Беларускі ПЭН апублікаваў новы аналітычны матэрыял, прысвечаны стану беларускай культуры ў першым паўгодддзі 2025 года. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа за першую палову 2025 года з адкрытых крыніц праз асабістыя кантакты і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.
У першым паўгоддзі 2025 года ў Беларусі працягнуліся пераслед за іншадумства і выказванне меркавання, адвольныя затрыманні і арышты, палітычна матываваны адміністрацыйны і крымінальны пераслед дзеячаў культуры ўнутры краіны, пераслед у выгнанні. Новыя дакументальныя і мастацкія кнігі былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Сярод ключавых тэм другога квартала — ужо 2,5 года ўтрымання ў рэжыме інкамунікада палітзняволенага адваката, літаратара і барда Максіма Знака; памілаванне пры пасярэдніцтве амерыканскага ўрада і наступная дэпартацыя з Беларусі 14 зняволеных, сярод якіх — трое прадстаўнікоў культурнай сферы: Наталля Дуліна, Сяргей Ціханоўскі і Ігар Карней; затрыманне і пераслед некалькіх адміністратараў беларускага раздзела інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя»; крымінальны пераслед і суд над грамадзянскай актывісткай Нінай Багінскай — знакавай фігурай у пытаннях захавання беларускай нацыянальнай памяці і адным з сімвалаў пратэстаў 2020 года; прызнанне «экстрэмісцкім матэрыялам» Instagram-старонкі выдавецтва і анлайн-крамы беларускіх кніг у Лондане «Skaryna Press»; дапаўненне Міністэрствам інфармацыі пераліку друкаваных выданняў, распаўсюджванне якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, яшчэ 75 найменнямі; дэмантаж бюста Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, у яго родавым маёнтку ў вёсцы Малыя Сяхновічы Брэсцкай вобласці; разбурэнне стогадовых будынкаў дзеля правядзення штогадовага фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2025».
У ліку напрамкаў дзяржаўнай палітыкі адзначаюцца: далейшая ідэалагізацыя — зацверджаны «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» (апублікавана Дырэктыва № 12); акцэнт на патрыятычнае выхаванне і святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — запланавана больш за 150 мерапрыемстваў; новыя пагадненні супрацоўніцтва паміж культурнымі ўстановамі Беларусі і Расіі; падтрымка і заахвочванне лаяльных да ўлады артыстаў і шэраг іншых тэм.
Зафіксаваны 593 парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
Станам на 30.06.2025 у краіне 1164 палітычныя зняволеныя [паводле звестак ПЦ «Вясна»], сярод іх не менш за 97 дзеячаў культуры.
Усяго ў зняволенні — калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») — або ва ўмовах «хатняй хіміі» адбываюць пакаранне паводле палітычных матываў не менш за 156 чалавек са сферы культуры.
Дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў зняволенні (станам на 30.06.2025): не менш за 110 — у турмах, калоніях, СІЗА, на «хіміі», не менш за 46 — на «хатняй хіміі»
Прызнанне матэрыялаў на тэму культуры і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — самы часты від парушэнняў у агульным аб’ёме маніторынгу (183 зафіксаваныя выпадкі). Цэнзура (з улікам спісу друкаваных выданняў, «забароненых для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі») — на другім месцы (103). Парушэнне права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя замыкаюць тройку антылідараў (63).
Вядома пра завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да 47 дзеячаў культуры. У кожным другім выпадку — 23 чалавекі — гаворка ідзе пра пераслед палітычных эмігрантаў.
Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 24 дзеячы культуры, у тым ліку адзін чалавек — у рамках завочнага судовага разбору. У дачыненні да кожнага пятага чалавека гэта ўжо другі (або больш) прысуд пасля падзей 2020 года.
Не менш як 22 дзеячы культуры сутыкнуліся з адвольным затрыманнем або арыштам, двое з іх — двойчы.
Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 17 людзей культуры (18 адміністрацыйных пратаколаў).
У дачыненні да мінімум 4 былых палітзняволеных — дзеячаў культуры, якія эмігравалі пасля крымінальнага пакарання ў выглядзе «хіміі» або «хатняй хіміі», адбыліся завочныя суды аб замене рашэння на больш жорсткае.
У «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўнесены яшчэ 23 дзеячы культуры; у «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» — яшчэ 7.
17 дакументальных, гістарычных і мастацкіх кніг уключаны Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
75 найменняў друкаваных выданняў папоўнілі спіс матэрыялаў, распаўсюджванне якіх нібыта здольнае нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Сабрана 47 фактаў неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычнай спадчыны і месцамі памяці.
