«Буду жыць там, дзе шмат свабодных сцен»

19.07.2013 Мастацтва

LITARY шчыра спадзяваліся прывезці з Віцебска ў родны горад рэпартаж аб тым, як файна выглядаюць палотны Шагала ў мясцовым мастацкім музеі. Але трэба прызнацца: платны ўваход напалохаў так, што мы паспяшаліся схавацца ў бліжэйшых дварах старога гораду. У Віцебску яны не горш за любы музей сучаснага мастацтва: сёння гарадскія сцены запоўнены стрыт-артам, як, бадай што, нідзе ў Беларусі. Разам з вулічнымі мастакамі Предком (брэстаўчанінам Максімам Самасевічам) і УРА (віцебчанінам, які настаяў на ананімнасці) LITARY ўвесь вечар атрымлівалі асалоду ад сузірання прыўкраснага.

Літаральна ў двух кварталах ад галоўнай пешаходнай вуліцы Віцебска, якая носіць недарэчнае імя Суворава, трапляем у адзін з двароў, аздоблены УРА. На лесвіцы сарая (такіх і ў Брэсце яшчэ шмат) бачым сілуэт дворніка, ад якога ўніз па сходах бягуць сабачкі і каты.

img_6285

– Ідэя прыйшла ў момант, калі я ў першы раз апынуўся тут. Ніводная задума не нараджаецца на пустым месцы. Важна спачатку ўбачыць месца, а ўжо потым штосьці ў яго ўпісваць. На гэтай лесвіцы я пабачыў менавіта такі малюнак.

На пытанне «Навошта табе гэта?» УРА адказвае імгненна: «Вось і я думаю: «навошта?», – смяецца і дадае:

– Насамрэч, гарадская прастора ў Беларусі пустуе, і трэба нечым яе забіваць. 

Два гады таму я пачаў маляваць на сценах, але не магу сказаць, што раблю гэта ва ўсю моц. Тым не менш, штосьці рэгулярна з’яўляецца і не застаецца незаўважаным».

У блогу УРА можна пабачыць, што на тле ягоных прац ахвотна фоткаюцца маладыя пары ў дзень вяселля. А сам мастак гаворыць, што нярэдка карціны пачынаюць жыць сваім, паралельным жыццём.

Дом, дзе з’явілася выява бабулі з біноклем, абкружанай коткамі, у Віцебску ўжо не называюць інакш, як «Коткін дом». А некатороыя малюнкі не вытрымліваюць уплыву прыроды і цэлымі часткамі проста адвальваюцца ад сцен. УРА гаворыць, што нічога страшнага ў гэтым няма, бо натуральныя сілы «самі дапрацоўваюць стрыт-арт і дапамагаюць мастакам».

img_6286-panorama

img_6293

img_6297

img_6298

Віцебскі мастак не заўсёды стварае свае гарадскія палотны адразу на сценах. Як «Коткін дом», так і праца насупраць Смаленскага рынка спачатку маляваліся на вялікіх дошках. А потым, калі на горад спусцілася цемра, УРА замацаваў іх на вокнах закінутых дамоў. «Не шукайце тут глыбокага сэнсу – яго няма, папросту роздумы і асенняя меланхолія», — тлумачыць УРА, што за боты вісяць на галінах.

img_6311

Стрыт-арт у Віцебску прываблівае не толькі мастакоў і набліжаных да мастацтва гараджан. У коле зацікаўленых таксама мясцовая міліцыя. Не так даўно адбылася першая сустрэча Предка і УРА з міліцыянтамі, якія адразу загадалі паказаць, што ў іх заплечніках.

– Не ведаю, што яны падумалі, – распавядае УРА, – але ў нашых сумках яны знайшлі толькі кефір, булачкі і бананы.

Фарбы не адабралі, адно спыталі, што за х****ю мы малюем, для каго, і сказалі, каб мы звальвалі як мага хутчэй. Ну, мы з іх вачэй звалілі, але хутка вярнуліся.

Пакуль Максім клеіў малюнак, я паехаў роварам вакол дома і зноў сустрэўся з міліцыяй. Тады ўжо мы былі змушаныя да пабегу, а праца так і засталася недаробленай.

