Аляксандар (Алесь) Серкін, Масква. Нарадзіўся і большую частку жыцьця пражыў у Маскве. Працуе ў адукацыйнай сфэры – колькі гадоў быў настаўнікам у школе, цяпер – выкладчык у пэдагагічным унівэрсытэце. Таксама выкладае беларускую мову на гістарычным факультэце МДУ.
Упершыню – недзе гадоў у 11-12 – мы прыяжджалі ў Менск у госьці. А ўсур’ёз – у 1987, калі мая сям’я пераехала сюды жыць (мой айчым быў вайскоўцам). Я пражыў у Менску да 1991, тут скончыў школу…
Я савецкі чалавек быў і жыў ня ў нейкай “імпэрыі”, а ў Саюзе. Саюз для мяне ня быў пустым словам ніколі. Таму ў мяне і пытаньня не было, вучыць беларускую ці не вучыць… Я гэта лічыў за абавязак. Калі б паехаў у якісь Казахстан – вучыў бы гэтаксама казахскую, калі б завёў лёс у Казань – дык татарскую.
Праўда, беларуская мая даволі сьмешная, бо я ніколі не вучыўся ёй сыстэматычна… напрыклад, увесь час путаю правілы “наркамаўкі” (якой спрабую пісаць сам) ды “тарашкевіцы” (якой пішуць найбольш мной чытаныя сябры ды зь якой я пачынаў вучыцца па-беларуску).
На Беларусі жывуць мае родныя і мае сябры. Гэтага ўжо даволі. Ды і цікаўнасьць як гісторыка (з адукацыі) нікуды не падзелася. Да таго ж, я цікаўлюся славянскімі мовамі ўвогуле, а беларускую так-сяк ведаю.
Я ўвогуле інтэрнацыяналіст. Беларусы – такія ж людзі, як і ўсе. І такія ж розныя. Для мяне няма розьніцы паміж расійцамі, беларусамі, украінцамі, палякамі… Адзінае, што трэ помніць: беларус – гэта беларус, а расіец – гэта расіец.
Ну так, ёсьць нейкія дзіўныя, а часам і – выбачайце – сьмешныя рысы… Лінгвістычныя бойкі беларускамоўных і дзьве Вікіпэдыі, напрыклад. Але ня думаю, што гэта паказьнік чагосьці.
Яшчэ ёсьць такое пачуцьцё… скажам так: Беларусь адначасова і больш цывілізаваная, і больш прымітыўная ў параўнанні з маёй краінай. Парадокс, але так. Ва ўсім – ад паводзінаў міліцыянтаў на вуліцах да палітычнага жыцьця і адукацыйнай сыстэмы.
Я заўжды буду вяртацца ў Беларусь, бо тут мае сваякі і сябры.