Буйная авіякампанія ў ЗША выкарыстала фотаздымак беларускі для вокладкі свайго часопіса

Беларуская журналістка Юлія Матузава зараз жыве ў Малазе (Гішпанія). Ужо больш за год яна займаецца фатаграфіяй. Хоббі для душы стала нагодай для нечакнага супрацоўніцтва, піша bielarus.info.


Julija Matuzava

Яе фотаздымкамі зацікавілася буйная амерыканская авіякампанія. Юліі прапанавалі супрацу, і вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Пра гэта беларуска напісала ў сваім допісе ў Х:

Skrynšot

Časopis

Рэдакцыя газеты «Беларус» звязалася з Юліяй, каб павіншаваць, а таксама каб задаць пару пытанняў пра яе поспех.

М.Ч.: Юлія, як Вы апынуліся ў Іспаніі і як пачалі займацца фатаграфіяй?

Ю.М.: Я працавала журналістам у Беларусі і з’ехаць мне адтуль прыйшлося з-за палітычнай сітуацыі. Калі прыязджаеш у новую краіну і прычым даволі надоўга, то разумееш, што трэба шмат што пачынаць з нуля. Я працягвала працаваць на беларускія медыя, але дыстанцыйная праца мае вельмі шмат недахопаў. Хацелася неяк развівацца на новым месцы, знаходзіць кантакты, магчымасці для творчасці.

Я заўсёды любіла фатаграфію і навучылася добра карыстацца тэхнікай яшчэ шмат гадоў таму, але толькі ў эміграцыі пачала разглядаць фатаграфію як магчымасць працы. Два гады таму я набыла прафесійную камеру і пачала здымаць: спачатку архітэктуру, мора, жыццё Малагі, а пасля — людзей. У 2022 у Малагу прыехала шмат украінцаў і беларусаў, неяк так паціху пачалі прыходзіць заказы на фотасэсіі — і цяпер я кожны тыдзень недзе здымаю (і сумяшчаю гэта з асноўнай працай журналістам у беларускім медыя).

М.Ч.: Як на вас выйшлі з прапановай супрацы?

Ю.М.: У мяне ёсць сайт, інстаграм і таксама партфоліа на вядомым фотастоку Unsplash. Менавіта праз гэты сайт на мяне і выйшлі з авіякампаніі United, бо там я і публікую пейзажныя фотаздымкі Малагі і Гішпаніі. Гэта не першы раз, калі са мной вось так звязаліся: у канцы мінулага году вялізная туркампанія TUI прапаноўвала мне паздымаць іх тур у Андалусіі, а швейцарскія авіялініі публікавалі мае здымкі ў сваіх сацсетках.

Але зрабіць вокладку для часопіса на борт авіякампаніі, вядома, было ваў! Адчула вельмі прыемныя эмоцыі і атрымала добры заробак за сваю працу.

Fatahrafii Julii Matuzavaj
Фота Юліі Матузавай

М.Ч.: З Беларусі пасля падзеяў 2020-га году выехала вялікая колькасць журналістаў. Шмат хто згубіўся і больш не адчувае сябе запатрабаваным у сваёй прафесіі. Як вы паступілі ў гэтай сітуацыі выгнання?

Ю.М.: Сапраўды, як вы сказалі, шмат хто адчувае сябе незапатрабаваным за мяжой. Асабліва, калі твая прафесія вельмі вузкага профілю, як журналістыка, і складана рэалізавацца як на радзіме. Таму для мяне фатаграфія стала нейкім выйсцем з гэтай даволі дэпрэсіўнай сітуацыі. Хацелася б развівацца ў гэтым кірунку і спадзяюся на новыя супрацоўніцтвы.

М.Ч.: Дарэчы, хто на фотаздымку?

Ю.М.: На здымку — мая сяброўка, дзяўчына з Беларусі, якая жыве ў Малазе і працуе тут прафесійнай мадэллю. Яна таксама была вельмі радая такому супрацоўніцтву. Атрымалася цікава: праца для амерыканскай авіякампаніі пра Іспанію цалкам зробленая беларускамі.

М.Ч.: Дзякуй вялікі, Юлія і далейшых Вам поспехаў!

Ю.М.: Дзякуй.

Fatahrafii Julii Matuzavaj

Fatahrafii Julii Matuzavaj
Фатаграфіі Юліі Матузавай

Для даведкі:

United Airlines — буйная амерыканская авіякампанія са штаб-кватэрай у Чыкага, штат Ілінойс. Гэта адна з найбуйнейшых у свеце авіякампаній, якая абслугоўвае шырокую сетку ўнутраных і міжнародных маршрутаў з флотам, які ў асноўным складаецца з самалётаў Boeing і Airbus. United прапануе пасажырскія і грузавыя паслугі ў напрамкі па ўсёй Амерыцы, Еўропе, Азіі і Акіяніі. Яна з’яўляецца адным з заснавальнікаў Star Alliance, найбуйнейшага ў свеце альянсу авіякампаній, што дазваляе ёй супрацоўнічаць з іншымі авіякампаніямі, каб пашырыць свой глабальны ахоп і прапанаваць кліентам больш варыянтаў падарожжаў.

Азнаёміцца з фотапрацамі Юліі можна па спасылцы, а таксама ў яе інстаграм.

Міхась Чаропка