Давід Эмтэстам (David Emtestam), намеснік пасла Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. У Мінску працуе ўжо другі год.
Першы раз я трапіў у Мінск у 2003 годзе як турыст. Тады горад падаўся мне вельмі ціхім, пустым і чыстым. Цяпер мне здаецца, што тут ёсць свой асаблівы дух, і не такі ён ужо ціхі. Проста трэба ведаць, дзе тыя пункты актыўнасці, бо яны прыхаваныя.
Беларусь была і ёсць для мяне месцам, дзе я магу развівацца прафесійна, а таксама пазнаёміцца з яе самабытнай гісторыяй, мовай, культурай. На маю думку, Беларусі сапраўды ёсць чым ганарыцца.
Нягледзячы на тое, што краіна перажыла складаныя часы, напрыклад, войны, сталінскія рэпрэсіі, эканамічныя крызісы, людзі здолелі захаваць аптымізм, нязломнасць і веру ў будучыню, і гэтым немагчыма не захапляцца. Я насамрэч адчуваю сябе прывілеяваным чалавекам таму, што працую тут дыпламатам і ўвогуле жыву ў вашай краіне.
Беларусы цярплівыя, рахманыя, працавітыя, сціплыя, часам нават занадта. Прыемна тут жыць і працаваць.
Здзіўляе адносная адсутнасць фемінізму, вялікая колькасць дарагіх машын на вуліцах Мінска, а таксама амаль поўная адсутнасць вулічнага гандлю. Мне тут вельмі не хапае месцаў, дзе можна хутка перахапіць чаго-небудзь смачнага.
Хочацца вяртацца ў спакойную, канкурэнтаздольную і ўстойлівую Беларусь, якая будзе нашым добрым еўрапейскім суседам, а не проста суседам Еўропы.