Марцін Шон (Martin Shon), палітолаг, эксперт “Нямецкай хвалі”. 32 гады. Больш за 10 гадоў таму праходзіў у Мінску альтэрнатыўную службу. Потым яшчэ два гады навучаўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Завершыў адукацыю ў Нямеччыне, ва ўніверсітэце Франктфурта-на-Одэры. З той пары ў Беларусі бывае даволі часта.
— У 2000 годзе я вырашыў прайсці альтэрнатыўную службу ў расійскамоўнай краіне замест службы ў нямецкім Бундэсверы. Рускую мову як факультатыў вывучаў яшчэ ў школе. Але ў Расіі мне прапанавалі нецікавыя мне ў культурніцкім плане варыянты. Было таксама прапанавана паехаць у Беларусь і працаваць у арганізацыі, якая займаецца дзецьмі-інвалідамі. У дзетак былі псіхічныя і фізічныя абмежаванні, да прыкладу, дзіцячы цэрабральны параліч. Але дзеці цалкам маглі гуляць, размаўляць. Яны сталі маімі першымі настаўнікамі. Скажа мне нешта дзіця, растлумачыць — так я вывучаў мову. Нешта незразумела — звяртаюся да іншых выхавальнікаў. З часам трапіў у асяроддзе творчых людзей – студэнтаў мастацкай акадэміі, мастакоў, паэтаў. А потым пачаў ужо сур’ёзна вывучаць мову, па падручніках. Быў час, калі ў Мінску прынцыпова з усімі размаўляў па-беларуску. Людзі паважалі мае памкненні, але глядзелі з непаразуменнем…
Беларускі перыяд у маёй біяграфіі не скончыўся, пастаянна бываю ў гэтай краіне. Працую ў арганізацыі, якая займаецца падтрымкай сумесных нямецка-беларускіх праектаў. Мы падтрымліваем праекты недзяржаўных арганізацый, якія займаюцца экалогіяй і мясцовым самакіраваннем. Таму часта бываю ў Беларусі, літаральна некалькі дзён таму вярнуўся з Мінска.
Я вельмі люблю чытаць Быкава. Прозу Адама Глобуса прачытаў з вялікай прыемнасцю. Раней я захапляўся беларускай музыкай, спачатку слухаў альтэрнатыўны беларускі рок – старыя рэчы “Крамы”, “N.R.M.” Потым для сябе вырашыў, што ў беларускай сучаснай музыцы няма вялікіх зменаў, гэта адна і тая ж школа. Быццам бы музыка добрая і цікавая, але мне не хапала дынамічнасці. Усё дагэтуль віруе вакол нешматлікіх, ужо даволі немаладых зорак, новых гульцоў на музычным полі з’явілася даволі мала. Таму ад беларускай музыкі сёння моцна не фанацею.
Мне падаецца, беларусы займаюць сярэднюю пазіцыю паміж расійцамі і немцамі. Беларусы – надзвычай працавітыя людзі, што супярэчыць стэрэатыпам нават саміх беларусаў і заходніх еўрапейцаў пра Усходнюю Еўропу. Дакладней, тут я маю на ўвазе не столькі Расію, колькі Савецкі Саюз. У беларусаў ёсць нейкая “зашоранасць”. Мне не хапала ў Беларусі ў людзей і нават у СМІ нейкіх меркаванняў пра міжнародныя падзеі і цікавасці да таго, што адбываецца па-за межамі Беларусі. Людзі надзвычай засяроджаныя на сваіх справах, на сваіх праблемах, іх не надта хвалююць падзеі ў свеце. Гэта рыса савецкага менталітэту, якая мяне аддзяляе ад беларусаў. Але сярод беларусаў багата актыўных людзей, якія займаюцца дабрачыннасцю, працуюць у недзяржаўных грамадскіх арганізацыях.
Відавочна, што цяпер Беларусь перажывае вельмі моцны крызіс. Гэта ўсім зразумела. І людзям, і дзяржаве ад гэтага вельмі цяжка. Менавіта дзяржава мусіць вырашыць вельмі сур’ёзныя праблемы. Ці прывядзе гэта рэальна да нейкіх зменаў у грамадстве – цяжка сказаць. Гэта залежыць ад спалучэння шматлікіх фактараў: і эканамічных, і палітычных, і сацыяльных. Магчыма, гэта залежыць і ад менталітэту беларусаў. Але я цалкам дапускаю, што беларуская дзяржава дасць рады сённяшняй няпростай сітуацыі, што яна зможа пераадолець эканамічную напружанасць . І гэта ключавая праблема ў Беларусі. Але вялікіх палітычных зменаў у найбліжэйшай будучыні я б не чакаў”.