У чарговыя ўгодкі расстрэльнай ночы, якая сталася ва ўсіх сэнсах чорнай для беларускай літаратуры, жменька словаў аб тых, хто яе ствараў.
Крыніца: ru.wikipedia.org
Каб палюбіць беларускую літаратуру, асабліва міжваеннай пары, патрэбны час і вытрымка. Проста з наскоку можа нічога добрага і не атрымацца: або проста не ўразіць, або назаўжды адверне. Бо каб знайсці сапраўдны ўзор «прыгожага пісьменства», як казалі ў той час, трэба прыкласці высілкі, выдаткаваць уласны час, і тады нешта абавязкова адшукаецца.
Варта разумець, што да вайны беларуская літаратура прайшла вельмі хуткі, пакручасты, драматычны, траўматычны, але разам з тым надзвычай цікавы час. Тыя, хто закладаў асновы літаратуры яшчэ ў 1900-я, былі людзьмі смелымі і адчайнымі, бо абаперціся ім проста не было на што.
Янку Купалу, Якубу Коласу ды іншым творцам «нашаніўскай» пары трэба было ўсё шукаць з нуля. Сяргей Палуян і Максім Багадновіч вылучаліся большай дасведчанасцю і зацікаўленасцю еўрапейскай літаратурай, таму нездарма, што наш Максім-кніжнік імкнуўся далучыць да яе і беларускую літаратуру. Вацлаў Ластоўскі спрабаваў нешта разгледзець у старасвеччыне, каб паказаць яе вартасць беларусам, вярнуць ім правільнае разуменне ўласнай даўніны. Цішка Гартны разам з паплечнікамі імкнуўся рэалізавацца ў рэвалюцыйным змаганні, верыў у лепшае заўтра.
Два першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя беларуская літаратура шукала сябе і сваё месца сярод іншых народаў. Нясмела намацваючы яго, яна поўнілася творамі, якія цяпер складаюць скарбонку нашай класікі. Першая беларуская п’еса, першы беларускі раман, першая беларуская паэма і гэтак далей, можна працягваць да бясконцасці.
Маладая беларуская нацыя (у сучасным разуменні гэтага слова) стваралася літаральна з нуля, спрабуючы дагнаць іншых. У створаных тады літаратурных творах яна займела свой выразны голас і аблічча.
Але мадэрная нацыя без сваёй дзяржавы, нават з абмежаваным суверэнітэтам, ніяк не зможа рэалізавацца. Вядома, можна жыць у чужым доме на нейкіх правах, але ўсё ж лепей мець свой. Таму зусім не дзіва, што беларуская літаратура атрымала другое дыханне ў другой палове 1910-х, калі спачатку была абвешчана БНР, а потым паўстала і Савецкая Беларусь.
Не будзем займацца высвятленнем таго, якое з гэтых дзяржаўных утварэнняў мела больш суб’ектнасці і было насамрэч сапраўдным. Зазначым хіба, што пасля паўторнага абвяшчэння БССР у канцы ліпеня 1920 года адбыўся значны паварот у бок беларушчыны. І было гэта не з той прычыны, як цяпер часам пішуць некаторыя разумнікі, што бальшавікі штучна выдумалі мову і культуру беларусаў. А таму, што сярод камуністаў, якія і стваралі гэтую рэспубліку, было многа беларусаў. Іначай і быць не магло. А «акно магчымасцей», якое адкрылася пасля абвяшчэння карэнізацыі і палітыкі НЭПу, толькі паскорыла гэтыя працэсы. Бо не будзем забывацца, што ўжо ў сярэдзіне лета 1924 года палітыка беларусізацыі была зацверджана ўрадам на заканадаўчым узроўні. І так было б у любым разе.
Ад пачатку 1920-х гадоў у Беларусі было вірлівае культурніцкае жыццё. Класікі, якія пісалі яшчэ з «нашаніўскіх» часоў, пачалі рэалізоўвацца напоўніцу. Янка Купала нарэшце выйшаў з маўчання — у 1922 годзе пабачыў свет зборнік «Спадчына». Якуб Колас у траўні 1921 года вярнуўся дамоў, многа пісаў і працаваў, выдаў сваё «Водгулле» ў тым жа 1922 годзе. А Цішка Гартны спачатку заняўся кнігавыдавецкай справай у Берліне, а ў канцы таго ж года заснаваў часопіс «Полымя», які пад гэтай назвай выходзіць і ў наш час.