З 5 сакавіка 2025 года на сайце Вярхоўнага суда закрыты публічны доступ да электроннага раскладу судовых пасяджэнняў, што істотна ўскладняе праваабаронцам збор інфармацыі пра адміністрацыйныя і крымінальныя суды, над дзеячамі культуры ў прыватнасці. Таксама з сайта знік раздзел «Спецыяльнае вядзенне». Парушэнні ў сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны ўпершыню ўвайшлі ў топ-10 парушэнняў маніторынгу. Гэта звязана найперш з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў адсочванні палітычна матываванага пераследу.
Расце колькасць паўторна (і больш) асуджаных дзеячаў культуры, у тым ліку тых, хто ўжо адбывае пакаранне.
Працягваюцца затрыманні і завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян, якія вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы. Практыкуюцца завочныя суды, якія змяняюць рэжым пакарання ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія выехалі з краіны пасля вынясення прысудаў, звязаных з абмежаваннем волі.
З’явілася новая нагода для пераследу і запалохвання: размяшчэнне інфармацыі на платформе «BYMAPKA» — карце беларускага бізнесу за межамі краіны.
Прэцэдэнтны выпадак — суд і прысуд, не звязаны з пазбаўленнем або абмежаваннем волі, — накладанне прафілактычнага назірання на адну са знакавых асоб беларускіх пратэстаў 2020 года, актывістку Ніну Багінскую.
Памілаванне дзеячаў культуры, якім да заканчэння тэрміну заставалася паўгода, месяц, тыдзень.
Прымусовая дэпартацыя памілаваных, адсутнасць у іх дакументаў, якія пацвярджаюць вызваленне, даведак і г. д. Працягваецца прызнанне «экстрэмісцкімі» матэрыялаў, звязаных з палітзняволенымі — дзеячамі культуры, якія даўно адбываюць пакаранне, у першую чаргу іх кніг і акаўнтаў у сацыяльных сетках.
З канца 2024 года на сайце Міністэрства інфармацыі з’явіўся новы для Беларусі спіс — «шкоднай літаратуры».
Трэнд прыпынення кампаніі прымусовай ліквідацыі НКА, які намеціўся ў першым квартале 2025 года, захоўваецца: паводле звестак маніторынгу «Lawtrend», працэс зрабіўся пунктавым. За першае паўгоддзе 2025 года ліквідавана восем арганізацый, тры з якіх — культурныя.
Рэжым інкамунікада — гэта поўная ізаляцыя палітзняволенага ад вонкавага і ўнутранага колаў зносін, адсутнасць сувязі з роднымі, адвакатамі, сябрамі. Такая практыка распаўсюдзілася ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі з лютага 2023 года.
Так, культурны менеджар і блогер Сяргей Ціханоўскі, адзін з 14 асуджаных, вызваленых паводле памілавання 21 чэрвеня 2025 года, знаходзіўся ў інфармацыйнай блакадзе 835 дзён — больш за два гады. Пры гэтым амаль тры гады ён правёў у адзіночнай камеры. У сваіх інтэрв’ю пасля вызвалення Ціханоўскі казаў, што поўная ізаляцыя — гэта адно з самых цяжкіх выпрабаванняў, перажытых ім за пяць гадоў зняволення.
Пра бізнесмена і мецэната Віктара Бабарыку, актуальныя фота і відэазапіс з якім былі апублікаваны ў праўладных медыя 8 студзеня 2025 года, да таго дня нічога не было вядома на працягу амаль двух гадоў.
Музыка і культурная менеджарка Марыя Калеснікава заставалася ў рэжыме поўнай ізаляцыі да сустрэчы з бацькам у калоніі 12 лістапада 2024 года — крыху менш за два гады. На цяперашні момант яна зноў пазбаўлена кантакту з вонкавым светам.
Што тычыцца адваката, літаратара і барда Максіма Знака — сям’я не мае з ім ніякай сувязі ўжо 2,5 года. Апошні ліст датуецца 9 лютага 2023 года. Ні сваякі, ні адвакат не маюць да яго доступу.
Здароўе палітзняволеных
Умовы, створаныя для палітзняволеных у месцах пазбаўлення волі, негатыўна адбіваюцца на іх фізічным здароўі. Так, Сяргей Ціханоўскі, які цяпер праходзіць поўнае медыцынскае абследаванне, кажа, што ўжо на прамежкавым этапе дактары прызначылі яму 19 прэпаратаў для штодзённага прыёму, а вітамін D у яго арганізме адсутнічае цалкам. На волю Ціханоўскі выйшаў у стане фізічнага знясілення, з вагой 79 кг — амаль удвая менш, чым на момант затрымання ў траўні 2020 года.
