«Бяжы, Анастасія, бяжы»: Anastasia Rydlevskaya прадставіла кліп на песню Rainbow Serpent

Беларуская мультыдысцыплінарная артыстка Анастасія Рыдлеўская працягвае пашыраць свой творчы сусвет праз новае музычнае відэа. За здымкі кліпа ўзяўся Paul Gerassi — фільммэйкер і рэжысёр з Беларусі, заснавальнік варшаўскага відэапрадакшна Offscreen.

Kadr z klipa na piesniu Anastasii Rydleŭskaj
Кадр з кліпа на песню Анастасіі Рыдлеўскай

Новы кліп стаўся плёнам сумеснай працы творцаў.

Прырода, містыка, пачварныя істоты ў масках, створаных, дарэчы, самой мастачкай, — традыцыйны сэцінг кліпаў мультыдысцыплінарнай артыстцы Анастасіі. На гэты раз лірычная гераіня ратуецца ад пачвараў уцёкамі, каб урэшце... вярнуцца да самой сябе.

«У кліпе я хацеў перадаць ідэю ўнутранай барацьбы са сваімі страхамі і праявамі сябе, — распавядае рэжысёр. — Кожная з масак — гэта ўвасабленне нейкіх падаўленых эмоцый, страхаў і сумневаў, якія кожны чалавек носіць у сабе. Але не ва ўсіх хапае смеласці іх прыняць. Большасць проста збягае ад іх, як і гераіня ў першай палове кліпа. У фінале яна прымае свае праявы, зліваецца з імі і перараджаецца ў новай форме. І ў гэты момант яна перастае баяцца і бегчы. У гэты момант яна дакладна ведае, што трэба рабіць, і ідзе да сваёй мэты, працягваючы цыкл унутранай барацьбы. Бо мы не можам стаць дасканалымі, таму праца над сабой — бясконцы цыклічны працэс».

Задумка кліпа не паўтарае ідэю песні. Нагадаем, у Rainbow Serpent лірычны герой выклікае Вясёлкавага Змея — стваральніка свету ў аўстралійскіх і афрыканскіх міфах — і просіць яго нарадзіць новых, палепшаных людзей. Але падчас сваёй просьбы ён разумее, што са знікненнем старога свету знікне і ён сам, і тыя, каго ён любіць.

«Я, наадварот, рада, што кліпы не ілюструюць песні, а ствараюць уласнае аўтарскае бачанне, якое ўсё ж злучаецца з маёй творчасцю чырвонымі ніткамі — вайбам і пачуццямі, — адзначае Анастасія. — Так пашыраецца мой універсум і нараджаецца трэцяя прастора паміж творчымі светамі».

Слухаць Rainbow Serpent на ўсіх музычных пляцоўках тут.