“Будзьма беларусамі!” завітала ў Маладзечна

Мінулы  уік-энд  для  жыхароў Маладзечна атрымаўся сапраўды “жывым” – у горадзе адбыўся  фестываль моладзевых творчых ініцыятыў  “Час жыць”, які  быў арганізаваны ўжо ў пяты раз  па прапанове  моладзевага клуба  творчасці  «Дыялог+» пры маладзечанскім Палацы культуры.

Фэст распачаўся 13 траўня моладзевай канферэнцыяй “Свабода быць чалавекам”, у якой прынялі ўдзел псіхолагі, пісьменнікі, студэнты , а таксама прадстаўнікі кампаніі  “Будзьма беларусамі! “

Рэгіянальны каардынатар кампаніі Марыя Шарый прэзентавала гледачам праекты «Будзьмы» і  агучыла важную інфармацыю пра новую кампанію «Разам да справы», мэта якой не толькі асвета, але і матываванне актыўных, але часта разрозненых частак грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы, каб зрабіць лепшай якасць жыцця пэўнага асяродка, мястэчка ці горада, а ўсім разам – нашай краіны.

Таксама для прысутных былі прыгатаваныя невялічкія падарункі – паштоўкі і закладкі, якія кожны мог узяць сабе на памяць. Дарэчы, новы набор паштовак з серыі “Не маўчы па-беларуску” можна цяпер набыць не толькі ў сталічных кнігарнях, а і ў Маладзечна.

Увогуле ,праграма фестываля атрымалася досыць насычанай. Фотавыставы,інсталяцыі, майстар-класы і трэнінгі, творчыя конкурсы і цікавыя гульні –  кожны мог абраць занятак на свой густ.  Бо магчымасць выбару – таксама ёсць свабода быць чалавекам.

Святлана Чакушка

фота Таццяна Касьян

Тэгі: