Будслаўскі фэст абудзецца на гэтым тыдні — 2 і 3 ліпеня

28.06.2021 Афіша

Нягледзячы на пажар у святыні, які здарыўся ў пачатку траўня, Будслаўскі фэст было вырашана правесці ў раней вызначаны час.


2019-07-06-day124.jpg

Як паведамляе сайт catholic.by, урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Будславе сёлета пройдуць 2–3 ліпеня. На сайце ўжо даступная поўная праграма для ўдзельнікаў.

Паколькі пасля пажару будслаўская базіліка знаходзіцца ў аварыйным стане, у сувязі з чым уваход у будынак і набліжэнне для яго забаронены, усе малітвы і цэлебрацыі будуць адбывацца на палявым алтары на адкрытым паветры. Там жа будзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

Будслаўскі фэст праводзіцца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. Да цудатворнага абраза Маці Божай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, з’язджаюцца. як правіла, усе каталіцкія біскупы Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Акрамя святароў на фэст прыходзіць мноства паломнікаў, у тым ліку і з іншых іншых краін.

Нагадаем, што ў 2018 годзе Будслаўскі фэст быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.