Публіцыст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале адгукнуўся на дыскусію экспертаў, прысвечаную праблеме выбару даты святкавання Дня незалежнасці Беларусі.
Сяргей Навумчык. Крыніца: @Navumcyk
Ізноў чуецца: «Ну і блытаніна з гэтымі «днямі незалежнасьці» — трэба зрабіць адзін і скончыць на гэтым. «Блытаніна» калі і ёсьць, дык адмысловая: улады зрабілі ўсё, каб людзі не ведалі пра найважнейшыя падзеі гісторыі нацыі, і нават шаноўныя палітолагі і экспэрты часам блытаюць факты і паняцьці.
Кожны народ мае сваю гісторыю і ў дзяржаўных сьвятах робіць акцэнт на найважнейшым — для беларусаў гэта здабыцьцё Незалежнасьці, і яно было зусім не аднамомантнай падзеяй, а няпростым працэсам — як таксама ў чэхаў ці літоўцаў, дзе этапы здабыцьця незалежнасьці адзначаюць тройчы на год.
Сяргей Навумчык прапануе звярнуцца да артыула на гэую тэму, які ён напісаў для «Радыё Свабода» 10 гадоў таму, і які, выглядае, зусім не згубіў сваёй актуальнасці.
Мінск, Купалаўскі сквер, 27 ліпеня 1995 года, фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net
Увогуле, абвяшчэньня такой падзеі (хаця ў 1944 годзе яна не закранала ўсю Беларусь) дзяржаўным сьвятам, улічваючы маштабы ахвяраў беларускага народу ў той вайне, можна было б зразумець (нават з улікам таго, што ўжо існаваў Дзень Перамогі). Але да ўшанаваньня памяці пра гераізм і пра ахвяры гэтае рашэньне Лукашэнкі ня мела ніякага дачыненьня. У той час ён разьлічваў заняць галоўную пасаду ў Крамлі замест хворага Ельцына праз аб’яднаньне Беларусі і Расеі («Беларусь для мяне пройдзены этап» — заяўляў ён). Таму Лукашэнка імкнуўся ўвогуле зьнішчыць хоць якое ўзгадваньне пра падзеі пачатку 90-х, якія прывялі Беларусь да незалежнасьці.
Спадзяваньні на Крэмль прыйшлося адкласьці пасьля прыходу Пуціна, але што паказальна — Лукашэнка ніколі не ўзгадваў у станоўчым сэнсе ні 27 ліпеня 1990, ні 25 жніўня 1991 (існуе відэазапіс нядаўняга наведваньня Лукашэнкам «палаты прадстаўнікоў», дзе на выхадзе з Авальнай залі колішнія дэпутаты ВС-12 (калі не памыляюся, і былы «аграрны» віцэ-прэм’ер Гаркун) кажуць яму «Але ж мы тут у 90-х і неблагія рашэньні прынялі» (пэўна, маючы на ўвазе законы пра ўмацаваньне калгаснай сыстэмы), але Лукашэнка яго рэзка абрывае: «Не, не кажыце так. Дзялоў мы тут з вамі нарабілі, страшна прыгадаць» (думаючы відавочна пра абвяшчэньне Незалежнасьці)...
У Беларусі значная частка грамадзтва пакуль не ўсьведамляе каштоўнасьці сувэрэнітэту: з 1991 году спачатку пракебічаўская, а потым пралукашэнкаўская прапаганда насаджала ў масавай сьвядомасьці гэты самы стэрэатып пра «развал великой державы» як пра «величайшее преступление».
Вось чаму (больш дакладна — і таму таксама) у будучай дэмакратычнай Беларусі павінна быць тры дзяржаўныя сьвяты, зьвязаныя з незалежнасьцю краіны — 25 сакавіка (1918), 27 ліпеня (1990) і 25 жніўня (1991).
Зашмат? Зусім не. Напрыклад, у Чэхі такіх сьвятаў тры: 1 студзеня — Дзень аднаўленьня чэскай незалежнай дзяржавы (1993), 28 верасьня — Дзень чэскай дзяржаўнасьці (у гонар сьв. Вацлава) і 28 кастрычніка — Дзень абвяшчэньне незалежнай Чэхаславацкай рэспублікі (1918).
У Літве таксама тры дзяржаўныя сьвяты, зьвязаныя з працэсам здабыцьця незалежнасьці: 15 лютага, 11 сакавіка і 6 ліпеня, прычым падзеі 11 сакавіка 1990 адпавядаюць «нашаму» 25 жніўня 1991 г.
Кожны народ у вызначэньні дзяржаўных сьвятаў робіць акцэнт на тым, што лічыць найбольш важным у сваёй гісторыі. Так, у ЗША, дзе існавала праблема расавай сэгрэгацыі, трэці панядзелак студзеня адзначаецца як Дзень Марціна Лютэра Кінга. У той жа Літве 13 студзеня — дзень супраціву савецкай агрэсіі ў 1991 годзе — абвешчаны Днём абаронцаў свабоды, у Чэхіі 17 лістапада («аксамітная рэвалюцыя 1989») адзначаецца як Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.
Для Беларусі, у якой нацыянальны нігілізм дзесяцігодзьдзямі панаваў у форме дзяржаўнай ідэалёгіі, усьведамленьне грамадзтвам каштоўнасьці незалежнасьці яшчэ доўга будзе ў шэрагу першачарговых мэтаў.
Які назоў дадуць гэтым сьвятам — (як варыянт: 25 сакавіка — Дзень Волі, 27 ліпеня — Дзень сувэрэнітэту, 25 жніўня — Дзень Незалежнасьці) — мы пакуль ня ведаем. Як ня ведаем, на які дзень прыпадзе падзея, якая адкрые Беларусі шлях да свабоды і дэмакратыі зробіць магчымым ушанаваньне сапраўды гістарычных датаў нашай далёкай і зусім нядаўняй гісторыі.