Пра падобныя праблемы са здароўем, звязаныя з ненармальнымі ўмовамі ўтрымання, расказвае і журналіст Ігар Карней, які правёў у зняволенні два гады і быў памілаваны ў адзін дзень з Сяргеем Ціханоўскім:
«З усяго ланцужка дэвітамінізацыі прыборы зусім не зафіксавалі вітаміну D. Яно і не дзіўна: месяцамі ў ізалятары не бачыш сонца, неба, ветру <...> Першая садавіна патрапіла на стол пад канец восені, калі на гарнір пачалі даваць свежую звараную капусту <...> За пару гадоў паняцці памідор, агурок, радыска выветрываюцца з лексікону за непатрэбнасцю. Перадусім датычна „экстрэмістаў“, апрыёры пазбаўленых харчовых пасылак/перадач ды абмежаваных мінімальнай сумай атаваркі. Медычная бандэроль — амаль нерэальны квэст».
З розных калоній у першай палове 2025 года паступалі трывожныя звесткі пра стан здароўя палітзняволеных — дзеячаў культуры:
Вацлаў Арэшка, культуролаг і рэдактар, які знаходзіцца ў ПК № 22, пакутуе ад сур’ёзных праблем са зрокам — ужо не бачыць на адлегласці выцягнутай рукі. Аднак яму адмаўляюць у афармленні інваліднасці. Алесь Бяляцкі, літаратар і праваабаронца, зняволены ў ПК № 9, зазнае рэзкае пагаршэнне зроку.
Сяргей Сацук, пісьменнік-фантаст і журналіст, у ПК № 15 пакутуе ад высокага ціску і захворванняў суставаў.
Валерыя Касцюгова, палітолаг і публіцыстка, якая знаходзіцца ў ПК № 4, часам страчвае прытомнасць. Патрэбныя ёй прэпараты небеларускай вытворчасці калонія не прапускае.
Рэжым поўнай ізаляцыі (інкамунікада) і адсутнасць доступу да якаснай медыцынскай дапамогі — сістэматычныя парушэнні ўмоў утрымання і права на здароўе ў дачыненні да палітзняволеных у Беларусі.
За першае паўгоддзе 2025 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі ўнесены не менш як 183 найменні (не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або тыя, што належаць дзеячам культуры). Сярод іх — кнігі, песні, YouTube-каналы, акаўнты ў Telegram, Instagram, Facebook і іншых сацыяльных сетках, а таксама розныя візуальныя і іншыя матэрыялы, звязаныя з культурнай тэматыкай або з дзеячамі культуры.
У тэксце, які падвёў вынікі першага квартала, была пералічана большасць аб’ектаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі» за той перыяд. Што тычыцца другога квартала, у спіс былі ўнесены, у прыватнасці:
Instagram-акаўнты выдаўца Ігара Іванова, пісьменніка Сашы Філіпенкі, рамесніцы Рэгіны Лавор, трубача Ціматэ Суладзэ.
Facebook-акаўнты філосафа Паўла Баркоўскага, музыкаў Лявона Вольскага і Аляксандра Дзянісава (а таксама яго старонка «УКантакце»).
YouTube-каналы музыкі Сяргея Міхалка «BRUTTO NOSTRA», барда Аляксандра Баля (а таксама пяць яго акаўнтаў у сацыяльных сетках), аўтара-выканаўцы Аляксандра Хіхеля (выдалены спецслужбамі пасля яго затрымання), палітзняволенага літаратара і анархіста Мікалая Дзядка (у тым ліку яго сацыяльныя сеткі).
Сайт і сацыяльныя сеткі «BY teatr» — тэатральнага бюро ў Варшаве, старонкі і лагатып гродзенскага фолк-панк-гурта «Dzieciuki», у тым ліку наступная фармулёўка: «візуальны матэрыял (выявы, лічбавыя вадзяныя знакі і г. д.) або тэкст „DZIECIUKI“ з якімі-небудзь надпісамі ці без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элементы адзення, прадметы ўжытку і г. д.), а таксама размешчаныя на лічбавых фота- і відэавыявах (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)».
Асобнай увагі заслугоўвае ўключэнне ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-старонкі «Скарына» («Skaryna Press») — лонданскага выдавецтва і анлайн-крамы беларускіх кніг. У адказ рэдакцыя апублікавала заяву, у якой катэгарычна адмаўляе права суда, залежнага ад «прэзідэнцкай» улады ў Беларусі, прымаць рашэнні ў пытаннях творчай і інтэлектуальнай свабоды і расцэньвае гэтыя дзеянні як незаконнае ўмяшанне ў працу выдавецтва, палітычна матываваную спробу ціску на яго супрацоўнікаў, аўтараў і чытачоў. Таксама было падкрэслена, што дзейнасць «Skaryna Press» з’яўляецца яскравым прыкладам унёску эміграцыі ў захаванне і развіццё беларускай культуры і мовы: за два з паловай года працы тут выйшла больш за 50 кніг паэзіі, публіцыстыкі, мастацкай і навуковай літаратуры.
