Быць беларусам – погляд збоку: Кірыл Жыватоўскі

Кірыл Жыватоўскі (Кирило Животовський) – эксперт па пытаннях доступу да інфармацыі. Каардынатар кампаніі “Еўропа для Украіны”, юрыст, журналіст.

— Калі ты ўпершыню сутыкнуўся з Беларуссю/беларусамі?

— У 2006 годзе. Арганізацыя, у якой я працаваў, ладзіла навучальны семінар для беларускіх журналістаў. Было вельмі прыемна паглядзець на жыццё і правілы іншых журналістаў, не ўкраінскіх.

— Чаму/як зацікавіўся Беларуссю?

Пасля ўдзелу ў гэтым семінары засталіся добрыя і сяброўскія стасункі з некаторымі ўдзельнікамі. Так разам мы перажылі ўсё, што было з 2006 года, – крызіс ды іншае. Супрацоўнічалі. Такім чынам пра Беларусь я даведаўся болей, але меркаванне пра людзей добрае.

— Што найбольш вабіць/цікавіць? Напрыклад, звязанае з прафесійнай дзейнасцю ці з пэўнымі нязвыклымі для тваёй краіны з’явамі ці людзьмі, з эмоцыямі, вобразамі?

Мне здаецца, што беларусы – нашыя браты, як і расійцы і іншыя постсавецкія сябры. Цікавіць супрацоўніцтва і магчымасць вандраваць. Хочацца, каб мы жылі гэтак жа добра, як беларусы, каб у нас былі такія ж дарогі. Хачу пабываць на трактарным заводзе, аднак не думаю, што гэтая мара ажыццявіцца. Хочацца паболей пакаштаваць страваў вашай кухні.

— У гэтым праекце важна, каб беларусы зірнулі на сябе збоку, праз погляд іншаземцаў заўважылі штосьці, на што самі не звяртаюць увагі. Такім чынам, можа, назавеш нейкія адметныя рысы беларусаў? Псіхалагічныя, ментальныя, сацыяльныя?

Мне здаецца, вы крыху баязліўцы і па тэмпераменце бліжэйшыя да балтаў. Гэта можа гучаць жорстка, але ад стасункаў з беларускімі журналістамі ў мяне засталося менавіта такое ўражанне. Людзі недастаткова ўпэўненыя ў сабе, хутчэй за ўсё гэта рэтранслюецца на ўсё грамадства. Але ведаючы вашае становішча, скажу, што вы засталіся ў 90-х, асабліва ў плане свабоды. Вы можаце быць найлепшай краінай, трэба проста змяніць самаадчуванне і пачаць перамены з сябе.

— Што выклікае здзіўленне (ці нават шок) у Беларусі, а што, наадварот, вабіць? Можа, штосьці, чаго няма ў тваёй краіне?

Па-мойму, пытанне падведзенае да палітычных рэпрэсіяў, якія адбываюцца ў вас. Нам украінцам, зрэшты, таксама няма чым хваліцца: арыштаваны былы прэм’ер, некаторыя міністры. Але ў нас пакуль не кранаюць простых людзей за выказванне іх перакананняў. У астатнім жа я хачу аднойчы здзівіцца пераменам у вашай палітыцы і грамадстве. Мне шкада, што ў вас такія эканамічныя складанасці, але гэта праз непразрыстасць кіроўных працэсаў.

— У якую Беларусь хочацца вяртацца цяпер і захочацца ў будучыні?

У Беларусь, якая будзе чальцом Еўрасаюза. Бульбяным сэрцам Еўропы  !