Дранікі без мукі, лазьня з украінскімі венікамі. На фэстывалі Burning Man упершыню пачаў працаваць беларускі лягер

Удзельнікі фестывалю расказалі ў размове з «Радыё Свабода» пра пылавую буру, якая налятае на месца правядзеньня фэстывалю, і запэўнілі, што ўсё задуманае зьдзейсьняць, нягледзячы на непагадзь.

burning-man-01.pngDranik-bus беларускага кэмпа на сёлетнім Burning Man

Пра тое, што сёлета на сусьветна вядомым фэстывалі Burning Man зьявіцца беларускі лягер Mara, стала вядома на пачатку лета. Яго ўдзельнікі пачалі рыхтавацца загадзя. Паводле папярэдняга пляну, Mara мусіла заняць невялікую пляцоўку з адмыслова аформленым вялікім аўтобусам для гатаваньня дранікаў, намётамі ў беларускім стылі й лазьняй. Пачатак фэстывалю сёлета меў быць 24 жніўня, але праз пылавую буру яго мусілі крыху адкласьці. Адбілася гэта і на беларусах, але зараз ужо ўсё больш-менш уладкавалася, расказаў у размове з Свабодай удзельнік сёлетняга беларускага лягеру Аляксандар Васілевіч.

«Мы ўжо на месцы, фэстываль пачаўся, — расказвае Аляксандар. — Але дабіраліся даволі доўга. Калі даехалі да абшару, дзе пачынаецца пустэльня і тэрыторыя фэстывалю, то стаялі ў чарзе 24 гадзіны. Дождж, пасьля шторм пачаўся. Шмат людзей яшчэ не заехалі, яшчэ толькі раскладваюцца. Толькі сёньня ўначы змагла прыехаць большасьць нашых удзельнікаў».

burning-man-02.pngБеларускі лягер МАРА на фэстывалі Burning Man

Аляксандар дадае, што беларускі лягер яшчэ мантуюць, але неўзабае ён паўстане ў заплянаваным выглядзе. На месцы ёсьць усё, што хацелі мець арганізатары, — намёты, вялікі аўтобус з дранікамі й лазьня.

«Наш dranik-bus пачынае працаваць, а трэцяй гадзіне, — гаворыць суразмоўца (размова адбывалася ранкам 26 жніўня. — РС). — Дранікі будуць без мукі. Прынамсі так ужо гатавалі ў тэставым рэжыме. Лазьня заўтра зранку пачне дзейнічаць. Лаунж (абсталяваньне для зоны адпачынку — РС) прывезьлі, паставім з гарбатай. Усё будзе. Магчыма, крыху ня так, як плянавалася, але сёлета палова Burning Man у такім стане. Яшчэ нч ўсе арт-праекты дабудаваныя. Надвор’е такое, бура пылавая, дождж. Але людзі едуць, усё вельмі прыемна».

З словаў Аляксандра, да беларусаў ужо падыходзяць госьці зь іншых лягераў, усе вельмі прыязныя і глядзяць на першы беларускі лягер на Burning Man прыязна. У ім, як і плянавалася, удзельнічаюць каля 30 чалавек. Як кажа Аляксандар, некаторыя з удзельнікаў яшчэ ў дарозе. На ўезьдзе на тэрыторыю фэстывалю праз надвор’е па-ранейшаму вялікая чарга.

«Тут вельмі шмат цікавага, вельмі файныя арт-праекты, — дадае Аляксандар Васілеўскі. — Прыгожа. Бачна, што людзі шмат інвэстуюць ува ўсё гэта. Наколькі я ведаю, тут ёсьць нават удзельнікі, якія прыехалі на фэстываль зь Менску, прывезьлі свой арт-аб’ект, які рабілі ў Беларусі. Везьлі яго празь іншыя краіны сюды нейкімі невядомымі шляхамі. Але большасьць беларусаў прыехалі, вядома, з іншых краін».

burning-man-04.png

Лазьню, пра якую расказвае Аляксандар, беларусы на Burning Man прывезьлі з Варшавы. Яна выглядае як вялікі намёт, унутры печ, іншыя неабходныя прылады. Андрэй, адказны за лазьню ў беларускім лягеры, дадае, што венікі для яе везьлі ў Нэваду з Украіны.

burning-man-06.pngНадвор’е сёлета на месцы фэстывалю няпростае 

«Дровы для лазьні мы купілі і прывезьлі з сабой, то ўжо ўсё гатова для лазьні, — кажа Андрэй. — Венікі таксама маем, але не зь Беларусі. Іх рабілі ва Ўкраіне, пасьля празь Літву і Польшчу прывезьлі ў ЗША. Парыць будзем усіх ахвотных, запіс у лазьню штораніцы. Сэсія ў лазьні будзе гадзіну працягвацца. Ваду мы з сабой таксама прывезьлі, тону. Калі ня хопіць, будзем тут яшчэ запраўляцца».

burning-man-05.pngБеларускі лягер МАРА на фэстывалі Burning Man

Фэстываль Burning Мan праходзіць штогод у ЗША ў пустэльні Блэк-Рок на тэрыторыі штату Нэвада. Ён працягваецца каля двух тыдняў, арганізатары называюць Burning Мan не фэстывалем, а экспэрымэнтам у стварэньні супольнасьці радыкальнага самавыяўленьня. Колькасьць удзельнікаў даходзіць да 100 тысяч чалавек. Вялізная тэрыторыя пустэльні дзеліцца на невялікія сэктары, у кожным зь якіх суполкі аднадумцаў ствараюць свае лягеры — месцы самавыяўленьня ў самай разнастайнай форме. Кульмінацыя фэстывалю — спальваньне вялікай драўлянай фігуры чалавека ў самым цэнтры вялізнага лягеру. Сёлета яе запаляць 31 жніўня.