Онджэй Соўкуп (Ondřej Soukup), журналіст і аналітык, займаецца краінамі былога СССР. Працуе ў папулярнай чэшскай штодзённай газеце “Господаржске новіны” (“Hospodářské noviny”).
— Першы раз я прыехаў у Беларусь у 1999 у межах азнаямляльнага туру для журналістаў і спецыялістаў. Да таго я пра Беларусь фактычна нічога не ведаў, толькі крыху чытаў у расійскіх газетах, дзе, як высветлілася, пра сітуацыю ў краіне ведалі мала і глядзелі на яе, натуральна, праз уласную прызму.
Што мяне больш за ўсё здзівіла. Жудасная статуя са старым і памерлай дзяўчынкай у яго на руках у музеі Азгура. Выдатныя дранікі ў “бульбянай” на праспекце Францішка Скарыны. Будынак КДБ і Чырвоны касцёл. Помнік афганцам і крыжы ў Курапатах.
Але больш за ўсё мяне тады ўзрушыла сітуацыя з беларускай мовай. Я па адукацыі гісторык, і ў свой час шмат займаўся нацыянальнымі рухамі ў Еўропе. Гэта нядзіўна, бо чэхі і чэшская мова ў 18 ст. таксама былі на мяжы знікнення. Па-чэшску гаварылі толькі на вёсках, а на актывістаў нацыянальнага руху глядзелі са здзівам. Нягледзячы на цудоўнае веданне нямецкай мовы, яны ўпарта спрабавалі гаварыць на нейкай дзіўнай вясковай гаворцы. Вам сітуацыя не падаецца знаёмай?
У Прагу я вярнуўся цалкам зачараваны. Аналогіі з сітуацыяй чэшскага грамадства першай паловы 19 ст. проста білі ў вочы. “Я бачыў нашага Крамерыюса жыўцом” (Мацей Вацлаў Крамерыюс — чэшскі асветнік і выдавец канца 18 ст. — рэд.), — сказаў я свайму калегу, праводзячы аналогіі паміж даўнім распаўсюднікам чэшскіх кніжак і Андрусём, які развозіў па рэгіёнах беларускія кніжкі і касеты з беларускімі гуртамі. Да болю былі знаёмыя мне і спрэчкі пра тое, ці варта траціць сілы на вывучэнне мовы, на якой гаворыць не больш за траціну насельніцтва. “Можа, лепш пісаць па-нямецку, каб нашыя ідэі дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці маглі дайсці да ўсіх і каб атрымаць падтрымку нямецкіх лібералаў?” — пыталіся ў 19 ст. Нічога не нагадвае?
Натуральна, я вырашыў вучыць беларускую мову і нясціпла скажу, што пэўнага ўзроўню дасягнуў. Спачатку быў перыяд interslawisch, калі я гаварыў на дзіўнаватай сумесі польскай, рускай, славацкай і чэшскай моваў. Але з часам і практыкай я нарэшце магу больш-менш нармальна размаўляць па-беларуску. З пісьмовай мовай справы крыху горшыя, але нічога. Калі-небудзь і гэта наладзіцца.
З часу свайго першага візіту я бываў у Беларусі шмат разоў. Пазнаёміўся і пасябраваў з вялікай колькасцю цудоўных людзей. І варта адзначыць, што мне ў якасці журналіста часам бывае цяжка захоўваць аб’ектыўнасць, неабходную для маёй прафесіі. Некаторыя навіны мяне засмучаюць, некаторыя радуюць.
Мне застаецца толькі спадзявацца, што ў будучыні сумных навінаў будзе меней. Вяртаючыся да аналогіі з чэшскім нацыянальным рухам (пры ўсіх зразумелых агаворках пры параўнанні дзвюх эпох), я ўсё-ткі застаюся аптымістам. Сучасны свет нашмат больш хуткі і ўзаемазвязаны, чым 150 гадоў таму. Калі б у другой палове 19 ст. журналісту Карэлу Каўлічку Бароўскаму сказалі, што ў незалежнай дэмакратычнай Чэхіі ягоныя артыкулы і вершы будуць у школьных падручніках, то ён бы, напэўна, моцна здзівіўся. Я больш чым упэўнены, што ягоным цяперашнім калегам застаецца чакаць нашмат меней.