны новы шлях для шчырага адраджэнца, а разам з тым і поўны разрыў са старым”.

Язэп Дыла
Гартны, разам з паплечнікамі, заснаваў выхад першай савецкай газеты на беларускай мове, якая называлася “Дзянніца”. Друкавалі там навіны з Беларусі і замежжа, што было вельмі важна, асабліва для шматлікіх беларускіх бежанцаў, якія апынуліся далёка ад сваёй радзімы ў выніку Першай сусветнай вайны.
Знакаміты “Маніхфэст”, які ўласна і абвяшчаў аб стварэнні БССР, Жылуновіч напісаў сам. Гэта выдатны прыклад таго, як можа быць прыгожа напісаны палітычны дакумент. Дарэчы, у ім дзейнасць “буржуйнай Беларускай Рады” абвяшчалася па-за законам. Відавочна, што тыя, хто стаяў за стварэннем савецкай беларускай рэспублікі прызнавалі БНР і бачылі ў міністрах сваіх канкурэнтаў. Іначай для чаго было скасоўваць законы і распараджэнні, які былі прыняты “неіснуючай” Радай?
Першы часовы ўрад, які паводле “Маніхфэста” стаў на чале “адроджанай” савецкай Беларусі, фактычна складаўся з двух групаў, якія мелі паміж сабою не самыя лепшыя стасункі. Першыя, іх была большасць, гэта самыя звычайныя камуністы-інтэрнацыяналісты – Мяснікоў, Кнорын і г. д. Для іх дзяржаўнасць была з’явай часовай, яны і народ наш не разглядалі за самастойны. Другая група, меншая па колькасці, складалася з так званых “нацыянал-бальшавікоў”, якія надавалі справе стварэння Беларускай Рэспублікі (як яе часта звалі ў 1920-я гады) вялікую ўвагу. Непрыязнасць гэты групаў была настолькі моцнай, што яны нават рознымі цягнікамі прыехалі са Смаленску ў Мінск. Натуральна, што няма і агульнага фота…
У 1920-я гады, дзякуючы дбанням Чарвякова, Дылы, Жылуновіча ды іншых, у даволі складаных і супярэчлівых умовах было зроблена шмат карысных справаў, за якія сёння мы можам (і павінны) сказаць ім дзякуй.
Канстанцін Касяк, budzma.by