Крыніца: nlb.by
На змену ім прыйшло новае пакаленне паэтаў і пісьменнікаў, якія бачылі ўжо свет па-свойму. Многія з іх выраслі падчас войнаў і рэвалюцый у не самых спрыяльных умовах, зведалі голад і холад, галоту і галечу. Гэтыя, маладзейшыя, ужо бралі ўдзел у вайне добраахвотна, а не як старэйшыя калегі, пад ціскам абставінаў. Зірніце на біяграфіі тых жа маладнякоўцаў — многія з іх ішлі ў Чырвоную Армію па ўласным жаданні, а не пад прымусам. Бо лічылі, гаворачы словамі Уладзіміра Маякоўскага, рэвалюцыю сваёй.
Той жа «Маладняк» заснавалі ў Мінску ў канцы лістапада 1923 года шэсць чалавек: Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка і Язэп Пушча. Імёны гэтых літаратараў сёння калі не добра вядомыя, дык адназначна на слыху. Дзякуючы іх дбанням ужо праз некалькі гадоў гэтая пісьменніцкая арганізацыя будзе налічваць каля 500 сяброў і мець свае філіі ў многіх гарадах і мястэчках БССР. Таксама ў рэгіёнах, а не толькі ў Мінску, будуць выходзіць і «маладнякоўскія» альманахі, дзе будуць спрабаваць свае сілы літаратары-пачаткоўцы.
Сябры «Маладняка». 1924—1925. Крыніца: be.wikipedia.org
І тут пачынаецца самае цікавае і драматычнае. Гартаючы выданні той пары, дзе друкаваліся тыя ж маладнякоўцы, можна ўбачыць рознае. У тым ліку і вершы з прысвячэннямі Леніну, пра Кастрычнік, развагі пра марксізм і кепскіх паноў. І гэта не павінна бянтэжыць або збіваць са шляху, бо сярод прахадных твораў, створаных на патрэбу часу і кан’юнктуры, былі і сапраўдныя шэдэўры. Разумелі гэта і тады, іначай не адбыўся б першы раскол арганізацыі.
У траўні 1926 года з «Маладняка» выйдзе шэраг творцаў, каб утварыць сваё літаратурнае аб’яднанне. Ужо сама назва «Узвышша» будзе гаварыць аб іхнай праграме. Сярод тых, хто будзе сярод стваральнікаў і актыўных удзельнікаў — Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Лукаш Калюга, Кандрат Крапіва і Тодар Кляшторны. Такім чынам творцы будуць пратэставаць супраць палітызацыі і прымітывізацыі мастацтва.
Літаратурнае аб'яднаньне «Узвышша». Першы рад: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі рад: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка. Менск. 1929 г. Крыніца: be.wikipedia.org
На старонках выдаванага імі аднайменнага альманаха чытач можна адшукаць шмат чаго для сябе цікавага: хрэстаматыйныя вершы і прозу «ўзвышаўцаў», пераклады Шарля Бадлера, рэцэнзіі на творы савецкіх і еўрапейскіх аўтараў, навіны літаратурнага жыцця Беларусі і замежжа. Акрамя гэтага, на старонках выдання вяліся цікавыя дыскусіі аб тым, як правільна трэба ўжываць тое ці іншае слова, чаго бракуе беларускай літаратуры, і наогул, што яе чакае ў перспектыве. Але не адны «ўзвышаўцы» думалі аб будучыні беларушчыны.
У 1927 годзе ў Беларусі з’явіліся нават свае футурысты: Паўлюк Шукайла з Янам Скрыганам ды іншымі творцамі стварылі «Літаратурна-мастацкую камуну», якая некаторы час выдавала ўласны альманах «Росквіт». У другім нумары яны нават спрабавалі скінуць са свайго «парахода сучаснасці» тых, хто быў ужо прызнаным аўтарытэтам. У тым ліку і Цішку Гартнага. Праўда, ляцелі класікі не з карабля, але з вежы. І тым не менш вобраз даволі зразумелы і запамінальны. Вядома, калі ставіцца да гэтай з’явы перадузята і вельмі сур’ёзна, то футурысты з іх былі нягеглыя, але ж падзякаваць за спробу ўсё адно неабходна.
