Будзьма з Браславам

У адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі — Браславе — фінішавала міжнароднае аўтамабільнае ралі «Славянскі кубак-2011», якое з’яўляецца адначасова трэцім этапам адкрытага чэмпіянату Расіі і другім этапам беларускай серыі «Braslav Rally Challenge». Пераможцамі аўтаспаборніцтва стаў расійскі экіпаж Дзмітрыя Тагірава і Ганны Завяршынскай.

Музычна-відовішчным падарункам ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» для пераможцаў і ўдзельнікаў аўтаспаборніцтва, а таксама для ўсіх жыхароў Браслава стаў святочны канцэрт беларускіх гуртоў «Босае Сонца», «Drum Ecstasy» i «Рэха». У Браслаўскім парку Леснічоўка, непадалёк ад возера Бярэжжа, разгарнулася адкрытая канцэртная пляцоўка, куды жыхары Браслава падцягваліся адначасова з фінішам удзельнікаў ралі. За ўвагу публікі змагаліся спартовыя машыны і беларускія музыкі. Распачаўся канцэрт выступам «Босага сонца», якія падрыхтавалі для браслаўчан адмысловую праграму з найбольш драйвовых песняў са свайго рэпертуару. І хоць узбадзёрыць сціплых браслаўчан было не так і проста, «Босаму сонцу» ўдалося разварушыць публіку да выступу хэдлайнераў вечара — «Drum Ecstasy». «Наша музыка танцавальная, таму можна і патанчыць», — зазначылі музыкі «Drum Ecstasy», і танцпляц пад сцэнай пакрысе запоўніўся людзьмі. Пад выступ апошніх удзельнікаў вечара, гурта «Рэха», публіка разняволілася і нават вадзіла карагоды.

Па сканчэнні свята, якое, можна сведчыць дакладна, удалося, публіка яшчэ доўга не адпускала мінскіх гасцей-музыкаў, фатаграфуючыся з імі за кулісамі і беручы аўтографы на паштоўках-падарунках ад кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Тэгі: