Дзесяцігадовы юбілей, які ў лістападзе адзначыў кінафестываль «Бульбамуві», можна лічыць сапраўднай раскошай. У сённяшнія людажэрскія часы такое можа сабе дазволіць далёка не кожная беларуская культурная падзея. Нават калі яна адбываецца ў эміграцыі.
Справа не толькі ў адсутнасці рэсурсаў, паступова згасаючым менеджарскім і творчым энтузіязме, а ў адсутнасці адказу на ключавое пытанне — а што ў прынцыпе паказваць?
«Бульбамуві 2024»
У мінулым годзе, прынамсі, на гэта быў адказ — грымелі дакументальныя стужкі і амбітны серыял «Працэсы» вытворчасці тэлеканала «Белсат», фільм «Радзіма» збіраў узнагароды на міжнародным фестывалі. У гэтым — у інфармацыйнай прасторы дамінавалі толькі драма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» і шэраг падкрэслена ідэалагізаваных праектаў ад «Беларусьфільма».
На ўсё астатняе проста не хапіла грошай.
У афіцыйны стогадовы юбілей беларускага кіно гэтага самага кіно папросту няма не толькі метафізічна, як казалі героі фільма «Акупацыя. Містэрыі», але амаль што і фізічна? Атрымліваецца, што так. Але гэта не значыць, што пры гэтым немагчыма правесці паспяховы кінафестываль.
Пра вынікі сёлетнега фестывалю «Бульбамуві» распавядае Тарас Тарналіцкі.
У думках пра вайну
Сёлетні вакуум новага прафесійнага кіно каманда «Бульбамуві», у якую ў гэтым годзе дадаліся новыя людзі, змагла запоўніць сітуацыйна ўдалай рэтраспектывай. Тым больш што багаты на розныя святы і памятныя даты 2024 год гэтаму спрыяў.
Тэму пражывання вайны ва Украіне і 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава закрылі паказам ваеннай драмы «У тумане» (яе паказвалі на фестывалі ў 2012 годзе, але, апроч старажылаў падзеі, пра гэта ніхто не ведае), пра стварэнне якой ёміста распавёў запрошаны з Германіі Сяргей Лазніца.
Сяргей Лазніца і Януш Гаўрылюк
Дзякуючы інфармацыйнаму кантэксту экзістэнцыйная проза Быкава на экране зайграла новымі фарбамі, падалася больш надзённай і ў нечым больш прарочай, чым нават у момант выхаду ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Вобразы Сушчэні, Бурага, Войціка больш не падаюцца цалкам выдуманымі — такіх цынічных прыстасаванцаў і ідэалістаў, ахвяруючых жыццё за сваё сумленне і ўласныя каштоўнасці, сёння бачна як ніколі добра.
Іншую оптыку ўспрымання вайны прапануюць сучасныя дакументалісты.
У «Away» магілёўца Руслана Фядотава паказана бяздоннае вымярэнне катастрофы праз украінскіх дзяцей і падлеткаў, якія апынуліся ў эвакуацыі ў Венгрыі. Іх кароткі жыццёвы досвед цалкам паглынула ўзброеная агрэсія, пра што не ўсведамляюць ні яны самі, ні большасць незнаёмых дарослых, якіх толькі раздражняе антываенны перформанс, зроблены героямі фільма на вуліцах Будапешта.
Асабістае стаўленне да канфлікту ва Украіне дэманструе нямецкі дакументаліст з беларускімі каранямі Павел Мажар у новым фільме «Непажаданае сваяцтва», прэм’ера якога адбылася на сёлетнім Берлінале.
Як і ў сваім дэбюце «Метадычка» пра канвеер рэпрэсій 2020 года, у «Сваяцтве» аўтар спрабуе зрабіць той жа трук. З дапамогай розных мастацкіх сродкаў ён намацвае межы асабістай адказнасці за вайну ва Украіне, а таксама маладога пакалення беларусаў і расіян, выхаваных на кульце Вялікай Айчыннай вайны і маскуліннасці. Вось толькі гэтым разам вынік аўтарскай працы атрымліваецца сумнеўным.
У сваім візуальна-перфарматыўным эсэ рэжысёр абапіраецца на сумнеўныя факты (напрыклад, што беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў акупацыі ўкраінскіх гарадоў і вёсак) і непераканаўчыя тэзы пра мілітарызаваную школьную адукацыю. То-бок бярэ занадта вузка і тэндэнцыйна для пераканаўчага тлумачэння, чаму вайна сапраўды змагла адбыцца.
Вопыт трамаўтычнага аўтарытарызму
Акрамя вайны, важнае месца ў праграме кінафестывалю знайшлося і рэфлексіі аб складанай беларускай рэчаіснасці.
За гэта адказвала дакументальнае даследаванне «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі, якое ў мінулым годзе не паспела трапіць у праграму «Бульбамуві» праз няспрытнасць яго арганізатараў. У фільме аўтары праводзяць зразумелую ўзаемасувязь паміж дзедаўшчынай у войску, гвалтам на вуліцах Мінска ў 2020 годзе і вайной ва Украіне, выкрываючы даволі нескладаныя механізмы жаху і прымусу, дзякуючы якім на постсавецкай прасторы квітнеюць пышным цветам аўтарытарныя рэжымы.
