У апошнія чэрвеньскія дзянькі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Берасце завітала Паліна Паланейчык, ці, як яе ведаюць аматары па творчым псеўданіме, Паліна Рэспубліка. Беларуская спявачка прывезла берасцейсцам новы альбом “Бясконцы красавік”. Вясёлая гумарная прыгажуня захапіла з сабою сонца, цяпло, утульнасць і, канечне, музыку.
Канцэрт быў падзелены на два аддзяленні: мілагучныя цёплыя песні пад гітару і віяланчэль і драйвовы энергічны выступ разам з барабанамі і бас-гітарай. Арганізатарам імпрэзы выступіла прома-суполка “Зала чакання”.
Папярэдні раз Паліна заглядала ў горад над Бугам сёлета 7 сакавіка. На той момант музычнай пляцоўкай выступіў папулярны авангардны грыль-бар “Karova”. А прэзентацыю новага альбома спявачка адыграла на новай берасцейскай пляцоўцы тэатра танцу “Фантазія”. Радуе той момант, што пашыраецца кола пляцовак для выступу музыкаў. Няшмат хто ведае, дзе знаходзіцца Сікорскага, 76, і няшмат людзей прыйшло на выступ Паліны, але арганізатары зрабілі ўсё: месца, святло, гук, пляцоўку. А атмасферу і настрой рабілі самі аматары беларускай музыкі. І гэта толькі пачатак, далей будзе яшчэ лепш.
Прышпільна і нават крута было бачыць моладзь, якая цікавіцца і гаварыць пра беларускую музыку, спявае яе і танчыць.
“Чаму вы пляскаеце так добра? На ўсе песні. Вас папярэдзілі?” – усміхаецца Паліна і працягвае спяваць даволі знаёмыя “Красавік”, “Лета”, “Калыханку”…
Канцэрт доўжыўся 2 гадзіны, але прайшоў як імгненне. Таленавітая спявачка і добрая каманда музыкаў зрабілі ўтульную імпрэзу.
І, здаецца, гэта апошні выступ дзяўчыны. Хутка яе чакае цудоўны перыяд для любой жанчыны – нараджэнне і выхаванне дзіцяці.
Наталля Гарайкіна, фота Ігар Гусеў