Быць беларусам – погляд збоку: Джон Кунстадтэр

Джон Кунстадтэр, амэрыканскі дыплямат у адстаўцы. Сярод іншых краінаў працаваў у Беларусі ў якасьці намесьніка амбасадара ў 2000–2001.

– Менск для мяне цяпер транзітны горад, я прыяжджаю і адразу кіруюся на Заходняе Палесьсе. Я не люблю словы “вёска”, “правінцыя”, “пэрыфэрыя”. Я занураюся ў сьвет годных, глыбокіх людзей. Я вельмі люблю Століншчыну. Мне падаецца, там дагэтуль сем’ямі кіруюць бабулі. Дзевяностагадовая кабета працуе так, як часам ня могуць значна маладзейшыя за яе. Пры гэтым ейная чалавечая глыбіня, ейныя веды маюць аўтарытэт у сям’і.

На Палесьсі людзі вельмі працавітыя і незалежныя ад абставінаў. Яны самастойныя. (Яшчэ з 1970-х на Берасьцейшыне мноства людзей не залежыць ад дзяржавы ў эканамічным пляне: парнікі на ўласных падворках даюць магчымасьць зарабіць часам болей, чым у буйным горадзе. – Рэд).

Мяне вельмі цікавяць сьвяты і абрады Палесься. Але ня тыя, што дэманструюць на сцэне, а тыя, што сапраўды жывуць у сем’ях. Для мяне гэта не экзотыка, як часам нават для саміх беларусаў зь Менску, напрыклад. Я адчуваю сапраўднасьць жыцьця. І адчуваю, што мяне ўспрымаюць не як экзотыку, а як чалавека. Я не выкарыстоўваю тэлеаб’ектываў, не здымаю з засады.

Калі я толькі прыехаў у Беларусь, мне як фатографу вельмі спадабалася сьвятло вашай краіны. Такое паўночнае, некантраснае. Яно дазваляе здымаць з паўадценьнямі. Апроч Берасьцейшчыны я здымаў на Віцебшчыне і Гарадзеншчыне. Але часьцей за ўсё бываю на Століншыне. З гэтым краем мяне пазнаёміў фатограф Дзяніс Раманюк.

Я жыву ў Беларусі тры месяцы на год – роўна столькі, колькі дазваляе мая віза. Гэта дзесьці восем-дзесяць візытаў. Вось цяпер вярнуўся з прэзэнтацыі маёй выставы на Берасьцейшыне.