У прасторы ігравога кіно гэтую думку працягнула стужка «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, за прэм’ерны паказ якой у Варшаве перасварыліся паміж сабой арганізатары «Паўночнага ззяння» і «Бульбамуві».
Па-мастацку пераасэнсаваная рэальная гісторыя кахання ў несвабоднай краіне журналістаў і палітвязняў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша тэрапеўтычна паўплывала на гасцей кінафестывалю. У залі кінатэатра «Ілюзіён» плакалі калі не ўсе, то большасць гледачоў дакладна.
Чытайце па тэме:
Мара Тамковіч: «Для мяне «Пад шэрым небам» — гэта не фільм пра пратэсты. Гэта фільм перадусім пра людзей, пра каханне...»
Моцна расчуліла і тэледакументальная праца нямецкага рэжысёра Рамана Шэла «Апошняе слова», прысвечанае памерламу ў турме мастаку і палітвязню Алесю Пушкіну. Аўтар засняў фактычна апошнія дні артыста — на Украінскай выставе перад зняволеннем і ўжо памерлага, у труне, падчас пахавання у вёсцы Бобр у 2023 годзе.
Па выніку атрымаўся не такі ўжо па-мастацку выразны і хутчэй акцэнтавана публіцыстычны, але шчыры і натхнёны фільм-прысвячэнне мастаку, якому давялося заплаціць жыццём за свае перакананні і нацыянальныя каштоўнасці.
Цвіком палітычнай праграмы стаў рэтраспектыўны паказ «Звычайнага прэзідэнта» Юрыя Хашчавацкага — культавай палітычнай стужкі 1997 года, які апынуўся суцэльнай катастрофай праз няўдалую спробу падключэння па відэасувязі яе стваральнікаў. Такія рэчы можна было б і прадугледзець.
Але гэта не сапсавала ўражанне ад фільма, які па-заліхвацку раскладвае на малекулы на той момант яшчэ малады рэжым Лукашэнкі, які ў гэтым годзе бясконцых святаў адзначае 30-годдзе знаходжання ва ўладзе.
Як і «У тумане» Лазніцы, «Звычайны прэзідэнт» у сённяшнім кантэксце выглядае цалкам актуальным і празорчым, праз перспектыву дзесяцігоддзяў дэманструючы, у якога монстра ператварыўся аўтарытарызм, што тады толькі-толькі нараджаўся. Адзінае — цалкам не адпавядае моманту іранічная інтанацыя, з якой аўтар вядзе аповед. На жаль, сённяшняя беларуская ўлада мае моцны імунітэт і да сарказму над сабой, і да, як выявілася, мірных пратэстаў.
«Бульбамуві 2024»
Амбіцыйныя маладыя аўтары
Пад густым ценем палітычных тэмаў трохі згубілася пяшчотная і вельмі натхняльная рэтраспектыва рэжысёркі Любові Зямцовай, якая трагічна загінула вясной 2020 года ў аўтакатастрофе.
У яе межах паказалі меладраму «Месца кахання» пра любоўныя стасункі наведвельнікаў сацыяльнага цэнтра для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Бабруйску і рэпартажны фільм «Вольны народ» пра жыхароў гомельскай вёскі Ніжнія Жары, якія не хочуць пакідаць родных мясцін.
Таксама пра Палессе, але з іншага, больш містычнага боку, распавядае польскі фільм Малгажаты Шышкі «Магія Падляшша. Шаптуны». Фільм задае пытанні наконт стаўлення да культуры народнай медыцыны, эфектыўнасць якой не пацверджана навукова, і яе носьбітаў — шаптуноў і шаптух, у моц якіх працягваюць верыць людзі.
Была яшчэ праграма эксперыментальнага аматарскага кіно «Беларускі сінема панк», у склад якой увайшлі кароткаметражныя працы таямнічага (насамрэч не, але называць яго прозвішча я не буду) аўтара пад псеўданімам Жэня Дарк: «Трагічнае каханне», «Быць як Шарунас Бартас», «Барбі.ру».
Усе яны выглядаюць цікава, але праз сваю сцэнарную і рэжысёрскую недасканаласць успрымаюцца проста як праява мастацкай самадзейнасці. У гэтым меркаванні яшчэ ўпэўніваешся, калі разумееш, якая ўплывовая кінематаграфічная асоба стаіць за стварэннем такога кінематаграфічнага паўфабрыкату.
На гэтым фоне больш выйгрышна выглядаў конкурс Маладога беларускага кіно, які апошнія годы моцна стагніраваў. Сёлета яго ствараў запрошаны да супрацы над фэстам экс-куратар Нацконкурсу «Лістапада» Мікалай Лаўранюк — і яго праца апынулася больш ёмістай, структураванай і ўзважанай, чым Беларускі конкурс «Паўночнага ззяння», за які адказваў Ігар Сукманаў, былы праграмны дырэктар «Лістапада» і фестывальны адборшчык.
