Бягучы тыдзень у гісторыі за 3 хвіліны. Футбол, мастацтва і тэлефон

19.12.2017 Гісторыя

Наступае чарговы тыдзень, які, вядома, таксама зрабіў унёсак у беларускую гісторыю. Што гэтым разам нам падрыхтавалі летапісы і гістарычныя звесткі? Дарэчы, да Калядаў засталося ўсяго нічога!

 Першы дзень тыдня — панядзелак, 18 снежня. І яго першая падзея — сапраўды першая ў нашай тэлефоннай камунікацыі. Менавіта ў гэты дзень у 1882 годзе праклалі першыя тэлефонныя лініі на тэрыторыі Беларусі. Толькі адно “але” — гэта было не грамадскае, а прыватнае адкрыццё. Першыя беларускія тэлефонныя лініі злучалі маёмасці князя Паскевіча-Эрыванскага. А калі дакладней, то яго маёнтак, замак, заводы і фальваркі. Вельмі цікава, што першы беларускі тэлефон — прыватная ініцыятыва для ўласнага карыстання.

Але гэта яшчэ не ўсё! Другая падзея гэтага панядзелка звязаная з… космасам. Менавіта ў гэты дзень у 1973 годзе беларус Пётр Клімук стаў першым прадстаўніком нашай нацыі, што вылецеў за межы планеты! Таму мы можам таксама ўпэўнена сказаць, што Космас наш!

Наступны дзень — 19 снежня. І тут варта пагрузіцца ў калізіі змены цэлай эпохі — падзення расійскай манархіі і ўсталявання рэжыму бальшавікоў. Менавіта падчас гэтых падзей ХХ стагоддзя было створана і прыдумана шмат розных канцэпцый дзяржаў. Сёння ж мы пагаворым аб Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, чый універсал быў прыняты ў 1915 годзе. Увогуле, Канфедэрацыя ВКЛ — цэлы блок сучасных літоўскіх, беларускіх, габрэйскіх і польскіх арганізацый аб стварэнні мадэлі беларуска-літоўска-латвійскай дзяржавы ў межах былой тэрыторыі ВКЛ. Гэта ўсё адбывалася на тэрыторыі нямецкай акупацыі. Першапачатковай ідэяй было стварыць непадзельную дзяржаву на грунце незалежнасці Беларусі і Літвы. Апроч гэтага, універсал 1915 года гарантаваў усе правы іншым нацыям на гэтых тэрыторыях. Але гэта была не адзіная спроба стварыць супольную дзяржаву. У 1916 годзе прадстаўнікі літоўскіх і латвійскіх арганізацый абвясцілі аб стварэнні незалежнай дзяржавы ВКЛ, куды запрасілі і беларусаў. Гэтая канцэпцыя прадугледжвала некалькі аўтаномных этнічных частак. Былі яшчэ ідэі 1916 года аб стварэнні больш маштабнай краіны, куды б яшчэ ўваходзіла і Украіна. Гэтую канцэпцыю можна назваць пэўным бацькам сучаснай ідэі Міжмор’я. Але і тут усё было неаднародна — існавала два падыходы ў стварэнні гэтай дзяржавы. Першая — на базе этнічных аўтаномій, а другая — у выглядзе канфедэрацыі. Як бы там ні было, усё скончылася асобным стварэннем ЛНР і БНР, якія хутка сталі ЛітБелам.

У любым разе, гісторыя не чакае. На календары 20 снежня. Тут няма надта цікавых беларускіх падзей, але калі зірнуць шырэй, то ў гэтым годзе спаўняецца 79 гадоў з моманту ўвядзення працоўных кніжак у СССР, якімі мы карыстаемся да сёння! Адбылося гэта ў 1938 годзе.

 І вось 21 снежня. Тут мы сустракаем гістарычны “выходны”, бо нічога цікавага ў гэты дзень не адбылося.

Рухаемся далей. 22 снежня. У гэты дзень адбылася значная падзея ў гісторыі айчыннага мастацтва. У 1945 годзе быў заснаваны Беларускі тэатральны інстытут, які з 1993 года нясе знаёмую нам назву — Беларуская акадэмія мастацтваў. Віншуем тых, для каго гэта альма-матэр!

І гэта не адзінае адкрыццё ў гэты дзень! У 1989 годзе ў беларускага футбола з’явілася сваё аб’яднанне — Беларуская федэрацыя футбола. Менавіта яна займаецца падрыхтоўкай нацыянальных зборных і правядзеннем першынстваў. Віншуем беларускіх аматараў футбола!

 23 снежня. Лічыцца, што менавіта ў гэты дзень у 1595 годзе была заключаная Берасцейская ўнія, якая заснавала ўніяцтва на тэрыторыі ВКЛ. Вось асноўныя пункты гэтай уніі:

  • Усе царкоўныя святы захоўваюцца згодна з праваслаўным календаром.
  • На пасады прызначаюцца толькі “рускія” людзі.
  • Манастыры і цэрквы не ператвараюцца ў касцёлы.
  • Забараняецца пераманьваць уніятаў на лацінскі абрад.
  • Папа Рымскі з’яўляецца кіраўніком Царквы ў пытаннях веры.
  • Уніяты прымаюць некаторыя догматы каталіцкай Царквы (сімвал веры і інш).

На сённяшні дзень уніяцтва мае нявызначаны статус на тэрыторыі Беларусі.

Мы падышлі да канца тыдня — 24 снежня. Менавіта перад Калядамі свой дзень народзінаў адзначае вядомы беларуска-польскі паэт Адам Бернард Міцкевіч, які нарадзіўся ў 1798 годзе.

Калі вы яшчэ не знаёмыя з яго творчасцю, то ў вас проста цяпер ёсць выдатная магчымасць гэта выправіць!

Калі я, труп жывы, з ашклелым вокам
Сяджу між вас, у гэты час блукае
Душа мая далёка, ах, далёка
І наракае ўсё, ах, наракае.

Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў,
Мілейшага — мне не знайсці другога.
Мне ўсе радня там — болей чым крывёю,
Там сэрцу гэтак многа дарагога!

Туды штоміг — хай праца ці забавы –
Ўцякаю я. Сяджу там пад дубамі,
Як некалі, кладуся ў звонь, у травы,
Ганяюся ізноў за матылямі.

Там бачу ў белым зноў яе скрозь далі.
Бяжыць у лес яна да нас ад ганка,
Ляціць праз поле — тоне ў жытняй хвалі,
З-за гор далёкай свеціць мне заранкай.

1839–1840

Багдан Сакалоў