Лідыя Фэдэрыка Мацытэлі (Lidia Federica Mazzitelli), італьянская лінгвістка. Вывучала славістыку (расейскую, славенскую й польскую мову) у Рымскім унівэрсытэце. У 2008 у Вільні вучыла беларускую й літоўскую мовы. Цяпер піша доктарскую працу пра гэтыя дзьве мовы.
— Адпачатку мяне найбольш цікавілі ў Беларусі дзьве рэчы: дыктатура і беларуская мова. Забарона мовы і сама мова, якая была дастаткова падобная да расейскае і польскае, каб быць зразумелай і дастаткова не падобная да іх, каб быць цікавай. Пазьней мяне зацікавілі таксама іншыя рэчы. Напрыклад, мне вельмі спадабалася вясковая культура Беларусі (я няшмат часу праводзіла ў вёсках, але мне там было вельмі цікава), беларуская гісторыя… Перадусім я пасябравала з многімі людзьмі ў Беларусі, і цяпер для мяне Беларусь — гэта мае сябры і людзі, якіх я люблю й якія там жывуць.
Першага беларуса я спаткала ў Санкт-Пецярбургу ў ліпені 2006. Там мы абодва былі на летняй школе па лінгвістыцы. Ён мне расказваў пра Беларусь, нават навучыў мяне некалькім словам. У жніўні таго ж году я выпадкова паехала ў Вільню на канікулы, а адтуль — на адзін дзень у Менск, каб праведаць беларускага прыяцеля. Зь першага разу мне шмат чаго спадабалася ў Беларусі: атмасфэра “back in USSR”. Я пра СССР ведала толькі тое, што чытала ў кнігах або глядзела ў фільмах, і мне было цікава, нібы я сама трапіла ў фільм… Таксама беларуская мова на вулічных шыльдах. Пазьней я магла глыбей пазнаёміцца зь Беларусьсю ў Вільні, дзе я жыла ў інтэрнаце разам са шматлікімі беларускімі студэнтамі.
Мушу сказаць што я ўжо даўно, зь першых гадоў унівэрсытэту, цікавілася Беларусьсю. Я прыйшла да Беларусі праз Расею: нам расказвалі, што людзі размаўляюць па-расейску ня толькі ў Расеі, але й ў Беларусі. Мне тады стала цікава, захацелася даведацца больш пра беларускую мову, бо мне здалося, што цікавей займацца беларускай, чым расейскай мовай. Тым больш што ў маім унівэрсытэце можна было вывучаць шмат розных славянскіх моваў, але не беларускую. Нам сказалі, што сама беларуская ўлада не зацікаўленая ў распаўсюдзе беларускае мовы.
У беларусаў ёсьць пэўныя рысы, якія, можа, тыповыя ня толькі для беларусаў, але й для іншых народаў. Савецкае панаваньне напэўна пакінула сьляды: нейкая “савецкая грубасьць”, напрыклад. Мне здаецца што шматлікія беларусы ня вельмі ганарацца сваёй дзяржавай: кажуць, што ў Беларусі нічога няма, што нецікава, бедна, што ў Расеі ці Польшчы нашмат лепей… Але ёсьць таксама нацыяналісты.
Беларусы вельмі гасьцінныя, і гэта вельмі прыгожа.
Кідаюцца ў вочы і побытавыя адрозьненьні. У Італіі няма пяльменяў, зэфіру, сьмятаны й калдуноў, так што кожны прыезд я наядаюся імі. У Італіі няма вялікіх плакатаў, дзе напісана “Войска для народу” або “Квітней, родная Італія”. Людзі ў нас харчуюцца лепей (нават калі няма смачных страваў, пра якія я пісала вышэй), часам беларусы падаюцца ня вельмі здаровымі… Яшчэ ў Італіі няма звычкі браць шлюб так рана, як у Беларусі. Або каб маладыя сем’і жылі разам з бацькамі ў адной кватэры. Я не кажу, што гэта дрэнна, проста нязвыкла для нас.
Мне хочацца прыяжджаць у беларускамоўную і дэмакратычную Беларусь. Хоць для мяне яна ўжо беларускамоўная, бо я даўно адмовілася ад расейшчыны ў Беларусі. Хочацца, каб Беларусь мела цэнтральную ролю ў Эўропе. Каб яна шчыльна супрацоўнічала з эўрапейскімі дзяржавамі. Але каб пры гэтым Беларусь заставалася Беларусьсю са сваімі культурнымі і гістарычнымі асаблівасьцямі. Але мне падаецца, што найперш я хачу бачыць Беларусь такой, якой яе хочуць бачыць самі беларусы.