У блоку ігравога кіно адчувальна дамінавалі две стужкі: «Магічныя нажнічкі» Ганны Авота і «Скажыце сыр» аўтаркі пад псеўданімам Кіра Альшэўская.
Наймацнейшым па рашэнні журы і меркаванні гледачоў апынуліся «Нажнічкі» — поўнаметражная аматарская стылізацыя пад нямое кіно. Аўтары разыгралі сапраўдны вадэвіль пра сацыяльную няроўнасць і нераздзеленае каханне ў габрэйскай вёсцы. Атрымалася трапная і вельмі смешная этнаграфічная камедыя, дзе важную ролю адыгрывае этнічны габрэйскі і беларускі саўндтрэк, выкананы стваральнікамі фільма.
Цікава, што ў канцы 2010-х фільм не ўзялі ў конкурс фестывалю «Лістапад», і тое, што ён усплыў на экранах толькі ў гэтым годзе, яго ніяк не сапсавала.
На другім месцы апынулася герметычная фантасмагорыя «Скажыце сыр». У ёй сям’я беларусаў апынаецца ў сваёй кватэры пад пільным наглядам беларускіх спецслужбаў і духмянага сыру, ад паядання якога ніяк не можа адмовіцца маці сямейства.
Фільм падобны на змрочны абсурдысцкі анекдот, у духу сатырычнага гумару стваральнікаў серыяла «Працэсы», праз жаданне і немагчымасць вырвацца з лап дыктатуры. У адрозненне ад візуальнай часткі, драматургічна фільм атрымаўся не вельмі ўдалым. Але ўсе памылкі можна выправіць у поўнаметражнай версіі фільма, грошы на які аўтарка зараз спрабуе знайсці.
У блоку дакументальнага кіно, дзе пераважна дамінавалі фільмы-партрэты, канкурэнцыя была больш вострай. Асноўная барацьба разгарнулася паміж «Чэмпіёнам 471» Мікіты Пандэкі і «Вяселлем сына» дакументаліста пад псеўданімам Глеб Старавераў.
Ганна Авота і Мікіта Пандэка
Апошняя стужка, на мой густ, падарыла самыя шчырыя эмоцыі за ўсе тры фестывальныя дні. Аўтар засняў гамерычна смешную і лірычную па настроі дакументальную камедыю пра шлюб у беларускай вёсачцы. Атрымаўся маленькі шэдэўр, які па тэмпераменце і простасці нагадвае ігравыя камедыі расіяніна Жоры Крыжоўнікава і серба Эміра Кустурыцы.
Але журы і гледачы (тут зноў адбылося нечаканае супадзенне густаў) абралі натхняльную па мэседжы драму «Чэмпіён 471». У ёй Пандэка назірае за штодзённасцю малочнай фермы, якая нагадвае няўтульны і вельмі прадуманы канцлагер для жывёл. І ў гэтым месцы знаходзіцца свая рагатая гераіня, якая ў зручны момант ладзіць пабег на волю.
Журы тут пабачыла метафару сучаснай Беларусі, але фільм «Чэмпіён 471» вельмі ўніверсальны па выказванні, у яго можна ўкласці які заўгодна сэнс: ад антытаталітарнага да экалагічнага. Што больш важна, гуманістычны поглядам аўтара нагадвае нядаўнюю «Гунду» Віктара Касакоўскага, які распавядаў пра жыццё на ферме аднайменнай свінаматкі. Канешне, Пандэку да ўзроўня Касакоўскага яшчэ далёка, але старт атрымаўся вельмі амбітным
У чаканні канчатковай трансфармацыі
Напрыканцы трэба патлумачыць, які ж «панк», згаданы ў загалоўку, мусіць сысці.
Менавіта так сябе іранічна характарызаваў Януш Гаўрылюк, бяссменны дырэктар «Бульбамуві». Ён двойчы ствараў фестываль — у 2011-м і 2021-м, аднавіўшы яго дзейнасць праз чатыры гады пасля закрыцця. Януш і яго паплечнікі ладзілі фестываль амаль без грошай, на шчырым энтузіязме, у вольны ад асноўнай працы час.
Януш Гаўрылюк
Але цяпер, ва ўмовах эміграцыі і рэпрэсій у Беларусі, такі «панкаўскі» падыход павінен саступіць больш сістэматычнай, руціннай і адказнай працы каманды.
Бо за права на паказ беларускага кантэнту ў Варшаве трэба канкураваць з іншымі гульцамі на фестывальным рынку. Справаздачыцца перад спонсарамі — фестываль у гэтым годзе падтрымаў Мінкульт Польшчы. Выбудоўваць празрыстую камунікацыю з гледачамі, прэсай (каб не прыйшлося займацца ліхаманскай цэнзурай) і стваральнікамі кантэнту. Выпрацоўвць зразумелыя пратаколы бяспекі для ўдзельнікаў і гледачоў «Бульбамуві».
Заўважны рух у гэтым напрамку ёсць, але шмат памылак яшчэ трэба выправіць. І арганізатары «Бульбамуві» мусяць зрабіць гэтую працу, калі ў іх ёсць імпэт захаваць падзею на культурнай мапе краіны.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Фота з сайту кінафестывалю "Бульбамуві"