Новая песня гурта мае назву “3 хвіліны” і прысвячаецца ўсім, каму даводзілася пакідаць родны горад. Хлопцы з Re1ikt рабілі гэта не раз: гурт распачынаў сваю дзейнасць у Светлагорску, пасля частка яго ўдзельнікаў з’ехала ў Гомель, а 2 гады таму творчы пошук прывёў музыкаў у Мінск.
“Заўсёды нялёгка рабіць крок наперад, цяжка пакідаць сяброў, мясціны, якія зрабіліся роднымі. Таму перад кожным важным крокам трэба спыніцца на момант, падумаць, даць волю ўспамінам, як казалі раней беларусы, прысесці на дарожку. Менавіта гэтым адчуванням прысвечаная нашая песня “3 хвіліны”, – кажа барабаншчык гурта Аляксандр Дземідзенка.
Павольная і лірычная, песня атрымалася не надта тыповай у параўнанні з іншымі творамі Re1ikt, але музыкі мяркуюць, што “3 хвіліны” маюць шанец зрабіцца сапраўдным хітом, хаця спачатку планаваліся як бонус. У хіт-парадзе “Тузін гітоў” кампазіцыя ўпэўнена трымаецца ўжо некалькі тураў і атрымлівае станоўчыя водгукі ад аматараў і экспертаў.
“Гэта ўжо трэці кліп Re1ikt, і ён атрымаўся найбольш засяроджаным на дэталях, хаця апроч нас у кліпе амаль нічога няма. Павольны рытм дазваляе добра разгледзець дробязі і засяродзіцца на тым, як пальцы бегаюць па гітарным грыфе, ці як я ваджу мяцёлачкамі замест кійкоў па барабанах”, – дзеліцца сакрэтамі Аляксандр.
Такім жа розным і пераменлівым, як жыццёвы шлях удзельнікаў, выглядае і творчы лёс гурта. Апошнім часам Re1ikt узяў курс на беларусізацыю і цяпер працуе над цалкам беларускамоўным альбомам, у які і ўвойдзе новая песня. Менавіта праз беларусацэнтрычнасць альбома прэзентаваць першы кліп з яго было вырашана на сайце агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Над відэа працавала Кацярына Крычко (http://vkontakte.ru/club12628699), рэжысёр дзіцячых ролікаў, відэакліпаў беларускіх музыкаў Deadmarsh, Kaltherzig, удзельнік фестывалю “В движении”.
Жывая прэзентацыя кліпа “3 хвіліны” адбудзецца ў межах рок-вечарыны Атмасферыка 18 сакавіка ў клубе Manhattan.