48 гадоў таму, 28 ліпеня 1977 года, памёр грэка-каталіцкі святар, айцец Леў Гарошка. Дзейнасць айца Льва Гарошкі ў замежжы мела без перабольшвання грандыёзныя маштабы. Віртуозны майстра тайм-менеджменту, ён здолеў зрабіць столькі, што хапіла б на некалькі жыццяў. У дзень памяці айца Льва Гарошкі распавядаем, як ён перамог французскае міністэрства і чаму яго можна назваць сапраўдным тытанам беларускай эміграцыі.
А. Леў Гарошка ў працоўным кабінеце. Парыж, 1950-я гг.
Леў Гарошка паходзіў з вельмі беднай сям’і праваслаўных беларусаў уніяцкага паходжання.
Вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, а потым у Львоўскай грэка-каталіцкай багаслоўскай акадэміі. Пасля заканчэння Акадэміі ў 1936 годзе быў накіраваны для далейшана навучання ў Каталіцкі ўніверсітэт у Інсбруку (Аўстрыя).
У 1937 годзе Леў Гарошка быў высвечаны на святара і пачаў душпастырскую працу ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. За сваю дзейнасць пераследаваўся польскімі ўладамі, стала знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
Падчас Другой сусветнай вайны працаваў настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і мэдычнай школах у Баранавічах, рэдакцыях газет ды інш. Кіраўнік медычнай школы ў Баранавічах Мацвей Смаршчок сцвярджаў, што а. Леў Гарошка уратаваў ад вывазу ў Нямеччыну моладзь з гэтай школы, якую немцы планавалі накіраваць у працоўныя лагеры.
У 1944 годзе Леў Гарошка выехаў за мяжу, займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. З восені 1945 жыў у Рыме, дзе таксама займаўся арганізацыяй беларускага жыцця сярод суродзічаў, узначаліў Беларускі камітэт самапомачы (Comitato Caritativo Biancoruteno), задачай якога была матэрыяльная дапамога беларусам.
Айцец Леў Гарошка для гісторыі беларускай эміграцыі фігура знакавая. Яго дзейнасць у замежжы мела грандыёзны маштаб. Ацэньваючы цяпер яе плён нават у асобных галінах, часам бывае цяжка паверыць, быццам на ўсё гэта хапіла аднаго чалавечага жыцця – да таго ж не самага працяглага і адзначанага не абы-якімі нягодамі ды выпрабаваннямі.
Леў Гарошка. 1930-я гг.
Феномен да пэўнай ступені тлумачыцца ва ўспамінах яго паплечнікаў. Кожны, з кім Льва Гарошку зводзіў лёс, нязменна адзначаў анамальную працаздольнасць святара, высокую хуткасць засваення ім новых ведаў і рэалізацыі задумаў, а таксама віртуознае валоданне тым, што сёння завецца «мастацтвам тайм-менеджменту.
Нават перасоўваўся ў прасторы айцец Леў Гарошка, як сведчылі яго сучаснікі, толькі шпаркім крокам, «усе рухі меў энергічныя», а калі дзе і спыняўся прысесці, то адно каб штосьці занатаваць у блакнот.
Пасведчанне Льва Гарошкі з Берліна. 1944 г.
Калі ўявіць даробак айца Льва Гарошкі ў выглядзе ландшафту, то вяршынямі, заўважнымі найперш і вартымі асобных манаграфій, будуць:
Стаяў ля вытокаў «Скарынаўкі»
Адно з дасягненняў брытанскага перыяду святара – паўстанне знакамітай Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.
Апантанасць Льва Гарошкі кнігамі дазволіла яму «справай« падмацаваць ідэю біскупа Чэслава Сіповіча аб стварэнні бібліятэкі – перавезці з Францыі свой кнігазбор аб’ёмам у 6500 найменняў беларускай тэматыкі.
Першае выданне гімну “Магутны Божа”, ажыццёўленае а. Львом Гарошкам у Парыжы ў 1947 г.
Звярнуў увагу Ватыкана на беларусаў як асобную нацыю
Адраджэнне Уніяцкай царквы айцей Леў Гарошка ўважаў за асноўную справу свайго жыцця, а Царкву разглядаў як сродак здабыцця нацыянальнай, культурнай і духоўнай незалежнасці Беларусі.
Усе перасоўванні і атабарванні Льва Гарошкі па краінах Еўропы, пачынаючы з Нямеччыны, куды ён эміграваў у 1944-м, былі ў першую чаргу звязаныя з душпастырскімі справамі. Ім ён аддаваўся з аднолькавай нястомнасцю што ў Нямеччыне, Італіі і Ватыкане, што ў Францыі і Вялікабрытаніі (у апошніх дзвюх – у якасці рэктара Беларускай каталіцкай місіі).
Чэслаў Сіповіч і Леў Гарошка каля манастыра лазарыстаў. Парыж, кан. 1940-х гг.
Існуе меркаванне, што Леў Гарошка скарыстаўся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы сваім яскравым пастарскім талентам пераконвання, каб паўплываць на Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў.
У выніку энцыкліку Пія XII з нагоды 350-х угодкаў Берасцейскай Уніі выдалі і па-беларуску таксама. Гэта зрабілася важным адпраўным пунктам ва ўспрыняцці Ватыканам беларусаў як асобнай нацыі.
А. Леў Гарошка на канферэнцыі Інстытута вывучэння СССР у Мюнхене, 1956 г.
Як Леў Гарошка перамог французскае міністэрства
Палітолаг і даследчык Уладзіслаў Гарбацкі знайшоў у Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане ў архіўных скрынях і папках прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Бельгіі і Францыі перапіску Льва Гарошкі з французскімі ўладамі. З ліставання вынікае, што ў 1970 годзе, верагодней за ўсё пад ціскам Савецкага Саюза, французскае Міністэрства замежных справаў адмовілася ўжываць панятак «беларускага паходжання» да імігрантаў. Яны сталі абмяжоўвацца толькі «расійскім паходжаннем» і «польскім паходжаннем», чамусьці гэта датычыла толькі беларусаў.
Леў Гарошка і іншыя прадстаўнікі дыяспары распачалі тады цэлую кампанію. Яны зрабілі калектыўны збор подпісаў і пратэставалі індывідуальна. У сваіх лістах нашыя суайчыннікі абгрунтоўвалі свой выбар на карысць беларускага паходжання, спасылаліся на законы самой Французскай рэспублікі. Яны вельмі добра ведалі французскую рэчаіснасць, заканадаўства і практыкі папярэдніх дзесяцігоддзяў. Яны спрабавалі абапірацца ў тым ліку і на рэлігійныя структуры, бо разлічвалі, што Каталіцкая Царква, наогул заклапочаная камуністычным пераследам, можа дапамагчы.
У іх атрымалася: французская царква і ватыканскія структуры далучылася да іх кампаніі тады. І беларусы перамаглі! Ім адказалі, міністэрства прынесла прабачэнні.
А. Леў Гарошка з беларусамі на Марыйным кангрэсе ў Лурдзе (Францыя). 1958 г.
Апісаны выпадак – яшчэ адно сведчанне актыўнасці а. Льва Гарошкі ў змаганні за беларускую ідэнтычнасць.
Надмагільны помнік а. Льва Гарошкі на могілках Св. Панкрата ў Лондане
У 2023 годзе Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" пры спрыянні інтэрнэт-бібліятэкі «Kamunikat» выдала кнігу, прысвечаную жыццю і творчаму даробку айца Льва Гарошкі. Набыць кнігу можна па спасылцы.