У канцы 1927 года з’явілася яшчэ адно літаратурнае аб’яднанне — «Полымя». У яго межах паразумеліся прадстаўнікі маладзейшага пакалення са старэйшым. Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі і Васіль Сташэўскі аб’ядналі свае высілкі з Якубам Коласам, Янкам Купалам і Цішкам Гартным. Далучыліся да іх і іншыя былыя «маладнякоўцы».
Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя», 1928 г. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; Стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. Крыніца: be.wikipedia.org
То-бок у 1920-х гадах, нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы ва ўсіх сферах жыцця, літаратурны працэс быў паўнакроўным. І нават само літаратурнае жыццё было насычаным: друкаваліся кніжкі, выходзіла перыёдыка, была крытыка, адбываліся літаратурныя імпрэзы і зацятыя дыскусіі.
Усё пачало мяняцца ў канцы 1920-х гадоў, калі савецкім кіраўніцтвам было прынятае рашэнне на індустрыялізацыю і калектывізацыю. Па ўсёй вялікай краіне пачала адбывацца ўніфікацыя, якая закранула і пісьменніцкую сферу. Гэта акурат той момант, калі прыйшоў час ідэалагічнай індактрынацыі — ранейшая, хай сабе і адносная, але ўсё ж вольніца, была замененая канкрэтнымі ўстаноўкамі, як і што пісаць.
У 1928 годзе «Маладняк» ператварыўся ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, а потым і наогул спыніў сваё існаванне. Зніклі таксама і іншыя, менш заўважныя, літаратурныя суполкі. У 1931 годзе было распушчана «Узвышша». Усё ішло да стварэння аднаго пісьменніцкага саюза, які і пачне афармляцца ў 1932–1934 гадах.
З’явіцца так званая «аглаблёвая» крытыка. Найбольш выбітныя яе прадстаўнікі — Лукаш Бэндэ, Айзік Кучар, Якаў Бранштэйн ды іншыя падобнага кшталту аўтары. Магчыма, многія з іх валодалі не самым кепскім літаратурным густам і нават мелі пэўны ўзровень разумення літаратурнага працэсу, але ж іхныя разносы на старонках газет і часопісаў не прыносілі нічога добрага аўтарам разгляданых тэкстаў.
Класікі безапеляцыйна звяргаліся, а яшчэ ўчорашнія аўтарытэты вымушаныя былі выбачацца за памылкі і правіны, апраўдвацца і займацца самаагаворам. Шукаць нейкіх новых формаў, каб заставацца ў абойме. Пра маладзейшых гаварыць і не выпадае — разгарнулася самая сапраўдная ўнутрывідавая барацьба, якая ў выніку скончылася кепска для ўсіх яе ўдзельнікаў. Быць дысідэнтам, як можна будзе зрабіць у пазнейшыя часы, або проста ціха сысці ва ўнутраную эміграцыю не выпадала — не тая эпоха.
Многія з літаратараў міжваеннай пары ў той ці іншай форме зазнаюць рэпрэсіі. Нехта будзе расстраляны, кагосьці асудзяць на высылку, рэшту — пасля непрацяглага зняволення адпусцяць. Самі рэпрэсіі будуць адбывацца хвалямі ад пачатку 1930-х гадоў, паўтараючыся раз на некалькі гадоў: 1930, 1933, 1936 гады.
Пікавы момант расправы з прадстаўнікамі інтэлігенцыі Савецкай Беларусі — 1937 год, калі многія дзеячы культуры будуць або арыштаваныя, або, знаходзячыся ў зняволенні, прысуджаныя да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны» — расстрэлу. Так за адну ноч з 28 на 29 кастрычніка будзе расстраляна больш за сотню чалавек. У тым ліку і 22 літаратары.
Крыніца: skrepohistory.livejournal.com
Большасць з рэпрэсаваных будуць рэабілітаваныя пасля вайны. Некаторыя з іх нават вернуцца да літаратурнага жыцця. І тым не менш для развіцця беларускай літаратуры будзе страчаны момант, бо класікамі ўжо не стануць тыя, хто мог бы...
Л. Г., budzma.org