Быць беларусам – погляд збоку: Джанлюка дэль Гоба

Джанлюка дэль Гоба (Gianluca Del Gobbo) жыве і працуе ў Італіі, у Рыме. Дырэктар LPM (Live Performer Meeting) – штогадовай сустрэчы віджэяў, відэапэрформэраў. Гэта міжнароднае мерапрыемства 8 разоў запар адбывалася ў Рыме, адзін раз у Мэксіцы і сёлета – сюрпрыз – у Менску.

Такую незвычайную для віджэяў усяго сьвету пляцоўку параіў Эўразьвяз і мэтава выдаткаваў сродкі на правядзеньне Live Performer Meeting у сталіцы Беларусі. Джанлюка дэль Гоба сьцьвярджае, што гэта супала і зь іх жаданьнямі.

“Восем разоў мы рабілі гэтую сустрэчу ў Рыме, а ў 2008 годзе вырашылі рушыць за мяжу. Наступную, дзявятую сустрэчу адважыліся правесьці ў Лацінскай Амэрыцы, у Мэксіцы – нам вельмі спадабалася! Потым узьніклі думкі пра Ўсход, пра месца, куды б маглі даехаць тыя пэрформэры з Усходняй Эўропы, зь іншых краінаў, якія ня могуць трапіць у эўрапейскія краіны празь цяжкасьці з шэнгенскімі візамі альбо ў тую ж Лацінскую Амэрыку з прычыны вялікай адлегласьці.

Менск для гэтага стаўся цудоўнай пляцоўкай. Такім чынам, упершыню ў Беларусь я трапіў ў лістападзе 2010-га, каб сустрэцца з партнэрамі, правесьці вялікую падрыхтоўчую працу па праекце, які пазьней мы прадставілі у Эўразьвязе. І цягам васьмі месяцаў я шчыльна кантактаваў з сваімі беларускімі партнэрамі. А ў верасьні 2011-га ў Менску адбылася сама імпрэза – дзясяты, юбілейны Live Performer Meeting. Праўда, у Беларусь, на жаль, праз праблемы зь візамі ня здолелі трапіць многія ўдзельнікі з Заходняй Эўропы: прыкладна палова – 100 з 200 заходніх удзельнікаў – не даехала.

Падарожжа на Ўсход для мяне было надзвычай цікавым! Італьянцы пра Беларусь амаль нічога ня ведаюць. Магчыма, таму, што ў нас штодня адбываецца вельмі шмат навінаў у сваёй краіне. Да прыкладу, наш прэм’ер-міністар Сільвіё Бэрлюсконі – проста ньюсмэйкер, апазыцыя яго пастаянна крытыкуе, выкрывае, але ўсе гэтыя скандалы толькі ўмацоўваюць ягоныя пазыцыі.

Напэўна, мы менш інфармаваныя пра тое, што адбываецца ў Беларусі, чым, да прыкладу, іншаземцы, якія жывуць бліжэй да вас, вашыя суседзі – палякі, літоўцы, латышы. Тое, што ў Італію на аздараўленьне прыяжджае шмат беларускіх дзетак, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мы ведаем, інфармацыя пра гэта трапляе ў італьянскія СМІ.

Але агульнае ўяўленьне пра палітычную сытуацыю ў Беларусі італьянцы маюць. Я асабіста ў курсе ўсіх вашых палітычных праблем, я вельмі цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў Беларусі. У мяне ў Беларусі шмат сяброў дэмакратычных поглядаў. Гэта людзі творчыя, вельмі таленавітыя і разумныя. Таму мне неабыякавы лёс вашай краіны. Беларусы – вельмі адкрыты, шчыры, чульлівы, добразычлівы народ, у нас з вамі шмат агульнага.

Магчыма, гэта гучыць банальна, але свабода і дэмакратыя – вельмі важныя рэчы. Вам трэба пераймаць досьвед суседніх краінаў, якія 20 гадоў таму былі ў такім жа становішчы, але пайшлі іншым, дэмакратычным шляхам і цяпер уваходзяць у Эўразьвяз, пасьпяхова разьвіваюцца. У вас ёсьць магчымасьць не паўтараць чужыя памылкі і знаходзіць правільныя рашэньні. І я шчыра жадаю беларусам як мага хутчэй выйсьці са складанай палітычнай і эканамічнай сытуацыі.

Мне 40 гадоў. Я нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў ў Рыме і стараюся рабіць многае для свайго роднага гораду. Цяпер сытуацыя ў Італіі ня самая спрыяльная, у краіне сур’ёзны фінансава-эканамічны і палітычны крызіс. І выправіцца гэта ў найлепшым выпадку гадоў праз 20. Я нават думаў зьехаць з Італіі. Мы працуем з усім сьветам. І, магчыма, якая-небудзь краіна можа стаць маім новым домам”.