Быць беларусам – погляд збоку: Крысьціян Грэлюа

Крысьціян Грэлюа, Мантэск’ё-Бардо, Францыя, прафэсар унівэрсытэту

Я рэгулярна бываю ў Беларусі ўжо больш за 15 гадоў. І асабіста для мяне яна адназначна эўрапейская краіна. Яе культура базуецца на эўрапейскіх традыцыях, яе гісторыя цесна пераплеценая з гісторыяй іншых эўрапейскіх краін, яе людзі – па сутнасці сваёй эўрапейцы. І я лічу, што ў будучыні яна мае пэрспэктывы вельмі арганічна ўліцца ў сучасныя эўрапейскія працэсы.

Таму адна з рэчаў, якія мяне больш за ўсе зьдзіўляюць у Беларусі і беларусах, – гэта стаўленьне да Эўропы і вызначэньне свайго месца адносна яе.

Палова беларусаў чамусьці адносіць сябе не да эўрапейскай цывілізацыі, а да ўсходняй. Я маю на ўвазе Расію. Так, на маю думку, Расію сапраўды можна лічыць у нейкім сэнсе асобнай цывілізацыяй.

Расія лічыць сябе адным з цэнтраў сусьвету. Калі я быў у Маскве на Краснай плошчы і хадзіў па ўсіх гэтых музэях, я гэта дакладна зразумеў.

Гэтая “расійская” цывілізацыя вельмі адрозьніваецца ад эўрапейскай і намагаецца нават супрацьстаяць ёй.

І вось, прыяжджаючы ў Беларусь, я бачу, што прыкладна палова вашых людзей адносіць сябе менавіта да яе. А другая палова беларусаў асацыюе сябе і сваю краіну з эўрапейскай цывілізацыяй. І гэтая розьніца адбіваецца на культуры, на паводзінах людзей, на іх меркаваньнях на той ці іншы конт. Гэта для мяне вельмі дзіўна.

Але я ўпэўнены, што гэтая раздвоенасьць ня можа трываць доўга. Беларусам давядзецца адказаць на гэтае пытанне, вызначыць, хто ж яны ўсё ж такія. І ад гэтага адказу для вас будзе шмат чаго залежаць.