Быць беларусам – погляд збоку: Аляксандар Ірванец

Аляксандар Ірванец (Олександр Ірванець) — украінскі пісьменьнік, перакладчык зь беларускай мовы. Аўтар 22 уласных кніжак і 7 кніжак перакладаў.

 

— У Беларусі мяне цікавіць найперш літаратура — у вас ёсьць добрыя пісьменьнікі. Я ў інтэрвію ўкраінскім СМІ казаў, што такога празаіка, як Уладзімер Арлоў, ці такога паэта як Андрэй Хадановіч, хацеў бы мець ва ўкраінскай літаратуры. Такія імёны зрабілі б гонар любой літаратуры Эўропы. Таксама мне вельмі цікавыя Вальжына Морт, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Віталь Рыжкоў.

 

А знаёмы я зь Беларусьсю зь дзяцінства. Я вырас у Заходняй Украіне — на Валыні і на Ровеншчыне. Таму пра існаваньне Беларусі ведаў заўжды. У паўночных раёнах гэтых абласьцей прымалася і прымаецца беларускае тэлебачаньне. Апроч таго, яшчэ ў маленстве я прачытаў некалькі кніжак беларускай мовай, і зразумеў, што ведаю гэтую мову. Зрэшты, гэта найбліжэйшая мова да ўкраінскай — 87% агульнай лексікі! Знаёмыя маіх бацькоў у 70-80-х езьдзілі на кірмашы ў Пінск і Лунінец. А я сам на апошнім курсе пэдагагічнай вучэльні зьдзейсьціў разам з групай экскурсію па маршруце Берасьце — Менск — Хатынь.

 

Начавалі ў Дзяржынску, і там увечары пайшлі на танцы і пабіліся зь мясцовымі хлопцамі. Я тады быў уражаны, што ніхто з моладзі не гаварыў па-беларуску. Ва Ўкраіне сытуацыя таксама была цяжкай, але не настолькі.

 

Ужо пазьней, у 2000-м годзе, я на запрашэньне нямецкай асьветніцкай арганізацыі ІВВ прыехаў на супольны літаратурны сэмінар у Менск. Там былі расейцы, ад Украіны быў я адзін. Ад беларусаў былі Алесь Разанаў, Міхась Тычына і Ўладзімер Арлоў. Мы пазнаёміліся, і Валодзя падарыў мне колькі сваіх кніжак. Ужо ў цягніку Менск — Кіеў я разгарнуў кніжку “Мой радавод да пятага калена” і зачытаўся. Ступіўшы на пэрон кіеўскага вакзалу, я ўжо ведаў, што перакладу гэтую прозу на ўкраінскую мову.

 

У адным інтэрвію я ўжо называў беларусаў славянскімі немцамі. Вы вельмі спакойны і даволі дысцыплінаваны народ. Украінцы больш анархічныя. Даецца ў знакі казацкая мінуўшчына, махноўшчына і да таго падобнае. Калі ва ўкраінца запытацца, ці добра яму жывецца, ён пачне лаяць уладу, якой бы яна ні была. А беларусы заўжды кажуць: мы жывем добра.У гэтых рысах ёсьць і плюсы, і мінусы. Але мы вельмі блізкія, хоць і дужа розныя.

 

Я люблю вашую краіну, і веру ў яе будучыню. Хачу бачыць Беларусь найперш вольнаю. Вольнаю і заможнаю. Хачу прыяжджаць у госьці, бачыцца зь сябрамі, гаварыць зь імі беларускай мовай. Хачу перакладаць беларускія кніжкі і выдаваць іх ва Ўкраіне. Хачу прымаць у сябе сяброў зь Беларусі. Хачу, каб абедзьве нашыя краіны зрабіліся сябрамі Эўразьвязу. Жыве Беларусь!