Роўна сто гадоў таму ў гэты дзень у Мінску быў створаны легендарны «Маладняк», які пакінуў па сабе значны след у беларускай літаратуры. Расказваем пра гісторыю першага літаратурнага аб’яднання і пра тое, што было пасля яго.
Што было «да»?
Яшчэ з часоў першых беларускіх адраджэнцаў у беларускай літаратуры панавалі ўмоўныя «песні жальбы». Пісалі іх многія, у тым ліку бясспрэчныя нашыя класікі — Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны. Старонкі «Нашай Долі», «Нашай Нівы» ды іншых выданняў першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя былі літаральна перапоўненыя плачам па нешчаслівай долі.
Прывяло ўсё гэта ў выніку да таго, што Вацлаў Ластоўскі ў 1913 годзе на старонках «першай беларускай газэты з рысункамі» распачаў дыскусію аб тым, як мела развівацца беларуская літаратура. Маўляў, не ўсё так кепска і ў родным краі трэба шукаць не адно негатыў, але і нешта пазітыўнае. Каб наступным пакаленням было чым ганарыцца.
Чытайце яшчэ: Аб чым была першая беларуская літаратурная дыскусія?
З таго часу мінула дзесяць гадоў, якія істотным чынам змянілі гістарычны, палітычны і культурніцкі ландшафт Беларусі. Грымнула Першая сусветная вайна, якая стала самай сапраўднай катастрофай для Еўропы. Па выніку яе з мапы свету знікла некалькі імперый, а на іх рэштках утварыліся новыя, ужо нацыянальныя дзяржавы.
Рэвалюцыі, які адбыліся ў той час па ўсім свеце, да непазнавальнасці мянялі краіны. Расія, Германія, Турцыя паўставалі цяпер у абсалютна новым і нечаканым, раней не бачаным абліччы. Старая культура, што была цесна звязаная з ранейшымі парадкамі, таксама адыходзіла ў нябыт. Баль правілі авангард і мадэрнізм.
Як усё пачыналася?
Познім вечарам 28 лістапада 1923 года ў будынку «Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі», які месціўся ў самым сэрцы тагачаснага Мінска, сабралася 6 чалавек. У выніку паседжання пастанавілі стварыць літаратурнае аб’яднанне, якое б прапагандавала новую рэвалюцыйную культуру.
З тых літаратараў, што прысутнічалі на ім, усе былі яшчэ «зялёнымі» ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Самым маладым быў Андрэй Александровіч, які меў на той момант усяго 17 гадоў. Следам ішоў паэт Алесь Дудар, якому тады было 18 гадоў. Ягоны сябар Анатоль Вольны і яшчэ адзін паэт Язэп Пушча былі ва ўзросце 21 года. Крытык Адам Бабарэка быў троху старэйшы за калегаў — яму было ўжо 24 гады. Ну а самым дарослым і дасведчаным у літаратурнай справе з іх быў Міхась Чарот, якому было 27 гадоў. Таму не дзіва, што менавіта ён і ачоліў наваствораную суполку.
Маладнякоўцы. 1-ы рад: Я. Падабед, А. Якімовіч, М. Чарот, А. Дудар, Я. Пушча; 2-гі рад: А. Бабарэка, Н. Чарнушэвіч, П. Трус, А. Вольны, А. Александровіч, К. Чорны (1925). Крыніца ілюстрацыі: Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва : камплект рэпрадукцый / Установа «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва»
Дзеці цёмных сялян, якія яшчэ ўчора хадзілі за плугам і пасвілі каровы, цяпер не проста абвесцілі сябе літаратарамі, а ўзяліся за выкананне вялікай місіі — зрабіць перамены ў тагачаснай беларускай культуры. Па сутнасці «Маладняк» ад першых дзён свайго існавання быў не проста літаратурным аб’яднаннем, але найперш тусоўкай пасіянарных маладзёнаў, што гуртавалі вакол сябе падобных — найперш авангардных аўтараў. А авангард, як вядома, тады панаваў у Еўропе.
«Бура і націск»
Ідучы следам за нямецкімі рамантыкамі канца XVIII стагоддзя, маладнякоўцы абвесцілі свой уласны, беларускі «Sturm und Drang». Гэта значыць, зацятае змаганне і перафарматаванне айчыннай культуры. Вось што пісаў у тым самым 1923 годзе Кандрат Крапіва ў адным са сваіх вершаў, які так і называецца «Аб «буры і націску»»:
Адзін аж лезе, здэцца, з скуры,
Даводзячы патрэбнасць «буры»
І «націску» ў літаратуры;
Другі баіцца, мусіць, буры:
Даводзіць ён, што лепей крышку
Было б сядзець нам у зацішку;
А трэці проста пустазвоніць —
Ні нападае, ні бароніць.
Узнялі толькі завіруху, —
Тым часам справа ўсё без руху.
Браткі! ці весці гэту спрэчку,
Ці сыпаць вам муку у рэчку,
Як у няведамай старонцы
Калісь рабілі пашахонцы, —
Карысць, бадай-што, тут адна:
Не будзем мець мы талакна.
Чым весці спрэчку гэту дурна,
Было б, па-мойму, лепей крыху
За працу ўзяцца — хто паціху,
А хто няхай бы сабе й бурна.
Малады паэт, які не без іроніі разважаў над літаратурнымі спрэчкамі, што развялі маладнякоўцы, у выніку і сам далучыўся да аб’яднання. Але ў 1926 годзе пакінуў яго, перайшоўшы разам з Адамам Бабарэкам і Кузьмой Чорным у не менш легендарнае «Узвышша».
Чаму «Маладняк» распаўся?