Разам Предок і УРА тады спрацавалі не ўпершыню. Сапраўдны анекдот – ўдзел Максіма і ягонага «калегі” ў праэкце «Арт-забор», які ўвесну прыехаў у Віцебск. Предок расказаў, што яшчэ да пачатку даслаў арганізатарам эскізы, але яны засталіся без адказу. Нягледзячы на шматлікія лісты, на брэсцкага стрыт-арцера ўвагі не звярнулі. І тады хлопцы вырашылі ісці напралом.

img_6305

– У дзень, калі на плоце ля батанічнага саду развесілі працы мастакоў, мы с УРА прыехалі туды і самі павесілі свае палотны, – гаворыць Максім. – Разам з маімі «продкамі» УРА размясціў партрэт пэўнай дзяўчыны. Амаль кожны дзень то я, то ён прыязджалі правяраць, ці на месцы нашы малюнкі.

Карацей, цуд здарыўся – яны выстаялі.

Нават калі рабочыя чамусьці здымалі ўсе працы з плота, нашы яны проста перавесілі ў канец. Разам з усімі шнуркамі, якімі мы намёртва іх прыматалі. Толькі цяпер, бачыце, дзяўчына УРА недзе знікла.

Хлопцы перашэптваюцца, спрабуючы высвятліць хто ж мог яе знесці, а мы ідзем далей і бачым, што малюнкі Предка сустракаюцца на вуліцах усё часцей. Не толькі птушкі і прыгожыя дзявочыя твары, да якіх усе так прызвычаіліся ў Брэсце.

img_6326

У глухім кутку нейкага парку, на схіле парослага травой і дрэвамі рову, мінакоў чакае сапраўдны няжданчык. Трудна сказаць, на чым Максім размясціў аблічча аднаго са сваіх персанажаў, але выглядае ён сапраўды эпічна і дасціпна ўпісаным у прастору.

«Гэта малодшы сын дзядулі, якога мы хутка пабачым», – Максім загадкавы, як і ягоныя працы.

Таму пытанні тут папросту недарэчныя.

img_6322

Да «дзеда» УРА ўжо не даходзіць, бо мае ісці яшчэ кудысьці. А той самы «дзядуля» – пакуль што апошняя і, бадай што, найбольш маштабная з усіх твораў Предка. Цэлую сцяну склада ў цэнтры горада пад размалёўку мастаку аддала прыватная фірма. Аплаціла ўсе матэрыялы і ўвогуле ўхваліла ідэю.

img_6339

img_6341

 

Чагосьці падобнага ўдалося Максіму дасягнуць і ў жылых раёнах Віцебска. Па дамоўленасці з камунальнікамі пустуючыя сцены Предок таксама засяліў сваімі героямі. Стрыт-арцер тлумачыць, што выбар персанажаў – справа густу. «Цікаўлюся славянскім мінулым», – коратка гаворыць ён. Жыхары віцебскіх «спальнікаў», відаць, і дасюль спрачаюцца аб яго дарэчнасці сярод шэрых каробак, але маляванне ім падабаецца. Яны нават самі просяць аб дапамозе.

img_6350

img_6352

Максім ніколі не адмаўляецца ад працы, калі з’яўляецца такая магчымасць. Не заўсёды малюнкі спансуюць самі мясцовыя, грошы на фарбы, пэндзлі і валікі ён не лічыць, бо сёння для Предка галоўнае – маляваць.

img_6359

 

– Я атрымліваю асалоду ад кожнага моманту. Вучыцца засталося год, а што будзе далей – нават не хачу думаць. Буду жыць там, дзе ёсць шмат свабодных сцен. І калі яны будуць у розных гарадах, я не супраць.

… Цемра канчаткова паглынае гарадскія шматпавярховікі, і разглядаць малюнкі на сценах, не тое каб іх здымаць, стаецца немагчыма. На бліжэйшым скрыжаванні развітваемся з Максімам і разыходзімся ў розныя бакі. Нам – у цэнтр, на цягнік. Яму – ва ўніверсітэцкі інтэрнат.

«Супакой вам», – кажа Максім.

Супакой – вось тое слова, якое апісвае ўсяго Предка. Дый сапраўды, што можа несці сваімі малюнкамі чалавек, які нават забытую кімсьці на прыпынку бутэльку кваса ўспрымае як падарунак Сусвету?..

litary.net
Тэкст: Арцём КІР’ЯНАЎ
Фота: Дзмітрый БОСАК