За першыя шэсць месяцаў 2025 года ў спіс Міністэрства інфармацыі было ўключана 17 дакументальных, гістарычных і мастацкіх кніг, сярод якіх: турэмная проза «Чарвяк» палітзняволенага Змітра Дашкевіча; кнігі Сяргея Навумчыка пра першыя гады беларускай незалежнасці — «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці»; тры дакументальныя кнігі пра партызан; дэтэктыў Клёка Штучнага «Забойства на вуліцы Макаёнка», дзеянне якога разгортваецца ў Мінску пасля 2020 года, і іншыя творы.
Кнігі, прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі» на працягу першага паўгоддзя 2025 г.
Абсурдны спіс Міністэрства інфармацыі не першы год расце як на дражджах. Ужо амаль немагчыма ўсачыць за ім і тым больш адаптаваць пад яго сваё інтэрнэт-спажыванне ў Беларусі. Так, сёлета ў чэрвені на Форуме медыйнай супольнасці міністр інфармацыі Марат Маркаў паведаміў, што абмежаваны «ўжо больш за 18 тысяч рэсурсаў, амаль 7 тысяч прызнаны экстрэмісцкімі. Толькі летась іх заблакавана больш за 3150. За 5 месяцаў гэтага года мы дагналі гэтыя паказчыкі! Тое ж і з кніжнай прадукцыяй. 110 кніг мы ўжо прызналі шкоднымі для нашых дзяцей».
З’яўленне спісу друкаваных выданняў, «распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», — новая форма цэнзуры. Яго фармаванне стала магчымым пасля ўступлення 22 кастрычніка 2023 года ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь „Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь“», які, сярод іншага, упаўнаважыў Міністэрства інфармацыі весці гэты пералік.
Першы афіцыйны спіс быў апублікаваны на сайце міністэрства ў лістападзе 2024 года. У яго адразу ўвайшлі 35 найменняў, дзе першыя тры пазіцыі занялі кнігі па гісторыі Беларусі, а астатнія 32 — расійскія выданні, пераважна прысвечаныя тэматыцы ЛГБТ, сексуальнай адукацыі і арыентаваныя на аўдыторыю 18+. З таго часу пералік рэгулярна папаўняецца новымі кнігамі: у студзені 2025 года ў яго ўключылі 30 найменняў, у красавіку — 27, у траўні — яшчэ 18. Усяго ў спісе 110 пазіцый, 75 з якіх дадалося ў першай палове 2025 года.
На думку чальцоў Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі, якая прымае адпаведнае рашэнне, гэтыя кнігі «з’яўляюцца крыніцай прапаганды нетрадыцыйных сексуальных адносін, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, ужывання наркотыкаў, а таксама папулярызацыі нетрадыцыйных для беларускага грамадства субкультур». І ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюджвання «шкоднай літаратуры» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Міністэрства інфармацыі мае права спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі распаўсюджвальніка друкаваных выданняў.
Насамрэч жа гэты спіс з’яўляецца часткай дзяржаўнай палітыкі кантролю інфармацыйнай прасторы, інструментам палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры.
Так, у 2025 годзе забароненымі сталі кнігі вядомай даследчыцы савецкага таталітарызму, лаўрэаткі Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм — «ГУЛАГ» і «Жалезная заслона»; раман класіка ЛГБТК+ літаратуры Джэймса Болдуіна «Пакой Джавані»; сусветна вядомыя раманы Іяна Бэнкса «Асіная фабрыка», Чака Паланюка «Калыханка», Дэйвіда Мітчэла «Воблачны атлас», Ханьі Янагіхары «Маленькае жыццё» і «Да самага раю», а таксама іншыя папулярныя творы, дзе падымаюцца тэмы залежнасцяў, сексуальнасці, рэлігійнасці, траўматычнага досведу і іншыя.
Многія з забароненых кніг — экранізаваныя творы. Напрыклад, фільм рэжысёра Боба Фоса «Кабарэ» (Cabaret), які выйшаў у 1972 годзе і ў 1995 годзе быў унесены ў Нацыянальны рэестр фільмаў ЗША, створаны паводле часткова аўтабіяграфічнага рамана Крыстафэра Ішэрвуда «Бывай, Берлін!» (1945) пра жыццё ў Германіі да і падчас прыходу нацыстаў да ўлады. Рамантычная драма «Назаві мяне сваім імем» (Call Me by Your Name) заснавана на аднайменным рамане Андрэ Асімана. Шведскі дэтэктыўны міні-серыял «Мядзведжы кут» (Björnstad) зняты паводле першай часткі трылогіі Фрэдрыка Бакмана, а брытанскі падлеткавы драматычны вэб-серыял «Трапятанне сэрца» (Heartstopper) — паводле комікса Эліс Осман «Heartstopper. З заміраннем сэрца», і іншыя экранізацыі.
Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры цалкам чытайце на сайце Беларускага ПЭНа.