У хуткім часе пасля з’яўлення «Маладняка» пачалася і актыўная праца — у друку з’яўляліся новыя творы маладнякоўцаў, выходзілі іхнія кнігі, з’яўлялася крытыка на іх. Філіі арганізацыі як грыбы пасля дажджу пачалі расці не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.
Першы з'езд маладнякоўцаў, 1925
Вядома як мінімум пра дзве такія — адна дзеіла ў Маскве, а іншая ў Празе. Ды і заходнебеларуская моладзь, што цікавілася актуальнай культурай, бачыла ў маладнякоўцах пэўны арыенцір і ўзор для пераймання. Ужо ў 1925 годзе колькасць сябраў аб’яднання перавышала пяць сотняў — гэта быў проста неверагодны рост. Але колькасць далёка не заўжды азначае якасць.
Часцяком у «Маладняк» прымаліся людзі без асаблівых талентаў, якія проста былі неабыякавыя да літаратуры і «пралетарскай» культуры ды маглі быць хаця б нечым карыснымі. Таму тыя, хто ўжо сцвердзіўся на ніве прыгожага пісьменства, і вырашылі адасобіцца ад іх у нешта больш элітарнае. Так і паўстала ўвесну 1926 года «Узвышша» — з адной назвы якога ўжо робіцца зразумела, хто мог стаць сябрам гэтага аб’яднання. Не проста неабыякавы, але таленавіты і здольны. Паміж былымі таварышамі ў прэсе распачалася сапраўдная варажнеча.
У 1928 годзе «Маладняк» фактычна спыніў сваё існаванне, ператварыўшыся ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Часопіс яшчэ выходзіў 5 гадоў, але гэта было ўжо не тое. Канец 1920-х — пачатак 1930-х стаў фатальным для большасці ўдзельнікаў тагачаснага літаратурнага працэсу — спачатку на карысць адзінага пісьменніцкага саюза былі ліквідаваныя ўсе літаратурныя аб’яднанні, а потым прыйшлі і па іх сябраў. І былыя маладнякоўцы, і былыя ўзвышэнцы зведалі рэпрэсіі цягам 1930-х гадоў.
Чытайце яшчэ: У пошуках перлінаў
У чым заслуга «Маладняка»?
Рэабілітацыя бязвінна забітых і рэпрэсаваных літаратараў, у тым ліку і маладнякоўцаў, пачалася адразу пасля таго, як быў скасаваны культ Сталіна. Следам асцярожна іхная творчая спадчына пачала зноў вяртацца з нябыту. Штопраўда, выглядала гэта часцяком дзіўнавата, калі пра таго ці іншага аўтара пісалі — з такога года жыў там-та, памёр у такім або такім годзе.
Тыя, хто заспеў яшчэ савецкія часы, могуць прыгадаць, што біяграфіі маладнякоўцаў дзіўным чынам нагадвалі адна — другую — чамусьці на пачатку 1930-х гадоў многія паэты і пісьменнікі нечакана выехалі з Беларусі, а ў канцы дзесяцігоддзя пачалі з нейкае прычыны паміраць адзін за другім. Так хавалася сумная праўда жыцця — нашыя аўтары спачатку былі адпраўленыя ў высылку, а потым і наогул расстраляныя.
Часы «перабудовы» сталі сапраўдным глытком свежага паветра, калі адкрылася шакуючая праўда аб мінулым. Бо раптам выявілася, што цэлае літаратурнае пакаленне было амаль пад корань выкашана ў часы сталіншчыны. Жыць засталіся хіба што адзінкі, але і яны зведалі горкую долю рэпрэсаваных або вымушаныя былі стаць канфармістамі і абслугоўваць патрэбы партыі.
Новая генерацыя беларускіх літаратараў, якая паўстала ў 1980-я гады, згуртавалася вакол «Тутэйшых» і зацята «бралася ў рожкі» з ужо прызнанымі пісьменнікамі, найперш з «філалагічнага» пакалення, якое пачало складацца ў паваенны час. А сваімі непасрэднымі папярэднікамі сябры «Тутэйшых» бачылі акурат маладнякоўцаў. Менавіта таму падзеі ў знакамітым рамане Андрэя Федарэнкі «Рэвізія» адбываюцца ў 2 часавых вымярэннях — «бурапенных» 1920-х і «перабудовачных» 1980-х.
Твор проста ідэальна адлюстроўвае наўпроставую сувязь паміж гэтымі дзвюма эпохамі. Бо і там і там паэтам ды пісьменнікам даводзілася лічы з нуля рабіць актуальную беларускую літаратуру такой, якой яны яе хацелі бачыць. Бо і там і там была падобная сітуацыя — папярэднікі не пакінулі таго аб’ёму «прыгожага пісьменства», які мусіў існаваць.
Калі да «Маладняка» магістральнай тэмай у літаратуры былі нэндза і плач, які быў сфармуляваны яшчэ Францішкам Багушэвічам, дык у часы «Тутэйшых» панаваў сацрэалізм, які ўжо відавочна аджыў сваё. Раманы пра селектарныя нарады ў калгасе і шчаслівых працоўных на заводзе болей нікога не цікавілі, бо ў перамогу камунізму з простых грамадзянаў СССР тады мала хто верыў.
Наперадзе было атрыманне незалежнасці і цяжкая праца па стварэнні новай культуры. Бо сапраўды суверэнная краіна банальна не можа існаваць без яе. Заслуга ж маладнякоўцаў была ў тым, што яны сталі прыкладам для тых, хто прыйшоў на літаратурную ніву праз болей чым паўстагоддзя пасля.
Л. Г., budzma.org