Быць беларусам – погляд збоку: Джымі Нэльсан

Джымі Нэльсан, Лібэрыя — Менск, папулярны дыджэй, шоўмэн. Родам зь Лібэрыі

У 1989 годзе ён прыехаў у Беларусь вучыцца. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ і факультэт францускай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Мае статус уцекача. Працаваў на Радыё Рокс, дыджэем у клюбе “Рэактар”, вёў дзіцячую праграму “Тэлебом”. Мае жонку-беларуску і двухгадовую дачку.

“Я 16 гадоў пражыў у Лібэрыі. Пра Беларусь наагул нічога ня чуў, ведаў толькі, што ёсьць Савецкі Саюз. У 1989 годзе мяне разам з 24 лібэрыйцамі паслалі вучыцца ў Маскву, але была ўжо сярэдзіна верасьня, і на журфаку Маскоўскага ўнівэрсытэту не было месцаў. Мяне накіравалі ў Менск. Першыя ўражаньні былі даволі змрочныя: пачатак 1990-х быў не найлепшым часам: татальны дэфіцыт, нават прадукты, тытунь і алькаголь прадаваліся па талёнах… З таго часу краіна значна зьмянілася.

 

У 1992 годзе ў Лібэрыі пачалася грамадзянская вайна, і я вырашыў застацца жыць у Беларусі. Дарэчы, статус уцекача мне дапамог атрымаць кіраўнік “Сяброў” Анатоль Ярмоленка. Я ніколі ня думаў, што стану музыкам, хаця ў дзяцінстве сьпяваў песьні Майкла Джэксана.

Зь “Сябрамі” я выконваў беларускія песьні, стаў першым цемнаскурым на беларускай эстрадзе. Я сапраўды лічу, што беларускія дзяўчаты самыя прыгожыя, як у той песьні, што я сьпяваў: “Хто адзін раз іх пабачыць, будзе вечна закаханы”. Я, дарэчы, і закахаўся ў беларуску. Мая жонка журналістка. Нашай дачцэ Тыяне хутка споўніцца 2 гады.

 

Я лічу сябе патрыётам Беларусі. П’ю беларускае піва, люблю беларускую кухню, асабліва галубцы. Мне вельмі падабаецца беларуская прырода. З задавальненьнем працую на лецішчы. У мяне ёсьць 8 сотак зямлі пад Менскам і домік. На маім лецішчы расьце літаральна ўсё, садавіну-гародніну назапашваю на зіму. Сёлета быў багаты ўраджай гуркоў. Толькі бульбу там не вырошчваю, я яе не люблю. А вось так званы батат, салодкая бульба, расьце.

 

Што зьдзіўляе мяне ў беларусах? Тое, што людзі амаль не ўсьміхаюцца. Гэта шакавала мяне, калі я толькі прыехаў, працягвае зьдзіўляць і цяпер. У Лібэрыі ўсе вітаюцца адно з адным, нават калі не знаёмыя, усьміхаюцца і кажуць “прывітаньне”. А тут людзі з суворымі тварамі, засяроджаныя на сваіх праблемах. Калі я вітаў людзей на вуліцах, на мяне глядзелі як на

вар’ята.

 

Зьдзіўляюць часам пытаньні быццам бы адукаваных людзей пра Афрыку, да прыкладу, ці ёсьць там высокія будынкі. Няўжо яны насамрэч думаюць, што афрыканскі кантынэнт дагэтуль вялікія джунглі?

 

Ніяк не магу прызвычаіцца да праяваў расізму з боку беларусаў. У 1990-х у мяне было некалькі канфліктаў са скінхэдамі, даводзілася і біцца… Дый цяпер я не магу проста шпацыраваць, гуляць па горадзе: многія дагэтуль дзіўна глядзяць на мяне, паказваюць пальцам. Для мяне гэта дзіўна у Лібэрыі шмат людзей з розных краінаў сьвету, з розным колерам скуры, але ніхто зь іх не сьмяецца, што яны белыя ці жоўтыя…

 

Нядаўна вёў карпаратыўную вечарынку, дык адна жанчына адкрытым тэкстам казала, што яна расістка і ў яе нянавісьць да чарнамазых. Прычым калі раней на мяне, так бы мовіць, проста ўтаропліваліся, то цяпер часьцяком выказваюцца ў твар. Гэта вельмі бянтэжыць, не магу прызвычаіцца…

 

Я вельмі хачу паехаць на радзіму, але мае родныя кажуць, што яшчэ ня час… Натуральна, я ўважліва сачу за тым, што там адбываецца. За апошнія два дзесяцігодзьдзі Лібэрыя перажыла дзьве грамадзянскія вайны. У 2005 годзе ў нас адбыліся першыя пасьля войнаў выбары, і прэзыдэнтам стала Элен Джонсан-Сэрліф. Дарэчы, гэта першая жанчына-прэзыдэнт на

афрыканскім кантынэнце. 9 кастрычніка 2011 яна балятавалася на другі тэрмін і зь перавагай выйшла ў другі тур, які адбудзецца ў лістападзе. А нядаўна Элен Джонсан-Сэрліф атрымала Нобэлеўскую прэмію, бо стала першым дэмакратычна абраным лідэрам Лібэрыі. Я вельмі хачу паехаць на радзіму, але мае родныя кажуць, што яшчэ ня час…

 

Я спадзяюся, што і ў Беларусі хутка адбудуцца сапраўды дэмакратычныя выбары. Я жадаю, каб краіна хутчэй выйшла зь няпростага эканамічнага становішча. Я зацікаўлены ў гэтым – я ж жыву ў Беларусі, тут мая сям’я і тут мой другі дом”.